Анамальна цёплая і бясснежная зіма тоіць у сабе небяспеку для пладовых дрэваў і кветнікаў. Пакуль не прыйшлі моцныя маразы, асабліва турбавацца не трэба, супакойваюць адмыслоўцы. Аднак, гэтым часовым зацішшам варта скарыстацца, каб абараніць свой сад ад магчымага вяртання сапраўднай зімы.
Ствалы і асноўныя галіны дрэваў варта ўцяпліць.Для гэтага можна выкарыстаць яловыя галінкі, што дадаткова гарантуе абарону ад зайцоў.
Адсутнасць снегу і
нетыповыя для гэтай пары года тэмпературы могуць збіць з панталыку кветкі.Калі вы з восені не ўцяплілі вашы ружы, касачы ці цюльпаны, самы час гэта зрабіць цяпер. Для гэтага падыдзе салома, пілавінне. Тое самае датычыць і садовых суніц.
Магчыма,
хтосьці захоча скарыстацца з вясновага надвор’я і пабяліць ствалы дрэваў. Устрымайцеся, пакуль не час.Гэта робіцца для знішчэння шкоднікаў, што зімуюць у кары і ў зямлі побач са ствалом, а таксама дзеля абароны ствалоў дрэваў ад сонечных апёкаў напрадвесні.
Пабелкай варта заняцца пры канцы лютага — у пачатку сакавіка,то бок з надыходам першых істотных тэмпературных кантрастаў, калі разагрэтыя за дзень ствалы могуць патрэскацца ад начных маразоў.