Калі на клетцы з паўночным карэйцам напісана «бізнэсовец», вы хутчэй за ўсё не паверыце. І дарэмна. Менавіта з бізнэсоўцам з Паўночнай Карэі я размаўляў ў красавіку ў Сеуле. Спадар Кім меў у Паўночнай Карэі шахту і перабраўся на Поўдзень усяго каля года таму, і ўсё, што ён расказвае, — самая свежая інфармацыя.

Які журналіст не хоча пад выглядам турыста пабываць у Паўночнай Карэі! Аднак звычайна такі досвед зводзіцца да хуткай язды ў турыстычным аўтобусе. Уражанняў шмат, інфармацыі нуль. Паўночныя карэйцы па-ранейшаму не размаўляюць з замежнікамі ў сябе ў краіне. Каб пагаварыць з імі доўга, шчыра і грунтоўна, лепш ехаць у Паўднёвую Карэю, дзе ім ужо не страшна. Але і тут яны не будуць гаварыць адкрыта з першым сустрэчным. Мая размова адбылася дзякуючы вядомаму ўсходазнаўцу Андрэю Ланькову, які жыве ў Сеуле і карыстаецца даверам сярод выхадцаў з Поўначы.

З таго, што расказвае суразмоўца, відаць, што за жыццё і што за лад склаліся ў сучаснай Паўночнай Карэі і як усё гэта далёка ад нашых даволі схематычных уяўленняў.

З МУС у бізнэс

— Чаму і калі вы пачалі займацца прыватным бізнэсам?

— Большасць пачала, каб карміць сям’ю, калі нам перасталі атаварваць карткі. Я асабіста пачаў з прыватнай сталоўкі ў 2003-м. [У КНДР, у адрозненне ад іншых сацкраінаў, карткі ўводзіліся не ў цяжкія часы, а былі нормай многія дзесяцігоддзі, практычна ўсе прадукты і тавары размяркоўваліся па картках] .

— Значыць да 2003 г. усе ж такі можна было жыць па картках?

— Не, да гэтага часу ўжо асноўны прыбытак прыносіла жонка. Яна гандлявала на рынку ўжо з 1998 года таварамі паўсядзённага попыту — адзеннем, абуткам, тытунём, бялізнай, шкарпэткамі.

— Адкуль гэта ўсё?

— Усё кітайскае. Наш павет — прыгранічны з Кітаем, таму людзі прывозілі адтуль тавар.

— А адкуль вы ўзялі першапачатковы капітал, каб пачаць прыватны гандаль, з зарплаты?

— Ад сваякоў жонкі, якія жывуць у Кітаі. Яны прыязджалі да нас у горад, прывозілі тавары для продажу, пакідалі жонцы, яна такім чынам паволі назапашвала грошы і паступова разгортвала уласны бізнэс.

— Гэта быў легальны рынак?

— Так, цалкам легальны. Яны заўсёды былі, калі казаць пра сялянскія рынкі. Але

з 1994 года людзі пачалі гандляваць усім, пачаўся гіганцкі рост рынкавага гандлю, амаль усе купляюць цяпер там.

— Рэчы, якімі гандлявала ваша жонка, былі ў нейкім выглядзе ў дзяржаўных крамах?

— Зусім нічога гэтага не было і няма.

— Калі жонка пачала гандляваць, вы яшчэ працавалі ў дзяржструктуры. Дзе?

— У сістэме Міністэрства ўнутраных справаў, у мясцовым УУС.

— А чаму пакінулі дзяржпрацу і пачалі бізнэс?

— Нас пяць чалавек у сям’і, вельмі цяжка было жыць на афіцыйную зарплату, а займацца чымсьці яшчэ, не кідаючы афіцыйнай працы, было вельмі складана.

— Афіцыйная зарплата — гэта колькі?

— Прыкладна 3000 вон у месяц — гэта 2–3 даляры.

— А карткі ўсё-ткі давалі?

— Так, у сістэме МУС давалі. І на іх нават можна было нешта атрымаць.

На заводах, напрыклад, па картках даўно перасталі што-небудзь выдаваць яшчэ ў 90-я. А ва УУС — так, па меры паступлення з Кітая кукурузы і рысу выдавалі яго супрацоўнікам.

