Полу Макартні можна ўсё — ад каго яшчэ прыхільнікі будуць цярпець альбомы старадаўняй музыкі, араторыі і іншыя далёкія ад вобразу «таго самага» Пола з «таго самага» гурту?

Сёлета Пол Макартні выпускае альбом кавераў поп-песняў1930-х гадоў. Ідэя нарадзілася ў сэра Пола яшчэ на пачатку нулявых, але тут раптам такі самы альбом запісаў Род Сцюарт. Цяпер жа, калі такіх самых альбомаў Род Сцюарт выпусціў ужо пяць штук, за старое ўзяўся і Макартні.

Трэк-ліст альбома (12 кавераў і дзве аўтарскія песні) складаецца як з відавочных для такой кампіляцыі рэчаў, кшталту We Three (My Echo, My Shadow And Me), Bye Bye Blackbird, так і з менш заезджаных трэкаў. А з улікам таго, што джазавая поп-культура са сваімі стандартамі ў нас вядомая не так добра як у Ліверпулі, адкрыццяў у альбоме будзе шмат. Аўтарскія песні Макартні адрозніць ад неаўтарскіх амаль немагчыма: гэта той самы поп-джаз, толькі напісаны не 80 гадоў таму, а ў 2011 годзе. Тым больш сэра Пола заносіла на тэрыторыю свінгу яшчэ ў часы The Beatles (Honey Pie) і ў часы гурта Wings (песня You Gave me the Answer, прысвечаная Фрэду Астэру).

Для новага альбома рэкрутаваныя Эрык Клэптан (які і сам апошнім часам прыглядаецца да спадчыны 30-х), Стыві Уандэр і Даяна Крол.

Назва альбома трошкі шакавала грамадскасць — яе можна перакласці як «Пацалункі ў дупу», на што Макартні заявіў, што радок узяты з першай жа песні альбома, І’m Gonna Sit Right Down and Write Myself a Letter, а яна напісаная ў 1935 годзе, таму прэтэнзіі не маюць пад сабой аніякай глебы.

З іншага боку, як ужо было сказана, Макартні можна ўсё — і ён, што часам крыўдна, пра гэта ведае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?