Працягваюцца перамовы аб умовах змены тарыфу на транспарціроўку расійскай нафты па беларускай тэрыторыі ў краіны Еўропы, паведамілі БелаПАН у Міністэрстве эканомікі Беларусі.

Падрабязнасці перамоўнага працэсу, які Расія і Беларусь вядуць са снежня мінулага года, не раскрываюцца. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, беларускі бок настойвае на 20-працэнтным павелічэнні дзейнай тарыфнай стаўкі.

Апошнім разам тарыф на транзіт расійскай нафты па тэрыторыі Беларусі павышаўся 1 лютага 2011 года на 12,5%. Тарыф транзіту па напрамку Унеча (Высокае) — Адамова Застава складае 165,52 расійскага рубля за тону нафты; Унеча (Высокае) — Броды — 71,09; Невель (Высокія Лукі) — Полацк — Высокае — 20,62.

Згодна з беларуска-расійскімі дамоўленасцямі, любая змена тарыфаў на транзіт нафты павінна быць эканамічна абгрунтаваная. Свае планы па павелічэнні кошту транзіту ў Мінску тлумачаць зменамі ўмоў па перапампоўванні нафты, якія, у сваю чаргу, сталі вынікам падаражання энерганосьбітаў.

Аналітыкі не выключаюць узнікнення спрэчак па гэтым пытанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?