Упраўленне культуры Мінгарвыканкама ў чарговы раз выказалася пра перайменаванне станцыі метро «Плошча Леніна». Нагодай стаў запыт жыхара горада на сайце ўстановы. Наведнік сайта пад нікам stepanych у пачатку снежня мінулага года запытаў: «Калі будзе пераагучана станцыя метро “Плошча Леніна” ў “Плошча Незалежнасці”? Бо непасрэдна на самім вакзале на ўказальных таблічках выкарыстоўваецца назва “Плошча Незалежнасці”.
Увесці гэта ў інфарматар будзе нескладана, так як туды нярэдка дадаюцца новыя запісы. Навошта нам гэтая блытаніна Леніна-Незалежнасці?»
Праз тыдзень ён атрымаў адказ, падпісаны начальнікам упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіны Рудзікавай. У ім гаворыцца, што дадзенае пытанне неаднаразова разглядалася камісіяй Мінгарвыканкама па найменаванні і перайменаванні вуліц, праспектаў, плошчаў ды іншых складовых частках Мінска, а таксама абмяркоўваўся грамадскасцю і зацікаўленымі арганізацыямі.
З адказу вынікае, што жыхары горада накіравалі ў камісію больш за 30 калектыўных зваротаў супраць перайменавання станцыі метро «Плошча Леніна».
«Прымаючы да ўвагі неадназначныя меркаванні жыхароў горада, камісія, якая ўпаўнаважаная ў адпаведнасці з рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 12.03.2008 №127 прымаць рашэнні аб перайменаванні складовых частак г. Мінска толькі з улікам станоўчых меркаванняў жыхароў горада, прыняла рашэнне захаваць існуючую назву станцыі метро “Плошча Леніна».
***
Станцыя метро «Плошча Леніна» запрацавала ў чэрвені 1984 года. У 1992 годзе была перайменаваная ў «Плошчу Незалежнасці». Гэту назву насіла да 2003 года, калі ёй вярнулі савецкую назву. Тады кіраўніцтва метрапалітэна заявіла, што назвы «Плошча Незалежнасці» па дакументах ніколі афіцыйна не існавала.
У сакавіку 2010 года Мінгарвыканкам агучыў рашэнне афіцыйна перайменаваць станцыю метро. Адначасова мусілі перайменаваць шэраг вуліц сталіцы. Аднак у маі таго ж года стала вядома, што змена назваў адкладаецца па прычыне змены складу Мінгарсавета і негатыўных водгукаў з боку пенсіянераў і ветэранскіх арганізацый.