— Колькі?

— Стандартна.

700 грамаў збожжа на працаўніка, атрымлівалася каля 20 кг у месяц.

— Гэта значыць, па сутнасці сям’ю карміла жонка?

— Так, жонка. Трэба разумець, што ў нас у асноўным жанчыны займаюцца гандлем і першымі пачалі ў прыватным бізнэсе. Мужчыну, каб займацца бізнэсам, трэба неяк вырашыць пытанне з працай у дзяржсектары, таму што

афіцыйна да 60 гадоў ты не можаш звольніцца. Нават змяніць працу амаль немагчыма.
А жанчына мае права быць хатняй гаспадыняй.

— Як жа вы звольніліся з МУС?

— Нельга было афіцыйна звольніцца. Але я фармальна выйшаў у адстаўку па стане здароўя.

Я пайшоў да знаёмага доктара, даў яму грошай, і ён выдаў мне даведку аб хваробах, якія рабілі мяне непрыдатным да далейшай працы.

Услед за жанчынамі мужчыны таксама пачалі пераходзіць у прыватны сектар і вырашаць пытанне з афіцыйнай працай. Можна арганізаваць сабе хваробу. Калі хочаш вызваліцца ад працы па хваробе, трэба на працягу шасці месяцаў прыносіць дакумент ад доктара пра тое, што ты не можаш працаваць. Ён здабываецца з дапамогай грошай. Цяпер цана пытання 50–80 тысяч вон, калі яго вырашаць без усялякіх сувязяў, проста з кіраўніцтвам бальніцы. Але звычайныя працоўныя не могуць сабе такога дазволіць, — а ў іх і заводы не працуюць, і карткі не атаварваюцца, а на працу хадзіць яны абавязаныя, хоць там няма чаго рабіць. І яны проста дамаўляюцца з кіраўніцтвам завода пра суму — гэта можа быць 5, а то і 10 тыс. вон адначасова, ці плацяць нейкія грошы памесячна. І тады ты проста не ходзіш на працу, а зарабляеш у іншым месцы, у прыватным сектары.

Нараджэнне прыватнага грамадскага харчавання

— Вашым першых уласным бізнэсам была сталоўка. Як усё працавала, адкуль яна ўзялася, дзе яна знаходзілася, колькі там было сталоў, што давалі, каго кармілі?

— Выдатнае месца, недалёка ад гарадскога вакзала. У 1994 годзе абрынулася дзяржаўная эканоміка, і вельмі шмат дзяржпрадпрыемстваў і ўстановаў перасталі працаваць, зніклі. Засталіся пустыя будынкі. І для прыватніка стала магчыма дамовіцца з гарадской адміністрацыяй, заплаціць ёй і пачаць выкарыстоўваць гэтыя будынкі.

— І што за будынак быў у вас?

— Да 1994 г. там таксама была сталоўка, дзяржаўная. Яна перастала працаваць, бо не было прадуктаў. А месца вельмі добрае, блізка да вакзала, і быў вялікі паток кліентаў. У дзень — 200–300 чалавек.

— Хто ўсе гэтыя людзі?

— Звычайныя пасажыры, вандроўнікі, тыя, хто ездзіў праз горад або прыязджаў у горад. У нас канчатковая станцыя чыгункі, далей трэба выходзіць і дабірацца мясцовым транспартам, таму быў вялікі паток тых, хто перасядаў і ехаў у глыбінку.

— А чым кармілі?

— Мы арыентаваліся на таннае харчаванне. Давалі вараны рыс з саленнямі і прыправамі, розныя віды локшыны, спіртное.

— Адкуль прадукты?

— Усё з рынку, з камерцыйнага.

— Алкаголь мясцовы або кітайскі?

— Алкаголь — самагонка, якую гналі мясцовыя жыхары. Мы куплялі ў іх для продажу ў мясцовую самагонку. Незаконна, вядома, але ніякіх праблем не было.

Амаль 100% алкаголю, які цяпер п’е карэйскі народ, — гэта самагонка ад прыватных вытворцаў. У нас было некалькі пастаянных прыватных пастаўшчыкоў, яны пастаўлялі нам не толькі самагонку, але і свініну. Гэта дзве вытворчасці, якія тэхналагічна звязаныя. Адходамі злакаў, якія застаюцца пасля перагонкі спірту, кормяць свіней.

