«Гэта справа кіраўнікоў, якія змагаюцца за свой статус. Кіраўнікі партый адарваліся ад сваіх партыйцаў, ад рэгіянальных структур і ад грамадзтва ўвогуле, таму я адмяжоўваюся ад іх. Стварэньне Руху за Свабоду робіць апазыцыю зразумелаю выбарцам» – інтэрвію Аляксандра Мілінкевіча.

— 15 студзеня большасць сяброў Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл падтрымалі прапанову старшыні ПКБ Сяргея Калякіна. Прагаласавалі за ўнясенне дадаткаў у пункт 13 Статута Палітрады: «Старшынства ў Палітрадзе і Прэзідыўме Палітрады ажыццяўляецца на ратацыйнай аснове». То бок кіраванне ПР будзе ажыццяўляцца па чарзе. Аляксандр Уладзіміравіч, на Вашую думку, чаму была прынятае такое рашэнне?

— Рашэнне была прынятае, таму што захаванне існуючай мадэлі старшынства і ўвогуле, мадэлі прыняцця рашэнняў у Палітычнай Радзе, ужо нікога не задавальняла.

Па‑першае, Палітычная Рада з моцным старшынём не патрэбна кіраўнікам пэўных палітычных партый: АГП, БСДП (Г), ПБНФ, ПКБ. Таму што ў такім выпадку яны прызнаюць існаванне лідэра дэмакратычнага руху, які займае пазыцыю «над партыямі».

Перад прэзідэнцкімі выбарамі ўсім, а таксама кіраўнікам партый было зразумела, што неабходна існаванне асабістай альтэрнатывы Лукашэнку. Грамадству неабходна было даць адказ на пытанне: «Калі не Лукашэнка, то хто?» Таму яны пагадзіліся на маю прапанову стварыць Палітраду з паўнамоцтвамі старшыні, якія давалі яму магчымасці каардынаваць дзейнасць дэмакратычных арганізацый. Пасля выбараў кіраўнікі пэўных партый прыйшлі да думкі, што «Мілінкевіч выканаў сваю ролю і павінен сысці з пазіцыі лідэра». Таму яны сталі настойваць на прыняцці ратацыйнага прынцыпа старшынства ў Палітрадзе, на дэцэнтралізаванай мадэлі.

Пэўны штуршок фармаванню пазіцыі кіраўнікоў шэрагу партый мела мая ініцыятыва аб стварэнні дзеля працягу змагання за дэмакратычныя перамены грамадзянскага руху «За свабоду!» Маю прапанову, каб Палітрада стала ядром Руху, кіраўнікі партый інтэрпрэтавалі праз прызму сваіх інтарэсаў. Маё існаванне ў палітыцы, маю дзейнасць яны сталі расцэньваць як пагрозу іх асабістым пазыцыям.

Па‑другое. Лічу, што Палітрада вычарпала магчымасці быць механізмам прыняцця рашэнняў, пляцоўкай супрацоўніцтва. На жаль, кожнае паседжанне Палітрады становіцца перш за ўсё высвятленнем адносінаў паміж кіраўнікамі партый: хто – мае рацыю, а хто – не, хто – больш уплывовы і г.д.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў партыйная кааліцыя поўгады распрацоўвала стратэгію і план дзейнасці. Так і не змагла стварыць выканкам, які б гэта рэалізоўваў.

Калі Вас не задавальняла арганізацыя працы ПР, чаму Вы самі не прапанавалі змены, адпаведныя сваему бачанню?

— Пры ўсіх мінусах Палітрада ў існуючым варыянце заставалася пляцоўкай для дыялогу. Пры сённяшнім персанальным складзе, дыялог, дэкларатыўнае адзінства – гэта паталок магчымасцяў Палітарады. Я да апошняга моманту імкнуўся зрабіць Палітраду дзейсным інструментам аб’яднання дэмакратычных сіл. Шукаў супольную мову з кіраўнікамі партыяў. Я не адракаўся супрацоўніцтва з імі, не імкнуўся ствараць напругу ў асабістых адносінах, таму што гэта шкодна для перспектываў супрацоўніцтва. Яны мелі дастаткова часу, каб вызначыцца.

