Актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргея Каваленку суд Першамайскага раёна Віцебска 12 студзеня прызнаў вінаватым у нецэнзурнай лаянцы і пакараў штрафам у памеры чатырох базавых велічынь (140 тыс. рублёў).

Як адзначыла каардынатар БХД у Віцебску Таццяна Севярынец, якая прыйшла ў суд падтрымаць Каваленку, сведкі ў сваіх паказаннях блыталіся. Да прыкладу, яны не змаглі дакладна сказаць, дзе і калі лаяўся матам Сяргей Каваленка. Аднак суддзя Вольга Іванова прызнала актывіста вінаватым у дробным хуліганстве.

Падчас судовага пасяджэння Каваленка двойчы выклікалі хуткую дапамогу. Нагадаем, ён 25-ты дзень трымае галадоўку супраць вылучаных у дачыненні да яго абвінавачанняў.

Сяргей Каваленка з 19 снежня 2011 года знаходзіцца ў СІЗА. Ён быў затрыманы ў рамках распачатай у дачыненні да яго справы па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Актывісту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Падставай для гэтага сталі нібыта чатыры парушэнні, якія Каваленка ўчыніў, адбываючы пакаранне.

"Выглядае ён схуднелым. Твар у яго шэры. Тым не менш Сяргей паводзіць сябе годна", — паведаміла Севярынец.

Каваленку неаднаразова затрымлівала міліцыя за арганізацыю розных акцый. У маі 2010 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны ўладамі як "наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?