— Колькі ж каштавала паабедаць у вас?

— Каля 1500 вон.

— Калі дзяржаўная зарплата — 2000–3000 вон, гэта ж ад сілы на два абеды. Адкуль людзі бралі грошы на абед за 1500 вон?

— Ужо гадоў 15 у Паўночнай Карэі пра дзяржзаробак сур’ёзна ніхто не думае. Гэта простая фармальнасць.

— Гэта значыць,

большасць насельніцтва занятая ў прыватнай ценевай эканоміцы?

— Так, абсалютная большасць. Людзі кормяць сябе самі. Пасля 1994 года пра дзяржаўныя цэны і дзяржаўныя заробкі ніхто не думае.

— Вашая сталоўка працавала зусім адкрыта, з шыльдай? Заходзьце — частуйцеся? Або проста людзі ведалі, што тут кормяць і пояць?

— Адкрыта. Была старая шыльда, якая засталася ад дзяржаўнай сталоўкі. Мы яе нават не мянялі.

— Фармальна трымаць прыватную сталоўку па-ранейшаму забаронена ці не? Былі праблемы з уладамі?

— Я атрымаў дазвол, накшталт ліцэнзіі. Фактычна гэта дзяржліцэнзаванне прыватнай справы. Гэта стала магчыма з канца 90-х, дзесьці з 1997.

Вонкава сталоўка падпарадкаваная мясцовай адміністрацыі, а фактычна ёю займаецца прыватнік. Такая франшыза райвыканкама.

— Гэта значыць, партыйныя працаўнікі, паліцыянты, кадэбэшнікі заходзілі да вас спакойна, елі?

— Так, заходзілі.

— А трэба было вешаць партрэты вялікага правадыра і любімага кіраўніка ў прыватнай сталоўцы?

— Не. Іх і раней тут не было. Таму што яшчэ па старых правілах, 1972 года, у вытворчых памяшканнях, у цэхах партрэтаў не было. А сталоўка прыраўноўвалася да вытворчага памяшкання.

Гаспадар шахты

— А што вы задумалі пасля сталоўкі?

— Потым у мяне была шахта.

— Якім чынам цэлая шахта трапіла ў прыватныя рукі?

— Фармальна гэта была дзяржаўная шахта. Але мы яе як бы арандавалі. Яна падпарадкоўвалася 38 упраўленню ЦК Партыі, якое кіруе, сярод іншага, валютнай эканомікай. І там проста выдаюць людзям дазвол на занятак пэўным відам бізнэсу, які прыносіць валюту. У дзяржавы не было грошай на эксплуатацыю шахты, і яны шукалі прыватных інвестараў. Мы 60% прыбытку аддавалі дзяржаве, то бок гэтаму ўпраўленню, астатняе пакідалі сабе.

— Што шахта здабывала?

— Золата.

— На якім узроўні трэба было ўзгадняць арэнду шахты — на абласным, на раённым, у сталіцы?

— У Пхеньяне, на сур’ёзным узроўні, у 38-м упраўленні ЦК Партыі.

— Гэта значыць, трэба было ехаць у сталіцу да вышэйшых чыноўнікаў?

— Такога кшталту бізнэс могуць дазволіць толькі ў Пхеньяне. Я там на адны толькі хабары 2000 даляраў выдаткаваў, але адбіў іх за месяц, так што мела сэнс.

— Ездзіць у Пхеньян можна свабодна? Бо для выезду са свайго павета трэба дазвол.

— Калі ёсць грошы праплаціць дазвол, то можна. А калі няма грошай — ніяк.

— І хто ж плаціў зарплату рабочым?

— Я і плаціў.

— Колькі было работнікаў на шахце?

— 38 чалавек, у тым ліку тэхнікаў і інжынераў. Я сам іх выбіраў і наймаў. Я плаціў ім грашыма і прадуктамі: норма па картцы, да якой рабочыя прывыклі раней, у добрыя часы — 700 грамаў збожжа ў дзень. Я глядзеў цэны на рыс на рынку і акрамя зарплаты грашыма выдаваў грашовую кампенсацыю цаны 700 грамаў рысу ў дзень на рынку. Яны прыкладна па 30 тысяч вон у месяц у мяне атрымлівалі.