Пры галасаванні за ратацыйны прынцып, Вы устрымаліся. Чаму Вы не прагаласавалі супраць прапановы С. Калякіна? І, на Вашую думку, якія наступствы для дзейнасці АДС можа азначаць ратацыйны прынцып старшынства ў Палітрадзе?

— Прагаласаваць «супраць» – значыла б прагаласаваць за захаванне статус‑кво. Цяпер, што тычыцца новай мадэлі. Сам факт, што ратацыйны прынцып быў прапанаваны і за яго прагаласавала большасць сяброў Палітрады сведчыць, што кіраўнікі партый адарваліся ад сваіх партыйцаў, ад рэгіянальных структур і ад беларускага грамадзтва, выбарцаў увогуле.

Ратацыйны прынцып азначае: кіраўнік партыі на той тэрмін, у які ён з’яўляецца старшынём Палітрады АДС, будзе прадстаўляць АДС у міжнародных кантактах. Яго рашэнні павінны выконваць суполкі іншых арганізацыяў, прадстаўленых у Палітрадзе. Хаця і дэкларуецца, што ўсе рашэнні Палітрады прымаюцца кансэнсусам, зразумела, што старшыня мае больш магчымасцяў правесці сваю прапанову, зрабіць сваю ініцыятыву супольным рашэннем, таму што ён кіруе дыскусіяй.

Для тых, хто больш‑менш знаёмы з сітуацыяй у Беларусі, абсалютна ясна, што арганізацыі ПБНФ, АГП не будуць выконваць рашэнні, ініцыяваныя старшынём ПКБ. І наадварот. Далёка не ўсе сябры БСДП (Г) пазітыўна ставяцца да стварэння блоку з ПКБ. Хто бы з кіраўнікоў партый не быў старшынём Палітрады – ён сутыкнецца з падобнымі праблемамі. Да таго ж і ўнутры саміх партый ёсць праблемы ў дачыненнях паміж цэнтрам і рэгіёнамі.

У выніку мы атрымліваем сітуацыю нават не дыялогу, а адкрытай барацьбы, інтрыгаў, інфармацыйнага змагання. Гэты спектакль будзе з захапленнем трансляваць улада. Усе ідэалагічныя разломы, усе супрацьлеглыя погляды на мінулае, цяперашняе, будучыню Беларусі, на палітычныя праблемы – усе гэта будзе відавочна, як сябрам арганізацыяў, так і выбарцам. Гэта будзе працягам сітуацыі, калі апазіцыя ўцягнутая ў барацьбу не з рэжымам, а супраць самой сябе. Туды будуць кінутыя рэсурсы, энэргія, час.

На гэтым фоне колькі бы ні абвінавачвалі рэжым, колькі бы ні казалі аб дэспатызме, аўтарытарызме, парушэннях правоў чалавека, пра тое, што рэжым трымаецца на карупцыі – для значнай колькасці выбарцаў Лукашэнка будзе больш зразумелым, прадказальным, чым тыя, хто выступае супраць рэжыму. Тады пры самым жорсткім эканамічным крызісе Лукашэнку няма чаго баяцца – людзі не будуць бачыць альтэрнатывы яго ўладзе. Усім праціўнікам рэжыму застанецца толькі назіраць, як Лукашэнка ідзе шляхам пажыццёвага прэзідэнцтва. Пры захаванні расколу ў апазіцыі немагчыма перашкодзіць гэтаму і адчыніць шлях да дэмакратычных пераменаў.

Ужо сёння ёсць прыкметы таго, што падзеі будуць развівацца менавіта такім чынам. На паседжанні Палітрады 15 студзеня была адзначана, што ад імя АГП у Інтэрнэце распаўсюджваецца паклёп на іншыя арганізацыі. Спачатку кіраўнікі буйных партыяў жадаюць адсунуць Мілінкевіча, які ім перашкаджае, потым «разбяруцца» з менш буйнымі. Скончыцца жа ўсё сутыкненнем, барацьбой паміж імі.

