Гэтае фота змешчанае на адным з расійскіх сайтаў, які рэкламуе паслугі мінскіх казіно.
Беларускія казіно не першы год прывабліваюць гасцей з Расіі, дзе з ліпеня 2009 года дзейнічае закон аб забароне дзейнасці гульнявых установаў, акрамя адмысловых зонаў размешчаных у Алтайскім краі, Прымор’і і Калінінградзе.
«У мінскае казіно вы можаце патрапіць хутчэй, чым ваш калега пасля працы дабярэцца дамоў на ўскраіну Масквы», — такім чынам завабліваюць ахвяраў азарту ў артыкулах, што рэкламуюць нятанны адпачынак у беларускай сталіцы.
Патэнцыйнымі кліентамі беларускіх казіно могуць быць таксама грамадзяне Украіны і Казахстана, дзе гульнявы бізнес таксама істотна абмежавалі на заканадаўчым узроўні.
Расійская жоўтая прэса піша таксама, што гульнявая індустрыя Беларусі абяцае замежным кліентам не толькі выключна профільныя паслугі, але і спадарожныя бонусы пікантнага характару. Падобная фотарэклама можа сведчыць, што дыму без агню не бывае.