— Шахта стаяла да часу вашай арэнды?

— Шахта не працавала. Дакладней, яе наогул не было. Побач была старая шахта, мы пабудавалі новую. Там былі запасы золата, пра іх ведала дзяржава, але не было грошай, каб пачаць іх распрацоўку.

— Каму ж прадавалася золата?

— Я таемна прадаваў яго кітайскім дылерам за валюту. А дзяржава з гэтай выручкі атрымлівала 60%. У 38-м упраўленні прыблізна ведалі, колькі з гэтых залежаў з маімі магчымасцямі я магу здабыць, і ўяўлялі сабе суму, якую я ім павінен аддаць.

— Які быў аб’ём здабычы?

-10 грамаў чыстага золата ў дзень. Цэны прыкладна адпавядаюць сусветнаму рынку золата.

— Які прыкладна быў ваш прыбытак капіталіста?

— Пасля здачы 60% выручкі з пакінутых 40% трэба было заплаціць заробак, купіць расходныя матэрыялы і заплаціць хабар мясцовай адміністрацыі. Астатняе мне. Па паўночнакарэйскіх цэнах грам золата тады даваў 150 тысяч вон, чыстымі ў мяне заставалася 3–5 млн паўночнакарэйскіх вон у месяц. Гэта прыкладна 2000 даляраў. У нас — вялікія грошы.

— Каму і за што даводзілася плаціць хабар, калі бізнэс быў ліцэнзаваны аж на ўзроўні ЦК?

— Нам для вытворчасці патрабуюцца даволі небяспечныя хімікаты, для працы з імі існуюць жорсткія патрабаванні. Але ў нас не было магчымасцяў і абсталявання, каб працаваць з імі па ўсіх правілах, таму даводзілася плаціць, каб не звярталі ўвагі на тое, што мы парушаем тэхніку бяспекі і прыродаахоўныя правілы. Другая праблема — у мяне былі ліміты на выбухоўку для горных работ, але калі б мы працавалі па гэтых лімітах, мы б нічога не здабылі. Выбухоўкі трэба было больш, але паколькі гэта небяспечная рэч, даставаць яе каштавала вялікіх хабараў.

— Колькі гадоў вы былі арандатарам шахты?

— 4 гады, да ад’езду сюды.

Калегі

— Якія адносіны склаліся з ранейшымі калегамі па УУС пасля пераходу ў капіталісты?

— Адносіны падтрымліваліся. Яны дапамагалі, абаранялі мой бізнэс. Я з імі і цяпер, знаходзячыся на Поўдні, захоўваю адносіны.

— Якім чынам?

— Па тэлефоне.

Ва ўсіх кітайскія мабільнікі, падлучаныя да кітайскіх сетак. У нас горад прымежны, ловіць кітайскую сетку.
Тэлефаную, размаўляю. Па цане — як у Кітай патэлефанаваць.

— А тыя, хто жыве далей ад мяжы?

— Гэтым з мабільнікамі не пашанцавала. Але ў нашых месцах, я думаю,

любы супрацоўнік МУС мае мабільны тэлефон. Яны ўсе займаюцца кантрабандай з Кітая, а без мабільніка гэта немагчыма. Хоць фармальна яны забароненыя, вядома, але ва ўсіх там ёсць.

— Зразумела, сябры і калегі па УУС таксама не сядзелі на заробак у 2000 вон?