Кіраўнікі партыяў не зацікаўлены ў абмеркаванні канкрэтных пытанняў, якія з’яўляюцца актуальнымі для выбарцаў. Таму што адразу відавочнымі становяцца ідэалагічныя супярэчнасці партый.

У выніку апазіцыя аб’яднаная толькі ў пытанні «супраць» Лукашэнкі. У фармаце адносінаў паміж партыямі – лібераламі, камуністамі, кансэрватарамі‑нацыянал‑дэмакратамі, не удаецца і не удастца сфармуляваць агульную платформу, якая была бы зразумелая і блізкая выбарцам. Гэта стала канчаткова зразумела. І так больш працягвацца не можа.

Перад паседжаннем ПР і на паседжанні з боку кіраўнікоў партыяў гучалі заявы, што Мілінкевіч – не лідэр. Што Вы павінны сысці з месца старшыні ПР. Як Вы ставіцеся да гэтага?

— Лідэрам дэмакратычнага руху не прызначаюць, яго не выбіраюць кіраўнікі партыяў. Лідэрам выбіраюць людзі. На гэтую ролю мяне вылучылі прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў, а прагаласавалі за мяне, па дадзеных незалежных сацыёлагаў, не менш за 20% беларускіх выбарцаў. І гэта ва ўмовах, калі Лукашэнка перанёс тэрмін выбараў, значна скараціўшы час для маёй працы з людзьмі. Ва ўмовах інфармацыйнага вакууму, беспрэцэдэнтнага запалохвання і рэпрэсіяў.

Есць пэўная паралель з 2001 г. Чамусьці кіраўнікі партыяў вырашылі, што могуць не звяртаць увагу на пазіцыю людзей, якія збіралі подпісы ў марозныя дні мінулай зімы. Якія выйшлі на Плошчу, ведаючы, што, магчыма, яны не вярнуцца дадому. На меркаванне абаронцаў намётавага лягеру, якія маральна зламілі рэжым Лукашэнкі, выявілі сабой прыклад сапраўднай мужнасці. На думку людзей, якія паверылі ў магчымасць пераменаў. Яны іх запыталі? Не!

Меркаванне кіраўнікоў партыяў – гэта толькі іх асабістая думка. Часам яна вызначана іх бачаннем сітуацыі, якое можа быць памылковым. Іх інтарэсамі, якія могуць не супадаць з інтарэсамі людзей.

Хочуць гэтага кіраўнікі партый ці не, уплывае на іх думку нехта звонку ці не, але за мяне прагаласавалі людзі як за чалавека, які прапануе блізкае ім бачанне Беларусі – дэмакратычнай, еўрапейскай, незалежнай. Які прапануе бачанне краіны, альтэрнатыўнае аўтарытарызму.

Некаторыя Вашыя крытыкі кажуць, што Вы – немалады чалавек і таму не маеце перспектывы як палітык. Як бы Вы адказалі на гэта?

— У палітыцы дзейнічаюць свае законы. Можна быць палітыкам далёка не сталага ўзросту, але выкрасліць сябе з ліку перспектыўных палітыкаў. Галоўнае значэнне мае не ўзрост, а як цябе бачаць людзі, ці гатовыя яны пайсці за табой. Мне – 59 гадоў. У мяне ёсць сілы на вялікую палітычную дыстанцыю. Падтрымка людзей дадае мне сіл. Вакол мяне шмат моладзі.

Калі на Вашу думку Палітрада АДС не з’яўляецца той арганізацыйнай формай, выкарыстоўваючы якую можна аб’яднаць жадаючых пераменаў, як можа адбыцца аб’яднанне?

— Аб’яднанне магчымае ў руху «За свабоду».

