«Праўда пра Гіль-Радыёнава». А.Заерка. «Камертон-Издат», Смаленск, 2011.

«Праўда пра Гіль-Радыёнава». А.Заерка. «Камертон-Издат», Смаленск, 2011.

Новая кніга Андрэя Заеркі расказвае пра падпалкоўніка Уладзіміра Гіль-Радыёнава (Радыёнаў — гэта псеўданім — nn.by), які ў гады Другой сусветнай вайны трапіў у палон і ўзначаліў створаную гітлераўцамі 1-ю расейскую нацыянальную брыгаду СС «Дружына». Створаная на тэрыторыі Польшчы, брыгада была перакінутая ў Беларусь для барацьбы з партызанамі. Дзейнічала на тэрыторыі Глыбоччыны і Лепельшчыны.

Украінскі гісторык Алег Раманько ў адной са сваіх кніг апісвае гісторыю масавага расстрэлу сялян, якія не здолелі на загад Радыёнава напісаць просьбу аб памілаванні «на літаратурнай расейскай мове».

У жніўні 1943 года Радыёнаў наладзіў сувязь з камандаваннем партызанскай брыгады «Жалязняк» і разам з вялікай часткай сваіх людзей перайшоў на іх бок. Масква прабачыла здраду і надала Радыёнаву званне палкоўніка. Ягоную брыгаду перайменавалі ў 1-ю Антыфашысцкую брыгаду. У маі 1944 года Уладзімір Гіль-Радыёнаў загінуў ад ранення.

У сваёй кнізе Андрэй Заерка прыводзіць сведчанні шматлікіх непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Яны шмат у чым пярэчаць афіцыйнай версіі пераходу радыёнаўцаў на бок партызанаў.
Доўгі час лічылася, што менавіта камандаванне «Жалязняка» ініцыявала пераход і давяло да яго лагічнага завяршэння…

Выданне багата аздоблена здымкамі ўдзельнікаў падзей, картамі і схемамі, якімі карысталіся партызаны, дакументамі 1-й Антыфашысцкай партызанскай брыгады.

** *

Андрэй Заерка — скончыў факультэт журналістыкі БДУ, аўтар кніг «Турмы Беларусі. Кніга 1. 1929–1935», «Крывавая мяжа. Кніга 1. 1918–1939», «Уцёкі з пекла».

У прадмове да кнігі пра Гіль-Радыёнава аўтар адзначае, што сабранага ім дакументальнага матэрыялу дастаткова для напісання не аднаго дзясятка кніг. Тэмы, якія ён збіраецца асвятліць, ахопліваюць падзеі ад ГУЛАГу да нашых дзён. У прыватнасці,

Андрэй Заерка плануе напісаць кнігу «Беларускі бізнес і не толькі… за кратамі».
З побытам беларускіх турмаў аўтару давялося азнаёміцца на ўласным досведзе. У сакавіку 2008 года ён быў арыштаваны і асуджаны, у сакавіку 2010 апраўданы судом Цэнтральнага раёна Мінска па пратэсце Вярхоўнага суда.

Набыць кнігу «Праўда пра Гіль-Радыёнава» можна ў Мінску ў краме «Акадэмкніга» (ст.м. «Акадэмія навук»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?