Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца ў турме ў Жодзіна, атрымаў віншаваньні ад Вацлава Гаўла, якія былы прэзыдэнт Чэхіі напісаў беларускім палітвязьням коратка перад сваёй сьмерцю.

Сайт праваабарончага цэнтру «Вясна» цытуе ліст Бяляцкага з турмы да сяброў, у якім палітвязень згадвае пра свае дзьве сустрэчы з Гаўлам:

«Адна [сустрэча адбылася], калі я быў у складзе беларускай дэлегацыі, дзесьці ў 2005 годзе. Тады зь ім сустракаліся Станіслаў Шушкевіч, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Алесь Міхалевіч і я.

Другім разам мы з Валянцінам Стэфановічам сустракаліся зь ім у 2006-ым годзе, калі ён уручаў мне і «Вясьне» прэмію Homo Homini. Гэтае ўручэньне адбывалася падчас маштабнага фэстывалю праваабарончых фільмаў One World , які праводзіцца ў Празе няўрадавай арганізацыяй «Чалавек у нядолі». Прагляд фэстывальных фільмаў праходзіў у былым вялікім касьцёле. А затым — гэтае ўручэньне, якое мяне моцна ўразіла, бо я лічыў Вацлава Гаўла сваім духоўным настаўнікам. Хоць мы і не былі блізка знаёмыя.

Пасьля ўручэньня ў нас з Валянцінам была 20-хвілінная размова ў цесным коле са спадаром Гаўлам. Мы выпілі разам зь ім па кілішку «Фэрнэту» і пагаварылі наконт сытуацыі ў Беларусі. Нічога асаблівага не было, але я запомніў тое, што ён даволі добра арыентаваўся ў грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

За што я яго паважаў і паважаю — за сапраўдную, не кан'юнктурную салідарнасьць з дэмакратычнымі сіламі, зь беларускім народам. Я проста на духоўным узроўні пры сустрэчы адчуваў, што мы зь ім адной крыві. Гэта як зь іншымі праваабаронцамі, ня важна зь якой краіны ці кантынэнту, такое я адчуваў і ў Расеі, і на Кубе, і ў Тунісе, і ў Францыі. Нягледзячы на тое, што ён быў два тэрміны прэзыдэнтам Чэхіі, улада не сапсавала яго. Я, вядома, паважаў яго за інтэлігентнасьць, за тое, што ён быў сусьветнавядомым пісьменьнікам, і за той стаіцызм, зь якім ён пераносіў рэпрэсіі ў дачыненьні да яго. Ён выступаў за правы чалавека і перасьледаваўся ў значна больш жорсткія часы. Але ў яго была высокая непахісная вера ў тое, што ён мае рацыю і што чэскі народ варты лепшага».

Алесь Бяляцкі чакае разгляду ў Менгарсудзе касацыйнай скаргі на прысуд, паводле якога ён асуджаны на чатыры з паловай гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Праваабаронца сваёй віны не прызнае і лічыць гэты прысуд палітычна матываваным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?