Сёньня азнаёміўся з новым пакетам аналітыкі ад зарэгістраванага ў Вільні НІСЭПД (прасьцей кажучы, ад прафэсара Манаева).

Дарэчы, толькі што гэтыя артыкулы з табліцамі паводле вынікаў апытаньня, зладжанага ў апошняй дэкадзе студзеня, зьявіліся і на іхнім сайце.

Усё адразу не ахопіш. Толькі некалькі лічбаў і высноваў.

1. Рэйтынг даверу Лукашэнку зьнізіўся з лістапада на 4,9%, але па-ранейшаму высокі — 55,4%. А каб выбары былі заўтра, яму б аддалі галасы 50,9% (гэта так званы пражэктыўны рэйтынг).

Зь іншага боку, паказчыкі папулярнасьці кіраўніка дзяржавы ў вэрсыі НІСЭПД ўсё адно хранічна не дацягваюць да афіцыйнай статыстыкі "элегантных перамогаў".

Так што здагадайцеся з трох разоў, каго хочуць канчаткова выкінуць з гульні на сацыялягічным полі законапраектам "Аб апытаньнях грамадзкае думкі". Ён бяз шуму і пылу рыхтуецца ў нетрах органаў улады.

Дарэчы, калі закон будзе прыняты ў тым драконаўскім варыянце, зь якім я ў свой час азнаёміўся, то апынуцца пад ударам і мэдыі, што карыстаюцца зьвесткамі "няправільных" (то бок не акрэдытаваных адмысловай камісіяй) сацыёлягаў.

Адно што сайт НІСЭПД прыдушыць будзе складана.

Жыве Сеціва!

2. Калі б сёньня праходзіў рэфэрэндум у пытаньні аб'яднаньня Беларусі і Расеі, то "за" выказалася б 35,1%, супраць — 39,3% (рэшта б ня ўдзельнічала ці ўстрымалася).

Яшчэ летась у лістападзе прапорцыя была 46,4:33,5 на карысьць прыхільнікаў "братняга яднаньня".

Прагрэс заўважны, але пляскаць у ладкі не выпадае. Гэта шмат у чым наступства нафтагазавай вайны, калі прапаганда ўзьняла да кіпеньня градус антырасейскай рыторыкі.

Калі раптам ківач кіроўнай палітыкі пойдзе ў адваротны бок — гэтая прапорцыя можа хутка пахіснуцца.

Нарэшце, трывожным сымптомам ёсьць тое, што пры астываньні інтэграцыйнага імпэту доля прыхільнікаў эўрапейскага выбару практычна не падвышаецца. То бок — растуць ізаляцыянісцкія настроі. Што і трэба вярхам.

3. Цяперашняя дзяржаўная сымболіка, як ні крыўдна змагарам за беларушчыну, мае нямала прыхільнікаў. Яе ўхваляюць аж 59,2% апытаных. 26,3% ставяцца абыякава і толькі 12,1% — не ўхваляюць.

Але!

Калі сярод асобаў з пачатковай адукацыяй за яе — аж 79,9%, то сярод тых, хто мае дыплёмы ВНУ, такіх адэптаў толькі 47,7%.

Таксама, канешне, да чорта :(

Але кантраст уражальны.

Напрошваецца выснова, што бальшыня суайчыньнікаў проста ня ведае гісторыі нацыянальных сымбаляў. Звыш таго, натуральна, малаадукаванай масай лёгка маніпуляваць. Яна мэлянхалічна перажоўвае прапагандовую жуйку.

І яшчэ адметны момант. Найменей прыхільнікаў цяперашніх герба, сьцяга ды гімну ва ўзроставай катэгорыі ад 25 да 29 гадоў.

Гэта тыя, хто ў юнацтве глынуў паветра свабоды.

Гэта тыя, хто сталеў, калі над Домам ураду лунаў бел-чырвона-белы штандар.

Так што зерне, пасеянае на пачатку 90-х, дае ўсходы.

Выйсьце адно: і далей засяваць ніву.

Нашу ніву :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?