Мы маем цікавую сітуацыю. У рэгіёнах сябры партый і прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў плённа супрацоўнічаюць. ПБНФ для правядзення сходаў выкарыстоўвае офіс АГП. Тое, што у Мінску амаль нерэальна, з’яўляецца нормай для рэгіёнаў. Сварка паміж арганізацыямі – чыста менская з’ява, перадусім справа кіраўнікоў, якія змагаюцца за свой статус. І калі кіраўнікоў немагчыма выцягнуць з паміжусобнай барацьбы, заклікаць да рэальнай сумеснай працы, гэта зусім не азначае, што ў Беларусі немагчымае аб’яднанне дэмакратаў. Аб’яднаць намаганні павінны ўсе гатовыя для супольнай працы дзеля пераменаў у Беларусі. Толькі разам мы здольныя абараніць права на будучыню нашай краіны.

Ці маглі бы Вы коратка сфармуляваць мэты руху?

— Свабодныя выбары, дэмакратыя, незалежнасць, еўрапейскі шлях Беларусі.

У інтэрвію «Эху Масквы» Вы выказаліся ў падтрымку пазыцыі «Газпраму». Гэта тэма таксама была паднятая на Сойме ПБНФ.

— У інтэрвію «Эху Масквы» я заявіў, што разумею пазыцыю «Газпраму», то бок матывы дзеянняў расійскага боку. Продаж расійскаму бізнэсу беларускіх прадпрыемстваў – гэта шлях да страты незалежнасці. Увогуле пытанне аб продажы прадпрыемстваў – гэта пункт, дзе інтарэсы Расіі як дзяржавы і інтарэсы расійскай кіруючай эліты супярэчаць нашым нацыянальным інтарэсам. Расія – гэта наш сусед і мы зацікаўлены ў развіцці адносінаў з ёй, на падставе нашых, беларускіх нацыянальных інтарэсаў. І першае – гэта захаванне незалежнасці. Толькі на гэтай падставе можна весьці дыялог, развіваць адносіны. Незалежнасць – гэта не самаізаляцыя. Гэта такая сістэма міжнародных адносінаў, пры якой створаныя максімальна спрыяльныя ўмовы для сацыяльна‑эканамічнага, палітычнага развіцця краіны і створаныя надзейныя механізмы гарантавання яе бяспекі ад знешніх пагрозаў.

Адносна еўрапейскага выбару. На Вашую думку, ці павінна Беларусь стаць чальцом Еўрасаюзу і НАТА?

— Я перакананы, што Беларусь павінна ўваходзіць у аб’яднаную Еўропу. Еўрапейскі выбар – гэта выбар не толькі на карысць больш высокіх стандартаў жыцця, сучасных тэхналёгіяў. Гэта цывілізацыйны выбар. Выбар на карысць свабоды, прадстаўнічай дэмакратыі, вяршынства закону, правоў чалавека, адпаведнай мадэлі адносінаў паміж чалавекам і дзяржавай, заснаванай не на падначаленні, а на партнерстве, узаемнай павазе. Альтэрнатывы гэтаму шляху няма.

Тысячагадовая гісторыя беларускай нацыі, у многія старонкі якой кроўю ўпісаныя масавыя чалавечыя трагедыі, патрабуе ісці шляхам забеспячэння бяспекі. І мы бачым гэты шлях не ў супрацьстаянні з НАТА, а ў цесным супрацоўніцтве з арганізацыяй‑лідэрам барацьбы супраць новых пагрозаў, якія стаяць перад чалавецтвам.

Есць шмат магчымасцяў для супрацоўніцтва, без уступлення. Напрыклад, «Партнёрства дзеля міру». У ваенна‑палітычным сэнсе я бачу Беларусь нейтральнай краінай, як сёння і запісана ў Канстытуцыі.

Разам з тым трэба ўлічваць, што палітыка – гэта дынамічная рэальнасць. Змяняецца сітуацыя, узнікаюць новыя выклікі, на якія трэба рэагаваць.