— Так, яны займаліся кантрабандай і карміліся з рынку. Таму што

ёсць мноства дзяржаўных правілаў, якія зрабілі б любы гандаль немагчымым. Таму яны проста атрымлівалі грошы за тое, што не заўважалі парушэнняў. Без парушэнняў гандляваць абсалютна немагчыма.
Правілаў занадта шмат, яны занадта складаныя.
Гэта ж не нейкія свядомыя рэформы. Урад ніколі не ўхваляў таго, што адбываецца, а вымушана трывае, каб людзі не галадалі.
Але і ўвесь час спрабуе стрымліваць. Напрыклад, спачатку быў спіс прадметаў, якія можна прадаваць на рынках. Быў закон, што можна прадаваць не больш за 10 адзінак адзення на адным прылаўку. У канцы 90-х — пачатку 2000-х выходзілі і цяпер перыядычна выходзяць інструкцыі аб тым, што можна прадаваць толькі тавары з гэтага спісу, ці пэўную колькасць адзінак тавару на аднаго гандляра. Напрыклад, час ад часу спускаюць указанне, каб адзін гандляр не прадаваў больш 20–30 кг зерня. Але гэта практычна ігнаруецца, абыходзіцца хабарамі, і пра гэта забываюць. Потым зноў прыходзяць інструкцыі.

Усе ўсё ведаюць

— Што пасля пераезду на Поўдзень здалося самым цяжкім або дзіўным?

— Пакрытыя лесам горы. У нас усе горы голыя. А так здзіўлення не было. Я глядзеў увесь час паўднёвакарэйскае ТБ у запісах, на дысках — серыялы, фільмы. То бок лад жыцця, узровень жыцця я добра сабе ўяўляў.

— Многія глядзяць паўднёвакарэйскае ТБ у запісе?

— Так, многія.

Ніхто свайго кіно не глядзіць увогуле. Толькі замежнае і паўднёвакарэйскае, якое на CD кантрабандай прывозяць з Кітая.
Яшчэ відэазапісы канцэртаў, відэакліпы. Але ў асноўным паўднёвакарэйскае кіно і серыялы.

— Колькі прыкладна сем’яў мае відэа?

— Па нашым горадзе, па маіх знаёмых мяркуючы — 75–80%.

— Гэта значыць, большасць ведае пра ўзровень жыцця ў Паўднёвай Карэі і пра розніцу з Поўначчу?

— Так, усе ведаюць. Ды і

ніхто не кажа афіцыйна, што Паўднёвая Карэя жыве горш за нас. Гэта раней казалі, што там змрок і галеча, а цяпер кажуць, што яны дзесьці жывуць і добра, але гэта эканоміка бурбалак, якая падтрымліваецца амерыканскімі ўліваннямі.

— Гэта не небяспечна, мець CD з паўднёвакарэйскай прадукцыяй?

— Можна да трох гадоў за гэта атрымаць. Але ўсё роўна глядзім. Таму што глядзяць і паліцыя, і дзяржбяспека, і партапарат — яшчэ больш, чым шараговыя грамадзяне.

— Каго-небудзь саджалі за гэта на вашай памяці?

— Быў выпадак, калі чацвёра выпускнікоў школы перайшлі кітайскую мяжу і прывезлі партыю ў 800 дыскаў. Яны іх прадавалі і яшчэ пачалі даваць глядзець напракат. Іх арыштавалі. Але яны ўсе былі дзеці мясцовых чыноўнікаў, і паколькі бацькі пахадайнічалі, абышлося лёгка: ім за гэтую аперацыю далі па 6 месяцаў адміністрацыйнай турмы. Замяць было немагчыма, нягледзячы на сувязі, таму што 800 дыскаў — гэта вялікая партыя.

— А кампутары?

— У 20–30% сем’яў у гарадах. Раней была забарона на ўвоз паўднёвакарэйскай прадукцыі, але цяпер можна нават не адрываць этыкеткі. Але інтэрнэту вядома, няма.

Тыя, хто не выязджаў з краіны, у вочы яго не бачыў.

Партыйны капіталіст

— Вы член партыі?

— Так, вядома. Як жа без гэтага.

— Займаючыся прыватным бізнэсам, вы як член партыі павінны былі ўдзельнічаць у партыйнай дзейнасці: хадзіць на сходы, на палітасвету?

— Я лічыўся тым, хто знаходзіцца ў камандзіроўцы па лініі ЦК, таму не ўдзельнічаў ні ў сходах, ні ў палітасвеце. Раз у месяц я звязваўся з райкамам, паведамляў: маўляў, гару на працы.

— Бізнэс сапраўды нашмат зручней рабіць, калі маеш дачыненне да партыі, дзяржбяспекі?

