— Гэта мы з Арсюшам на шпацыры ў парку, глядзіце, як ужо тупаць умеем! — піша ў сваім ЖЖ масквічка Святлана. Гляджу на фатаграфіі. На першы погляд, усё добра: шчаслівая мама, якой прыкметна за сорак, поўненькі хлопчык у прыгожай куртачцы, побач вавёрачка скача па зямлі. Суцэльнае замілаванне і захапленне!

Але ў каментарах насцярожвае пытанне: «Вы што, ненармальная? Як можна ляльку на вуліцу вадзіць?».
Гэты сказ гаспадыня ЖЖ хуценька выдаліла. А мне спатрэбілася хвілін дзесяць, каб, уважліва разгледзеўшы ўсе фатаграфіі, паверыць — немаўля несапраўднае.
Гэта рэборн (з англ. — «Нанова народжаны») — вінілавая лялька, якая актыўна ўваходзіць у моду ў бяздзетных жанчын у Расіі і, здаецца, ужо і ў Беларусі.

Атрымаць для сябе такое немаўля нескладана. У любым інтэрнэт-пошукавіку ўводзіш «купіць рэборн» — і выбіраеш. Можна набыць можна гатовую лялечку, а можна нафантазіраваць менавіта сваё немаўля, загадзя агаварыўшы, які патрэбны колер вачэй і валосікаў, поўненькім павінен быць малы або не, на дзіця якой расы мусіць быць падобны. Каштуе вінілавае шчасце ад 800 да 1000 даляраў.

А яна сапраўды да жывога немаўляці будзе падобная? — пытаюся па тэлефоне ў маскоўскага майстра.

— Зразумела! Я і вянкі прамалёўваю, і пасляродавыя сінячкі і прыпухласці невялікія… Вялікае дзіця хочаце?

 — 4310! — Аўтаматычна я называю вагу свайго сына пры нараджэнні.

— Вялікі хлопчык! Як добра, што вы так дэталёва яго ўяўляеце, — шэпча мне прадавец. — А я пачынаю адчуваць сябе вар’яткай. — 

Вы яму і валосікі расчэсваць зможаце, і пазгогцікі ў яго будуць, складачкі усё на ножках…
У камплекце соска магнітная, наборчык адзення. Потым вы зможаце на заказ іншы варыянт, летні купіць. Або звычайную дзіцячую вопратку на яго купляць.

— Гэта значыць, здалёк ён будзе зусім як жывы? На вуліцы ніхто не адрозніць?

— На вуліцы — дакладна не! — дала мне гарантыю прадавец. — Калі ён будзе сядзець у калясцы, то з метраў паўтара-двух ніхто дакладна не зразумее, што малы — рэборн!

Дзіця мне паабяцалі да ліпеня. Хоць звычайна робіцца ён за тыдні два-тры. Але цяпер вельмі шмат заказаў на рэборнаў.

Яшчэ мне патлумачылі, што калі ў «дзіцяці» зламаецца ручка або ножка, то можна прыкупіць новую:
прыкладна даляраў за 15.
«Мамы», якія добра ўвайшлі ў ролю, заказваюць кожныя тры месяцы новае дзіця (на кг 2 большае за папярэдняга і сантыметраў на 10 вышэйшае. Ну расце ж дзіця!).

Слухаўку я паклала ў лёгкім замяшанні. Ну не магу я ўявіць псіхічна здаровую дарослую жанчыну, якая купляе калыску, каб пасадзіць у яе штучнае дзіця, і хадзіць з ім па вуліцах! Па-мойму, гэта да псіхіятра.

Я сумленна паспрабавала даведацца ў такіх «матуль», нармальна ці яны сябе адчуваюць з набытым дзіцем на руках. Але на зносіны такія маці ідуць неахвотна.

«Мне проста хацелася даведацца, што адчуваеш, калі шпацыруеш з малым. Мужчыны рэальна паварочвалі галовы!
Мы з пупсам былі самыя прыгожыя! Прытым мая малеча толькі загадкава ўсміхалася з каляскі! Гэта плюс вялікі», — піша на форуме такая вось «мама». Яшчэ адна мне адказала:
«Вам не зразумець, калі ў вас ёсць дзіця. Я проста хацела адчуць сябе маці!»

Я пагадзілася, мне дакладна не зразумець такога вось зручнага мацярынства:

захацела — у калясцы прагуляла, захацела — у шафу паклала і на працу пайшла…

— Зразумела, гэта не лялька для дзіцячага саду! Нашы пакупнікі — жанчыны гадоў 35 — 45. Многім такіх дзетак дораць сяброўкі. Жанчынам цікава адчуць, як гэта — важдацца з малым, купаць яго, прыбіраць…

У некаторых пакупніц ёсць і свае дзеці. Але дарослыя — гадоў па 15–20. У цэлым, з кожным месяцам заказаў усё больш,
 — распавялі мне ў яшчэ адной расійскай інтэрнэт-краме рэборнаў. — Так, і з Беларусі ў нас заказы ўжо былі.

* * *

Каментары псіхолага

«Хочаце быць шчаслівыя са сваім дзіцем? Не купляйце штучнага!»

— З аднаго боку — такія лялькі добрыя тым, што дораць жанчынам пазітыўныя эмоцыі, — кажа Людміла Губская, кансультант па грудным гадаванні і перынатальны псіхолаг. — Але з іншага — вельмі страшна, што жанчына не атрымлівае зваротнай рэакцыі.

У вінілавага дзіцяці няма ўласных эмоцый, ён не можа паказаць, што яму дрэнна, баліць жывоцік, што ён хоча спаць або на ручкі. Усё гэта за яго вырашае «мама».
Прычым вырашае так, як ёй зручна. І пасля, прайшоўшы такі досвед зносін са штучным дзіцем, жанчыне можа быць вельмі складана са сваім, родным.
Бо свой будзе нязручным, шумным, будзе прачынацца ўначы, патрабаваць увагі, пэцкаць прыгожыя кофтачкі.
Адна мама двухмесячнай дзяўчынкі сказала мне:
«Вы не ўяўляеце, як дачка сваімі паводзінамі перашкаджае мне атрымліваць асалоду ад мацярынства!»
У жанчыны было выразна сфармаванае скажонае ўяўленне, як павінна сябе паводзіць немаўля. І да рэальнасці яна была не гатовая. Тое ж самае можа быць з гаспадынямі вінілавых немаўлятаў.
Рэборны — добры падарунак для дзяўчынак падлеткавага ўзросту.
У іх гэта можа дапамагчы фарміраванню навыкаў зносін з дзіцем. Падыдзе такая лялька і жанчыне, якая дакладна вырашыла не нараджаць.

Але калі вы плануеце ў будучыні стаць сапраўднай мамай, то не варта заводзіць сабе вінілавых дзяцей.

Лепш ужо клапаціцца аб хатніх гадаванцах — яны хаця б выхоўваюць пачуццё адказнасці і ўменне перабудоўваць сваё жыццё, улічваючы патрэбы іншага.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?