Прычыны тыя ж, што і ў выпадку з мішашэвіцкім «Гранітам» — нездавальняючая праца прафкама.
Будаўнікі адной з брыгад ДКУП «Сельскі будаўнічы камбінат» у Віцебску вырашылі выйсці з афіцыйнага прафсаюза і стварыць першасную арганізацыю Беларускага Незалежнага прафсаюза. Падобна на тое, колькасць рабочых, незадаволеных стаўленнем да сябе з боку наймальніка, расце з кожным днём.
Адміністрацыя прадпрыемства адрэагавала ціскам на будаўнікоў, прычым, не толькі на тых, хто напісаў заяву аб сыходзе з афіцыйнага прафсаюзу, які ўваходзіць у структуру ФПБ, а на ўсю брыгаду.
— З прафсаюза выйшлі восем чалавек, — распавёў «Салiдарнасцi» віцебскі будаўнік Аляксандр Кошалеў. — Тады начальства пачало ладзіць дробнае паскудства. Але не толькі для нас — для ўсёй брыгады. Змянілі графік працы, пагражаюць улічваць кожны перапынак і замест васьмі гадзін працоўнага часу аплачваць толькі сем.
Па словах суразмоўцы, прычыны выхаду з афіцыйнага прафсаюза ва ўсіх розныя. Адным не хапае пачуцця абароненасці, іншыя незадаволеныя колькасцю арганізаваных прафсаюзам мерапрыемстваў, хтосьці проста не бачыць вынікаў яго працы.
— Нам ад прафсаюза патрэбна абарона нашых правоў, а не толькі навагоднія падарункі для дзяцей або квіткі на «Славянскі базар», — растлумачыў Аляксандр Кошалеў.
Нягледзячы на прэсінг з боку кіраўніцтва, суразмоўца мае намер ісці да канца.
На дадзеным этапе ён кансультуецца, як стварыць новую незалежную прафсаюзную ячэйку — першасную арганізацыю Беларускага Незалежнага прафсаюза (БНП).
Падобна на тое, выхад работнікаў з афіцыйных прафсаюзаў і адстойванне сваіх правоў з кожным днём пашырае геаграфію. Нагадаем, у снежні некалькі сотняў рабочых РУВП «Граніт» (Мікашэвічы, Брэсцкая вобласць) напісалі заявы аб выхадзе з дзеючай на прадпрыемстве прафсаюзнай арганізацыі. Незадаволеныя сваім заробкам і стаўленнем з боку адміністрацыі яны вырашылі стварыць першасную арганізацыю БНП. На імя гендырэктара прадпрыемства ўжо накіраваны ліст з просьбай прадаставіць юрыдычны адрас, неабходны для яе рэгістрацыі.