Прадстаўнікі бізнес-супольнасці просяць урад перагледзець рашэнне пра трохразовае павышэнне з 1 красавіка базавай велічыні з 35 да 100 тысяч. Просьба ўтрымліваецца ў лісце, які накіравалі на імя прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва і Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працаўцаў.

Як адзначаецца ў лісце,

«рашэнне было прынята без дастатковага эканамічнага абгрунтавання, без кансультацый з дзелавой супольнасцю (асацыяцыямі, саюзамі), што супярэчыць пункту 9.4 дырэктывы № 4».

Паводле меркавання прадстаўнікоў дзелавых колаў, трохразовае павышэнне базавай стаўкі «адмоўна адаб’ецца не толькі на прадпрымальніках, але і на ўсім насельніцтве ў цэлым, паколькі памер базавай велічыні фігуруе ў дзясятках нарматыўных актаў». Так, напрыклад, трохразовае павелічэнне стаўкі базавай велічыні аўтаматычна прывядзе да росту ў тры разы кошту арэнднай платы, паколькі арэндныя плацяжы прывязаныя да базавай. Гэта, у сваю чаргу, аўтаматычна пацягне за сабой павелічэнне кошту тавараў і паслуг, паколькі выдаткі лягуць на сабекошт.

«Але нават у гэтым выпадку,

паводле разлікаў нашых экспертаў, для большасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў арэндная плата стане непасільным цяжарам», — канстатуюць аўтары ліста.

Акрамя таго, адзначаюць яны, павелічэнне стаўкі базавай велічыні прывядзе да росту штрафных санкцый, большасць якіх вылічаецца ў базавых велічынях. Яны «і без таго спусташальныя, паколькі ніякімі эканамічнымі разлікамі не абгрунтаваныя, пра што шмат гадоў гавораць усе бізнес-саюзы», падкрэсліваюць прадстаўнікі бізнес-супольнасці.

Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва і Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў просяць урад перагледзець пастанову № 1785 ад 30 снежня 2011 года «Аб устанаўленні памеру базавай велічыні». «Паводле нашага меркавання, улічваючы, што памер базавай велічыні не змяняўся з 2007 года, лічым магчымым і абгрунтаваным яго павелічэнне ў 2012 годзе да 50 тысяч рублёў», — гаворыцца ў лісце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?