Маці прыгаворанага да смяротнай кары за саўдзел у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва мае намер 12 студзеня перадаць у Вярхоўны суд Беларусі чарговую заяву на спатканне з сынам.

Як паведаміла Любоў Кавалёва, яна хацела б сустрэцца з Уладзіславам 17 студзеня — у яго дзень нараджэння. Пасля абвяшчэння 30 лістапада 2011 года прысуду маці і сястры асуджанага Таццяне было дазволена па адным спатканні з ім. Маці — 30 хвілін, сястры — 10.

Любоў Кавалёва мае намер падрыхтаваць другую даверанасць, каб мець магчымасць ад імя сына звяртацца да праваабаронцаў, узамен той, якой больш за месяц не можа дабіцца ад адміністрацыі СІЗА КДБ. Як БелаПАН паведамляў раней, першы дакумент быў складзены Уладзіславам Кавалёвым і яго адвакатам Станіславам Абразеем, падпісаны асуджаным і накіраваны на подпіс начальніку СІЗА КДБ. Пасля гэтага лёс дакумента невядомы. Як адзначыла Любоў Кавалёва, у адказах на яе скаргі і заявы ў КДБ, Генеральную пракуратуру і Вярхоўны суд няма ні слова пра гэту даверанасць і невядома, ці існуе наогул гэты дакумент.

Маці асуджанага расказала, што лісты ад Уладзіслава прыходзяць «добрыя, пазітыўныя». Акрамя сям’і ён таксама піша сваім сябрам. Са спасылкай на словы адваката Кавалёва сказала, што настрой у сына палепшыўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?