Разумныя тэлефоны (смартфоны) здабываюць усё большую папулярнасць сярод беларусаў, перадусім праз сваю даступнасць.

Б/у-смартфон з аперацыйнай сістэмай Android ужо можна набыць менш, чым за $100.
Шмат прапаноў з растэрміноўкай маюць і мабільныя аператары. Калі заключыць з імі дамову, давядзецца плаціць каля 100 тысяч рублёў штомесяц на працягу паўтара гадоў.
Агульная колькасць праграм, якія можна запампаваць сабе на смартфон з аперацыйнай сістэмай Android, ужо перавысіла 400 тысяч.
З іх ёсць і некалькі дзясяткаў, распрацаваных для беларускіх рэаліяў. Амаль усе яны арыентаваныя на Мінск, але выкарыстанне некаторых з іх можа зрабіць жыццё больш камфортным і для жыхароў іншых населеных пунктаў.
«Наша Ніва» прадстаўляе ТОП-7 бясплатных праграм з Android Market, карысных для беларусаў.

Беларусь. Навіны

Беларусь. Навіны

Баланс. BY

Баланс. BY

TransPot

TransPot

Тэсты па правілах дарожнага руху

Тэсты па правілах дарожнага руху

РБ Інформер

РБ Інформер

Карысныя тэлефоны Мінска

Карысныя тэлефоны Мінска

Radio of Belarus

Radio of Belarus

1. Беларусь. Навіны https://market.android.com/details?id=com.daingo.news.belarus

Хуткі доступ да 15 самых папулярных навінных рэсурсаў. Сярод іх «Наша Ніва», «Хартыя’97», «Беларускі партызан»… Ёсць і некалькі расійскіх парталаў. Праграма даволі простая, фактычна гэта набор спасылак, якія выводзяць карыстальніка на запытаныя сайты.

2. Баланс.BY https://market.android.com/details?id=com.vladyud.balance

Праграма для кантролю свах рахункаў у рэжыме анлайн. Можна правяраць свой баланс ва ўсіх чатырох аператараў, а таксама ў большасці інтэрнэт-правайдэраў. Напрыклад, у Byfly, CosmosTV, ADSL.by і іншых. Для падключэння патрэбны наладжаны інтэрнэт-памочнік на сайце кожнага з аператараў.Бясплатная версія праграмы працуе з 7 акаунтамі — хопіць нават на вялікую сям’ю.

3. TransPot https://market.android.com/details?id=com.transpot

Найлепшая праграма з раскладам сталічнага грамадскага транспарта. Калі ўвесці назву прыпынку, можна атрымаць спіс усіх маршрутаў, якія спыняюцца на ім, а таксама час іх прыезду. Існуе і ўбудаваная Google-мапа з нанесенымі прыпынкамі, і нават расклад руху метро. А вось пра маршрутныя таксі інфармацыі няма, гэта хіба што адзіны мінус праграмы.

4. Правілы дарожнага руху https://market.android.com/details?id=by.pdd.rules і Тэсты па правілах дарожнага руху https://market.android.com/details?id=by.pdd.tasks.test

Набор з дзвюх праграм, якія не даюць не забыцца на свае правы за стырном. Гэта інтэрактыўныя правілы дарожнага руху і тэст на іх веданне, такі самы, які здаецца ў аўташколах. Распрацоўшчык праграм — ПВУП «Новы паварот» — узгадняе свае пытанні з ДАІ, таму ў іх адпаведнасці правілам можна не сумнявацца.

5. Курсы валют

Якасных праграмаў для прагляду сітуацыі на валютным рынку таксама дзве. Калі патрэбны афіцыйны курс Нацбанка, варта ўсталёўваць «РБ Інформер» https://market.android.com/details?id=com.undejavue.android.widget. NBRBwdg. У дадатак у ім можна знайсці курс расійскага Цэнтрабанка і кошт паліва на запраўках. Калі ж цікавяць перадусім лічбы ў абменніках, лепш карыстацца праграмай «Курс валют у Беларусі і ў Мінску» https://market.android.com/details?id=com.app.ratesfinder. Яна мае мінімалістычны дызайн, але сваёй задачы дае рады. Вось толькі варта памятаць, што курс з сайта банка, які і бярэ праграма, не заўсёды актуальны.

6. Карысныя тэлефоны Мінска https://market.android.com/details?id=org.keyhell.muc

Тут усё проста. Даведнік, у якім сістэматызаваная безліч нумароў — ад аварыйных службаў да медыцынскіх паслугаў, дастаўкі ежы і таксі. Інфармацыя толькі па сталіцы.

7. Radio of Belarus https://market.android.com/details?id=info.belsmart.belradio

Як вынікае з назвы, гэта праграма для праслухоўвання радыё. У спісе 17 радыёстанцый, дзве траціны з якіх складаюць адгалінаванні інтэрнэтаўскага NetRadio. Астатняе — некалькі папсовых станцый папса і радыё TUT.by.

Праграма мае функцыю выпадковай радыёстанцыі пасля ўстрэсвання тэлефона. Многія карыстальнікі наракаюць, што праз гэта падчас прабежак слухаць канкрэтную музыку немагчыма — праграма пераскоквае са станцыі на станцыю.

У якасці дадатку прыводзіцца малапатрэбная інфармацыя пра адлегласць да геаграфічнага цэнтра Еўропы.

Як загрузіць праграмы?

Зайсці ў праграму «Маркет» у сябе на смартфоне і ўвесці ў пошук назву праграму са спасылкі. Напрыклад, для TransPot гэта «com.transpot» (частка спасылкі, якая ідзе пасля сімвалаў «id=«). Альбо спампаваць файлы з указаных спасылак сабе на камп’ютар, а пасля скапіраваць іх на смартфон і запусціць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?