— Само сабой. Самыя паспяховыя людзі — гэта тыя, хто меў сувязі з Кітаем ці з дзяржаўнымі замежнагандлёвымі аперацыямі. Я ведаю двух-трох чалавек, якія сабралі грошы і закупляюць вялікую частку вугалю, які здабываецца на адной з шахтаў пад Пхеньянам, потым вязуць яго ў правінцыю і прадаюць у розніцу. Гэта вялікі бізнэс.

— Каму яны плацяць? Дырэктару шахты?

— Так. Частка гэтых грошай цалкам легальная — яны ідуць у бюджэт, а частка — у кішэню дырэктара. Але з іншага боку, тое, што ідзе ў кішэню, дырэктар выдаткоўвае не толькі на сябе, таму што ён не атрымлівае ад дзяржавы неабходных расходных матэрыялаў, абсталявання. І частка іх выкарыстоўваецца дырэктарам, каб шахта працягвала працаваць.

— Дырэктары заводаў не ператвараюцца ў бізнэсоўцаў?

— Ператвараюцца. Напрыклад, завод дзе вырабляюць абутак, — у дырэктара проста больш магчымасцяў красці частку прадукцыі і прадаваць яе на рынку. Прадстаўнікі руднікоў трошкі зарабляюць на продажы часткі прадукцыі ў Кітай.

Настаўнікі на самазабеспячэнні

— Што робяць бюджэтнікі: дактары, настаўнікі?..

— Пра дактароў мы гаварылі. Настаўніцы гандляваць амаль не могуць. Бацькі вучняў іх падтрымліваюць звычайна. Часам яны самі вымагаюць, часам бацькі па сваёй ініцыятыве нешта даюць.

— А ў ВНУ?

— Тое ж самае прыкладна. Хабар студэнты даюць за паступленне, за сесіі. У мяне пляменніца вучыцца на Пхеньянскіх курсах замежных моваў.

Паўтары тысячы даляраў абышлося мне паступленне. Я даў паўтары, і паступіла. А мой знаёмы даў 1300, і яго дзіця не паступіла. Паступленне ў галоўны ўніверсітэт краіны — Універсітэт Кім Ір Сена — каштуе 5–6 тысяч даляраў.

Росквіт стыхійнага капіталізму

— Ёсць наогул людзі, якія працуюць толькі за дзяржаўную зарплату?

— Практычна няма. Сёння раніцай я тэлефанаваў дадому,

цана кілаграма рысу — 1800 вон. Нават 2 кг рысу не купіш на месячную зарплату.
Старая дзяржаўная эканоміка ў Паўночнай Карэі абрынулася. Няма яе. Працуе толькі стыхійная прыватная эканоміка вакол рынкаў.

— Што з буйнымі заводамі адбылося? З хіміяй, з металургіяй?

— Яны практычна стаяць. Калі мы возьмем узровень вытворчасці ў пачатку 90-х за 100%, цяпер яны працуюць прыкладна на 30% магутнасці. Напрыклад,

у нас у горадзе на шахтах былі «БелАЗы» — 300 «БелАЗаў». Цяпер працуюць 50.

— Гэты руднік дзяржаўны па-ранейшаму?

— Так. Паводле паўночнакарэйскай класіфікацыі тутэйшы руднік — прадпрыемства асаблівага ўзроўню, першай катэгорыі. Там больш за 10 тысяч работнікаў. Ваенныя заводы таксама рэзка знізілі вытворчасць. Працуюць толькі самыя важныя.

— Калі параўнаць 80-я гады, калі была толькі дзяржаўная эканоміка, і 2000-я, калі развіліся прыватная гандаль і эканоміка, людзі сталі жыць, харчавацца, апранацца лепш ці горш?

— Лепш. Калі казаць не пра 90-я, а пра 2000-я, то лепш. Сярэдзіна і другая палова 90-х былі вельмі цяжкімі. А потым ужо, у самым канцы 90-х, пачалося паляпшэнне. У 80-я ўсё будавалася вакол картак. А ў 90-я карткі ператварыліся ў паперкі, пачаўся голад. Але людзі пачалі шукаць магчымасці. Хтосьці пачаў расчышчаць прыватныя палі ў гарах, хтосьці — нешта вырабляць, іншыя — гандляваць, і паволі жыццё пачало паляпшацца.

