Англамоўная версія інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» закрыецца на суткі на знак пратэсту супраць антыпірацкага законапраекта SOPA (Stop Online Piracy Act).

Акцыя пачнецца раніцай 18 студзеня, паведамляецца ў заяве Сью Гарднер, выканаўчага дырэктара фонду «Вікімедыя».

Гарднер кажа, што прыняцце SOPA можа пагражаць свабоднаму і адкрытаму інтэрнэту, у тым ліку і самой Вікіпедыі. Пры гэтым яна падкрэслівае, што рашэнне аб блакаванні інтэрнэт-энцыклапедыі было прынятае яе рэдактарамі. Яны прагаласавалі таксама за тое, каб акцыя распаўсюдзілася для чытачоў ва ўсім свеце.

На 18 студзеня прызначаны чарговы этап разгляду SOPA ў ніжняй палаце Кангрэсу ЗША, у якім возьмуць удзел прадстаўнікі інтэрнэт-індустрыі.

SOPA прадугледжвае шэраг жорсткіх мераў да пірацкіх рэсурсаў, у прыватнасці, абавязвае інтэрнэт-кампаніі спыняць супрацоўніцтва з імі па запыце ўладаў або праваўладальнікаў.
Супраць законапраекта выступілі Google, Yahoo!, eBay, Facebook, Twitter і іншыя інтэрнэт-карпарацыі, а ў сярэдзіне студзеня да іх далучылася адміністрацыя Барака Абамы.

Аднак, як піша Сью Гарднер, нават нягледзячы на гэта, Вікіпедыя правядзе сваю акцыю, бо паралельна з SOPA ў Сенаце, верхняй палаце амерыканскага Кангрэса, разглядаецца аналагічны законапраект PIPA (Protect IP Act), які мае больш шанцаў на прыняцце.

Гарднер піша, што Вікіпедыя будзе заблакаваная для карыстальнікаў ва ўсім свеце таму, што ў многіх краінах акрэсліваюцца тэндэнцыі да спробаў рэгуляваць інтэрнэт у парушэнне свабод яго ўдзельнікаў. «Мы хочам, каб інтэрнэт заставаўся вольным і адкрытым ўсюды і для ўсіх», — сказала яна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?