Колькі б ні кляліся наверсе, што падаражэньне энэрганосьбітаў ня ўдарыць па насельніцтве, народ натапырыўся і чакае горшага. Пра гэта сьведчаць лічбы самага сьвежага (канец студзеня) апытаньня зарэгістраванага ў Вільні НІСЭПД.

Летась эканамісты адзначалі: у краіне спажывецкі бум. Заўжды эканомныя беларусы раптам сталі траціць грошы як шалёныя.

Эўфарыя адлюстроўвалася і ў сацыялягічных лічбах. Яшчэ ў лістападзе 42,5% суайчыньнікаў былі ўпэўненыя, што цягам наступных гадоў сацыяльна-эканамічная сытуацыя палепшыцца. Пагаршэньне прагназавалі толькі 10,7%. Зараз гэтая прапорцыя выглядае як 30,6: 25,6.

Адчуваеце розьніцу?

Паспаліты люд эмпірычна пераконваецца: лятэнтная, паўзучая інфляцыя значна перавышае паказчыкі афіцыйнае статыстыкі. Хаця і яна, дарэчы, зафіксавала ў студзені рост коштаў на 1,8%. Такімі тэмпамі ўжо ўвесну будзе выбраны заплянаваны на год ліміт (6-8%).

46% рэспандэнтаў (у тым ліку, заўважце, 30,9% тых, хто давярае Лукашэнку!) дапускаюць, што сёлета грымне банкаўскі крызыс са стратаю ўкладаў і ашчаджэньняў. 37,9% мяркуюць, што нас можа спасьцігнуць масавае беспрацоўе, рост цэнаў ды скочваньне ў галечу.

Пэсымізм настрояў пэўна будзе нарастаць. Нават ляяльны да ўлады абываталь давярае не дзяжурна-аптымістычным прамовам у тэлевізары, але ж сваім вачам пры сузіраньні цэньнікаў у крамах ды лічбаў у "жыроўках". А тут працэс пайшоў...

Менавіта гэта і прадракала апазыцыя. Здаецца, нават прыняла летась разьлічаную на сацыяльна-эканамічны крызыс стратэгію. Ды вось ня бачна, каб яна стала вострай палітычнай зброяй.

У апазыцыйным катле нібыта нешта і булькоча. Але куды сыходзіць пара?

Партыйныя лідэры збольшага ўшчуваюць несьвядомага Мілінкевіча, які, бы тая котка ў Кіплінга, вырашыў гуляць сам па сабе. (Ці зрабіў выгляд, што так вырашыў...)

Ня будзем раздаваць ацэнкі, хто болей мае рацыі ў гэтай міжусобіцы.

Паводле ж сацыялягічных парамэтраў сытуацыя наступная: апазыцыянэр з рэйтынгам 11,4% кінуў выклік групе апазыцыянэраў з рэйтынгамі ў межах статыстычнае памылкі :)

(Каго цікавяць долі адсоткаў, глядзеце тут.)

Цікава, што рэйтынг Мілінкевіча, упаўшы за паўгоду пасьля выбараў прыкладна ўдвая, потым стабілізаваўся і апошнія месяцы выглядае такім самым "тэфлёнавым", як і рэйтынг Лукашэнкі (нафтагазавая вайна на яго фактычна не паўплывала).

Так што пэўны электаральны капітал (напрацаваны, дарэчы, усёй кааліцыяй) яшчэ не пасьпелі спусьціць дарэшты. Пакуль што...

Для параўнаньня: колішні адзіны кандыдат Ганчарык за год пасьля выбараў-2001 паводле рэйтынгу споўз амаль што да рысы статыстычнае памылкі. Бо рэзка сышоў з дыстанцыі.

У палітыцы, бы на ровары: як перастаў круціць пэдалі, так і ляснуўся.

Гэта тычыцца, дарэчы, як апазыцыйных, так і кіроўных дзеячаў. Асабліва калі Крэмль так і пнецца тыцнуць кій у колы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?