І цяпер гэта прыкметна. У 80-я па картках давалі 700 грамаў збожжа ў дзень, з якіх 60% — рысам, 40% — кукурузай, (нам, сілавікам, і партапарату — 100% рысам), абутак, вугаль для ацяплення. Недастаткова, але сёе-тое давалі. А цяпер, калі ў цябе ёсць грошы, — ідзеш і купляеш. Напрыклад,

у 80-я простыя людзі практычна не маглі дазволіць сабе скураны абутак. Яго не выдавалі, купіць не было дзе і не было на што. Усе хадзілі ў крамным абутку. А цяпер цалкам звычайная справа, калі просты, небагаты чалавек носіць скураны абутак. Гадзіннік быў прэстыжным прадметам, лесарубы з Расіі прывозілі «Усход», «Світанак». Гэта былі вельмі прэстыжныя рэчы. А цяпер так, нічога асаблівага — ну, гадзіннік і гадзіннік.

— Якія яшчэ прыватныя прадпрыемства ёсць ў вашым горадзе?

— Оптавы гандаль, гандаль на рынку, у нашым раёне дома робяць абутак і шыны для ровараў. Цырульні ёсць прыватныя, аптэкі, масаж. Хоць цырульні фармальна забароненыя, з імі шмат клопатаў. Затое прыватныя лазні — калі ласка. Прыватныя запраўкі, неафіцыйныя, вядома. Проста ёсць людзі, якія прадаюць завезены з Кітая кантрабандай бензін, разліваюць з бочак у сябе дома. Будаўніцтва, аўтаперавозкі.

— Займацца бізнэсам у Паўночнай Карэі робіцца прасцей ці цяжэй?

— Я думаю, што ў цэлым прасцей. Інфраструктура, напрыклад, палепшылася. Раней, каб паслаць тавар праз краіну, быў адзіны спосаб — цягнік. Але з электрычнасцю былі гіганцкія перабоі ў канцы 90-х, цягнікі спыняліся і стаялі цэлымі днямі. У выніку груз перасякаў краіну — некалькі сотняў кіламетраў — прыкладна 20 дзён. А цяпер адбылося магутнае развіццё прыватнага грузавога аўтатранспарту. Цяпер тавар праз прыватную транспартную кантору адпраўляеш недзе за 5 дзён.

Прыкладна з 1998 года пачалі з’яўляцца прыватныя грузавікі і адкрыліся прыватныя грузавыя перавозкі. І цяпер сетка прыватных грузавых перавозак ахоплівае ўсю краіну, склаліся правілы, па якіх усё гэта працуе. Спачатку гэта была чыста прыватная справа, а цяпер і дзяржаўныя арганізацыі выкарыстоўваюць для пабочнага заробку свае аўтобусы і грузавікі. Ды і прыватнікі машыны рэгіструюць звычайна на арганізацыі, так што гэта аўтаматычна вырашае праблему дазволу на паездкі за межы свайго раёна і на перавозку грузу. Акрамя таго, за выключэннем Пхеньяна і раёнаў узмоцненага кантролю практычна можна вольна ездзіць па краіне, даючы невялікія хабары на КПП.

Я думаю, што гэта самая карумпаваная краіна свету. Калі ў цябе дастаткова грошай, магчыма абсалютна ўсё.

— У Расіі пачатковы этап капіталізму быў звязаны са з’яўленнем мафіі, арганізаванай злачыннасці, рэкету. Як у вас?

— У нас з гэтым вельмі жорстка. Дзяржава гэта спыняе. Магчыма, гэта звязана з тым, што

карэйская дзяржава не хоча страчваць манаполію на гвалт.
Ды і грошы давядзецца дзяліць. У нас у горадзе нядаўна, у 2004 годзе,
група падлеткаў паспрабавала стварыць такую банду і пачаць крышаваць, але справа скончылася вельмі дрэнна. Іх расстралялі, прычым публічна.
Так што гвалтоўнай злачыннасці вельмі мала.

Аўтамабiльнае i электрычнае пытанне

— А з электрычнасцю па-ранейшаму перабоі?

