Парламенцкія выбары ўжо не за гарой. Яны пройдуць у верасні, а то і раней. Апазіцыйныя сілы ўсё яшчэ не выпрацавалі сваю стратэгію для гэтай кампаніі.
У кампаніі чатырохгадовай даўніны апазіцыя ўдзельнічала. Многія купіліся на кулуарныя размовы, што ўлады прапусцяць некалькі чалавек з альтэрнатыўнымі поглядамі ў «палатку».

Тым не менш, увечары 28 верасня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абвесціла, што ў новы склад парламента трапілі толькі надзейныя людзі.

Прадпрымальнік з Барысава, сябра АГП Віктар Гарбачоў у тую ноч сказаў запамінальную фразу: «Нас кінулі!»

Прычыны для няўдзелу відавочныя: выбары зноў пройдуць сёлета па звычайным сцэнары, апазіцыю не дапусцяць да падліку галасоў.
Нашто чарговы раз ламаць галавой сцяну? Другі немалаважны факт — наяўнасць у краіне палітвязняў. Выбары-2008 праходзілі пасля вызвалення Казуліна.
Пакуль пра свой адназначны няўдзел у новых выбарах заяўляюць Аб’яднаная грама-дзянская партыя, Хрысціянская дэмакратыя, «Еўрапейская Беларусь» і КХП-БНФ. «Выбары ў дурдоме немагчымыя», — ярка адзначыў лідар АГП Анатоль Лябедзька.
«Агульнанацыянальная кампанія байкоту рэжыму можа стаць моцным крокам да адхілення дыктатара ад улады», — перакананы Віктар Івашкевіч. Ён выступае не за «ляжанне на канапе», а за актыўны байкот, то бок прасоўванне ў гэты час сваіх ідэй праз раздачу ўлётак, інфармацыйныя матэрыялы.
Палітвязень Павел Севярынец перакананы, што «байкот адбудзеццца сам сабой».
Апазіцыя ж павінна толькі фіксаваць яго. А яшчэ палітык прапануе правя-дзенне Усебеларускага народнага з’езда.
Да агульнага рашэння ў рамках «шасцёркі» (кааліцыя БНФ, АГП, БХД, «Справядлівы свет», Рух «За Свабоду», «Гавары праўду») яшчэ далёка. Некаторыя групы (Калякін, «Гавары праўду») не выключаюць, што пры пэўных умовах гатовыя вылучыць сваіх прадстаўнікоў.
Альбо зняць іх у апошні момант (БНФ).

Магчыма, рашэнне пра фармат удзелу ў парламенцкіх выбарах магло быць разгледжанае на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Аднак апошнія пяць гадоў апазіцыя не збірала такіх масавых сходаў.

Каардынатар «Гавары праўду» Аляксандр Фядута лічыць: «Трэба спалучаць удзел у выбарах і ціск на ўладу праз пагрозу байкоту.
Тым больш што насамрэч усё відавочна спалучаецца».

На яго думку, ідэі, сфарміраваныя Івашкевічам, мала чым розняцца ад тых, што былі падчас выбараў-2000. «Той байкот сэнсу наогул не меў, бо гэта было нічоганерабленне».

Сам лідар кампаніі Някляеў кажа, што гатовы ўдзельнічаць у палітычных кампаніях толькі ў выпадку выхаду з турмы ўсіх палітвязняў. «Актыўны байкот патрабуе нашмат большых сродкаў, чым удзел у «выбарах». Каб данесці прычыны байкоту да людзей, трэба рэсурс нашмат большы, чым мае ўся апазіцыя», — кажа Някляеў.

Ва ўдзеле апазіцыі ў выбарах зацікаўленая і ўлада.
Напрыклад, Лідзія Ярмошына кажа: «Не будзе ніякага байкоту. Ніводная апазіцыйная партыя тады не зможа існаваць».

«Байкот саміх сябе», — называе эканаміст Сяргей Балыкін адмову АГП і іншых палітычных партый ад удзелу ў выбарах.

Тым не менш, выглядае, што гэтыя выбары апазіцыя будзе байкатаваць. Апошні раз гэты метад яна выкарыстоўвала ў 2000-м. Тады ў адказ улада была вымушаная прапусціць у палатку некалькіх «кіраваных апазіцыянераў».
У наступныя выбары ўдзел не даў і гэтага.
Каментар

Пара склікаць З’езд

Як апазіцыі выкарыстаць «выбары» ў «парламент», што пройдуць у 2012-м? На гэтае пытанне няма ясных адказаў.

Удзел у «выбарах» бессэнсоўны, пакуль у краіне дыктатура і няма празрыстага падліку галасоў.

Людзі на выбары не пойдуць. Будуць заганяць праз прадпрыемствы і ставіць птушачкі, як ужо не раз бывала.

Але і пусты няўдзел не павялічыць «заўважнасць апазіцыі». А важна, каб людзі бачылі: іншы лад магчымы, краіна можа пайсці і ў іншым кірунку.

Каб выбраць дынамічны сцэнар, патрэбна легітымная трыбуна. Такой трыбунай можа стаць Кангрэс дэмакратычных сілаў або, у новай тэрміналогіі Севярынца, Усебеларускі народны з’езд. Акрамя пытання палітычнай тактыкі на 2012-ы, ёсць і стратэгічныя пытанні: як рыхтавацца да 2015-га.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?