Вы казалі, што думка кіраўнікоў, нібыта Ваша ініцыятыва аб стварэнні руху азначае паглынанне партый, з’яўляецца памылковай. Якім Вы бачыце мэханізм прыняцця рашэнняў у руху і якая роль ў руху будзе належыць партыям?

— Рух адкрыты для усіх, хто падзеляе нашыя каштоўнасці, выступае за дэмакратыю, незалежнасць, еўрапейскі выбар. Рух, паўтаруся, аб’яднае тых, хто гатовы працаваць дзеля дасягнення супольных мэтаў. Гэта датычыцца і штабу.

У часе выбараў фармаванне штабу адзінага кандыдата па прынцыпу кааліцыйнага прадстаўніцтва, а не прафесіяналізму, была вымушанай неабходнасцю. Штаб руху фармуецца на аснове гатоўнасці працаваць у адзінай камандзе, прафесійных якасцяў, досведу. Калі людзей аб’ядноўваюць супольныя мэты, няважна, якія арганізацыі яны прадстаўляюць. Спрэчкі і інтрыгі пакідаюцца ў мінулым. Разам мы маем значна больш магчымасцяў для абароны сваіх сябраў і іх падтрымкі. Наша сіла – у еднасці.

Мы маем супольную стратэгію. Да нас далучыліся шматлікія грамадскія ініцыятывы з усіх рэгіенаў краіны.

Рух не перашкаджае, а спрыяе развіццю партыяў і пашырэнню іх міжнародных кантактаў. Падчас выбарчай кампаніі і сакавіцкіх падзеяў у партыі пайшлі людзі, якія паверылі мне. Ужо ад кіраўнікоў партыяў залежыць не расчараваць людзей. Выбух зацікаўленасці Беларуссю за мяжой таксама быў выкліканы тым, што і там убачылі людзей, якія ідуць разам.

Дзякуючы стварэнню Руху апазыцыя становіцца зразумелай выбарцам. З’яўляецца кансалідаваная сіла, якая будзе мець значэнне як галоўны рухавік на шляху да дэмакратычных пераменаў.

У верасні Вы крытычна выказаліся аб тым, наколькі партыі скіраваныя на сур’езную працу на мясцовых выбарах. Як Вы ацэньваеце вынікі мясцовых выбараў?

— На хвалі таго ўздыму, які адбыўся ў сакавіку, была надзея, што партыі змогуць скарыстаць спрыяльную сітуацыю для папулярызацыі сваіх ідэяў, сваіх лідэраў. На жаль, пасля выбараў кіраўнікі партыяў асноўныя намаганні накіравалі не на працу з людзьмі, у тым ліку выкарыстоўваючы выбарчыя кампаніі кандыдатаў ад партыяў, а на ўнутраныя і паміжусобныя спрэчкі. Падрыхтоўка Кангрэсу для высвятлення адносінаў

Большасць дэмакратычных кандыдатаў, пасля таго, як сабралі неабходныя для ўдзелу у Кангрэсе 300 подпісаў, не праводзілі ніякай інфармацыйнай кампаніі. Некаторыя «пазбіралі» подпісы без паходаў да людзей. У апазіцыі з’явіўся тэрмін – «кангрэсіцца».

У выніку грамадства атрымала сігнал, што апазіцыя па‑ранейшаму расколата, што пытанне еднасці не вырашана. А значыць апазіцыя ізноў не мае праграмы і адказаў на пытанні выбарцаў.

Мясцовыя выбары яшчэ раз паказалі, што зніжэнне рэйтынгу Лукашэнкі не азначае падвышэнне рэйтынгу яго апанентаў. Кіраўнікі партыяў ізноў забыліся пра выбарцаў. У выніку мы атрымалі новую хвалю расчаравання, апатыі. Пераадолець гэтыя настроі можна, калі думаць пра людзей. Калі, зрабіўшы крок наперад, не рабіць два крокі назад.

Гутарыў Андрэй Загорскі. (Інтэрвію прадастаўлена Рэдакцыі аўтарам)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0