— У нас у горадзе прыкладна 3 гадзіны ў суткі падаецца электрычнасць. Перыядамі хвілін па 30, па 40. Цвёрдага раскладу няма, як атрымліваецца, так і даюць.

— Што ж рабіць з электрапрыборамі, халадзільнікамі-тэлевізарамі?

— Наогул выкарыстоўваюцца акумулятары і батарэі. Але яны бескарысныя для халадзільнікаў і пральных машын. Яны добрыя для асвятлення, тэлевізара, відэа. Як толькі электрычнасць падаюць, усе адразу пачынаюць зараджаць акумулятары. Халадзільнік мець прэстыжна, але часта ён працуе як шафа.

— Быў у вас там асабісты аўтамабіль?

— Прыватных машын мала, толькі ў буйных чыноўнікаў, у людзей, якія атрымалі іх праз сваякоў у Японіі або Кітаі, і ў тых, хто атрымаў «падарунак правадыра».

-То бок нават вы, бізнэсовец з добрым заробкам, не мелі асабістага аўтамабіля?

— У мяне быў аўтамабіль, зарэгістраваны на шахту, але практычна мой асабісты. Гэта звычайная практыка, прыватныя аўтамабілі заўсёды рэгіструюцца на фірму.

У горадзе прыкладна 20 прыватных аўто, з іх толькі 3 зарэгістраваныя на прыватных асоб.

— Але рынку прыватных машын пакуль няма.

— Не, такога рынку няма. Легкавых машын яшчэ мала. Апошнім часам многія ўвозяць карыстаныя машыны з Японіі, прадаюць іх у Кітай і на выгандляваныя грошы ўвозяць з Кітая грузавічкі для бізнэсу ў Паўночную Карэю і тут іх прадаюць для прыватных аўтаперавозчыкаў. Схема звязаная з тым, што ў Кітаі існуюць жорсткія абмежаванні на ўвоз карыстаных машын з Японіі, а з Паўночнай Карэі іх увозіць танней.

Кватэрнае пытанне

— Што адбываецца з жыллём? Вось чалавек пачынае зарабляць і хоча палепшыць жыллёвыя ўмовы. Пераехаць, купіць кватэру, дом. Пабудаваць нешта. Бо ўсё жыллё належыць дзяржаве, і кватэры толькі даюць.

— Так, практычна 100% жылля дзяржаўнае, і прыватнай уласнасці няма. Але, напрыклад, ветэран працы атрымаў кватэру ці дом. І ён яго проста незаконна прадае пад выглядам абмену, а сам пераязджае ў горшую кватэру з даплатай наяўнымі і жыве на гэтыя грошы. Абмен у межах горада або раёна законны.

Жыллё як бы мяняецца, а насамрэч купляецца і прадаецца.

Тыя, хто хоча жыць лепей, могуць цяпер нават пабудаваць невялікі шматкватэрны прыватны дом. Людзі нават пачалі будаваць дамы на продаж. Складваюцца грошы, парадку 10 тысяч вон з чалавека, праўда, гэта ўсё фармальна робіцца як дзяржаўная будоўля, і дом фармальна лічыцца дзяржаўнай уласнасцю, хоць будуецца на грошы прыватных інвестараў, якія там і жывуць або прадаюць яго. Гэта адбываецца ў буйных гарадах. А ў маленькіх проста будуюць сабе прыватныя дамы. Бярэцца стары дом, яго зносяць, і на яго месцы будуюць новы. Гэта лічыцца рамонтам.

Пра будучыню

— Ці кажуць у народзе, што добра б аб’яднацца з Паўднёвай Карэяй, і ўсім будзе лепш жыць?

— Увогуле, усе з гэтым згодныя. Кажуць, у нас прыродных рэсурсаў шмат, а на Поўдні — тэхналогіі, і калі аб’яднаемся, то будзем жыць лепш, чым пры сацыялізме. Большасць на Поўначы хацела б аб’яднання.

— Як цяпер да кіраўніцтва краіны ставяцца людзі?

— Нічога не гавораць. Гэта небяспечна і сэнсу няма.

Людзі займаюцца сваім бізнэсам і на палітычныя тэмы не гавораць. Але ў той жа час таму, што ў газетах, не вераць, гэта адназначна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?