31 снежня, літаральна за некалькі гадзін да Новага года, раптам высветлілася, што недзе згубіліся лямпачкі на ёлку. У даволі нервовых пошуках я натыкнуўся на пашарпаную скрынку з-пад цукерак, а ў ёй — на паперкі, пра якія даўно забыўся. «Глядзі, чэкі, — з пэўным здзіўленнем вымавіў я. — Колькі яны тут праляжалі?» — «Бяжы па лямпачкі, — адазвалася жонка, — пакуль няма лямпачак, нельга вешаць цацкі…» — «Бяжы, бяжы… Ты ведаеш, колькі яны цяпер каштуюць? Тысяч 150, не менш… Слухай, а давай замест лямпачак гэтыя паперкі падвесім. Бачыш, як яны гараць сінім полымем? Вось маіх бацькоў чэкі, і сястры, і тваёй маці, і нашы з табой… Усё напрацаванае за іхняе і наша жыццё…» — «Не марнуй час, — раззлавалася жонка, — бяжы…»

Праз колькі хвілін я ўжо і праўда амаль бег на Камароўку, пакуль не трапіў у натоўп, сціснуты ў прыцемках падземнага пераходу.

Шукаючы сваю асабістую сцежку сярод мільгацення ног, я хістаўся з боку ў бок, пакуль не прыціснуўся да сцяны. І раптам пачуў нейкі дзіўнаваты гук.

Праз цяжкую вільгаць падзямелля, быццам аднекуль здалёк, даносілася, рэжучы слых, дрыготкая, з нейкай журботнасцю, мелодыя. Паціху, паціху, уздоўж сцяны, абмінаючы бабулек, што трымаюць на продаж шарсцяныя шкарпэткі, вязаныя хусткі і пластыкавыя абрусы, я праціснуўся да яе вытоку.

Хлопчык мо гадоў дванаццаці павольна вадзіў смыком па скрыпачцы, прыклаўшыся да яе пачырванелай шчакой і час ад часу адкідваючы саламянага колеру чупрынку. Ён, мусіць, толькі вучыўся граць, бо я ніяк не пазнаваў мелодыю, пакуль ён не ўзяў чысцейшую ноту: «Ты ж мая, ты ж мая перапёлачка…»

Натоўп рухаўся і рухаўся, не запавольваючы кроку, абмінаючы раскладзены перад музыкам чорны футарал з пацёртым бардовым аксамітам. Не відаць быў аніводзін твар — толькі адзін твар натоўпу, агульны заклапочаны твар. Хто-ніхто, праўда, кідаў усё ж нейкія грошы.

А я, забыўшыся пра лямпачкі, глядзеў і глядзеў на хлопца, на ягоны непаслухмяны смык і ўсё намагаўся зразумець, што ж адбылося ў гэтым пераходзе за доўгі час.
Не «Раскинулось море широко…», не «День Победы», нават не «Стюардесса Жанна», якую мы з пісьменнікам Віктарам Казько чулі ў гэтым пераходзе на пачатку 90-х. «Культура пераходнага перыяду», — выдаў ён тады трапную фармулёўку. І вось здарылася, перайшлі — пачулі, нарэшце, беларускую песню…
Колькі ні жывём, думаў я, усё то маршыруем, то коўзаемся праз нейкі «пераходны перыяд».

І дзяды, і бацькі нашы ўсё пераходзілі да розных сацыялізмаў і камунізмаў «праз 20 год»…

І мы, ужо самі бацькі і дзяды, усё пераходзім да «незалежнасці і дэмакратыі» на чале з дыктатурай…

І вось ужо дзеці нашы і ўнукі пераходзяць і пераходзяць да ўсяго, што трапляе на гнуткі язык праўладных ідэолагаў і прапагандыстаў…

Што за пачвара загнала і вядзе нас па цьмяным пераходзе, ператвараючы нашы твары ў агульны твар то агрэсіўнага, то абыякавага натоўпу?
Здавалася б, што дрэннага: з аднаго боку — Філармонія, з другога — рынак. Хадзі туды-сюды, купляй кітайскія лямпачкі на яліну, слухай сусветную класіку, атрымлівай, хто як можа, асалоду ад жыцця…

Але чамусьці не ўдаецца.

…Пакуль думаліся пад «Перапёлачку» гэтыя думкі, хлопчык са скрыпкай некуды знік, я нават не паспеў аддзячыць яго хаця б малымі грашыма. Увесь тыдзень, да самых Каляд, я шукаў яго ў пераходзе, цешыўся надзеяй зноў пабачыць яго, каб спытаць імя і вярнуць доўг. Але не, цёмны пераход быў пусты…

І тады я выйшаў на плошчу, да святла.

Усё тут было як заўсёды ў прыгожы выходны дзень: і матулі з каляскамі, і юнакі з кветкамі да спаткання, і Якуб Колас у выглядзе нязграбнага помніка…

Вось толькі на Сымона-музыку я глядзеў ужо зусім іншымі вачыма.
Глядзець таксама:

Сяргей Ваганаў. Мосцік над вечнасцю

Сяргей Ваганаў. Калгасная праўда

Сяргей Ваганаў. Божы дар і яечня, ці Правадыр на раялі

Сяргей Ваганаў. Вайна пад дахамі, альбо Кампот з восеньскіх дзіячак

Сяргей Ваганаў. Доўгі доўг

Сяргей Ваганаў. Суддзя Стук і пракурор Стук

Сяргей Ваганаў. Разруб, ці Візітоўка ад Расіі.

Сяргей Ваганаў. З нагоды ўзнагароды

Сяргей Ваганаў. Кроў лялькі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?