Пра тое, што ў Беларусі на стадыёне ўлада гуляе сама з сабой, а апазыцыя толькі галёкае на трыбунах, гаворыцца ўжо шмат гадоў. Натуральна, на поле ніхто партыі не запрашаў, але яны й самі не выяўляюць жаданьня ўступіць у гульню.

У гэтым сэнсе адкрыты ліст А.Мілінкевіча да А.Лукашэнкі – прэцэдэнт найноўшай беларускай палітычнай гісторыі. Лукашэнка, як палітык ірацыянальны, прарэагуе на такі жэст толькі ў тым выпадку, калі ўбачыць у гэтым для сябе паратунак. Мілінкевіч на тое й разьлічвае, прапануючы свае сувязі й сваё пасярэдніцтва на перамовах з Захадам. Ён мяркуе, што ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі можа зьмяніць геапалітычная мэтазгоднасьць, якая пры пэўным зьбегу абставінаў стане шмат мацнейшым фактарам, чым Лукашэнкаў ірацыяналізм. Цалкам ізаляваць Беларусь на ўзор Паўночнай Карэі немагчыма, а гэта значыць, што адказваць на сыгналы Захаду рана ці позна ўсё адно прыйдзецца, які б ты ні быў самаўладца і як бы такі дыялёг ні пярэчыў тваёй мэнтальнасьці і сымпатыям твайго электарату.

У кожным разе, з боку Мілінкевіча прапануецца спаборніцтва, гульня, футбол, а ня звыклае глухое супрацьстаяньне і не банальная здрада, у чым лідэра аб’яднанай апазыцыі ўжо пасьпелі зьвінаваціць некаторыя палітыкі.

Назваць адкрыты ліст здрадай можа толькі той, хто сядзіць з аўтаматам на шыі ў зямлянцы пад Плешчаніцамі і ведае, куды ён заўтра пойдзе, што будзе атакаваць і да чаго ўсё гэта прывядзе. Ва усіх астатніх выпадках крытыка Мілінкевіча за ягоны ліст пазбаўленая сэнсу і застаецца ўсё тым жа стадыённым галёканьнем.

Бясспрэчна, што зварот экс-кандыдата ў прэзыдэнты да прэзыдэнта скіраваны на зьмену цяперашняй сытуацыі. І тут ня так важна, што Мілінкевіч можа сьпяшацца дзеля дэфіцыту свайго палітычнага веку. Такія стымулы, наадварот, вымагаюць не пустое гульні. Самае галоўнае, што ў альтэрнатыўнай Беларусі сёньня не вымалёўваецца ніякага іншага шляху. Чакаць і даганяць мы навучыліся вельмі добра. Але, як вядома, гэта самыя апошнія спосабы марнаваньня часу.

Што ж адбылося? Мілінкевіч выйшаў са сваім апазыцыйным патэнцыялам, а не зашыўся яшчэ глыбей на інтэлігенцкай кухні ў клясычных традыцыях расейскага дысыдэнцтва. І ўжо гэта вяртае дэмакратычнай беларускай супольнасьці адчуваньне прынамсі нязьменнасьці, а ня поўнай дэградацыі свайго статусу. Наперадзе шмат шляхоў. Але, як і ў любой іншай сытуацыі, беларусы, аб’яднаныя ідэяй незалежнасьці краіны, павінны між сабою гаварыць. І як бы далёка ні было да такой размовы, думаць пра яе трэба заўсёды. Незалежнасьць – ключавое слова. Можна не сумнявацца, што без дэклярацыі незалежнасьці Лукашэнкам не было б і гэтага ліста Мілінкевіча. Незалежнасьць, як агульная каштоўнасьць і ўлады і апазыцыі, дае шанец на дыялёг. Трэба прызнаць, што, кажучы пра незалежнасьць, Лукашэнка пярэчыць сымпатыям значнай часткі свайго электарату і адначасова дазваляе апазыцыі са стану дысыдэнцтва ўзьняцца да стану спаборніка. Ці гэта не запрашэньне пакінуць нарэшце трыбуны і выйсьці на поле?

Можна колькі заўгодна казаць пра няшчырасьць Лукашэнкавай незалежнасьці, але называць ягоны рэжым акупацыйным і сьніць сябе змагаром у зямлянцы з аўтаматам неяк не выпадае.

Рамантыка рамантыкай, але Мілінкевіч, як і большасьць нашых апазыцыянэраў, насамрэч ніякія не падпольшчыкі, а самыя што ні ёсьць дзяржаўнікі і іх натуральнае жаданьне – удзельнічаць у справах дзяржавы, а не падрываць яе. Сытуацыя падпольшчыны ім чужая ад прыроды. Парадаксальным чынам у падпольлі апынуліся такія знакавыя для беларускай дзяржавы арганізацыі як Саюз пісьменьнікаў і перадавая школа краіны – Коласаўскі ліцэй. Выконваць неўласьцівыя ролі і гнаць рыторыку партызанскага лесу для іх – чыстае імітатарства. Людзей разумных надоўга не хапае. Яны пачынаюць адчуваць бессэнсоўнасьць такога стану.

Урэшце, калі хочаце, Мілінкевіч можа дазволіць сабе згуляць у гісторыі ролю таго «здрадніка», які сытуацыю ў краіне зрушыў з мёртвае кропкі. Не памыляецца той, хто ня робіць.

Газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?