«Сёньня ў Менску праходзіць «усебеларускі народны сход» — гэта прафанацыя, марная трата нашых з вамі грошай. Не зважайце на тое. Наш сход будзе 19-га — сапраўды народны і ўсебеларускі», — заявіў кандыдат ад дэмакратычных сілаў. 28 лютага ён запісаў праграмны тэлезварот да беларускіх грамадзянаў. Выступ будзе паказаны на БТ 2 сакавіка а 18.30. Для тых, хто не пабачыць яго, прапануем асноўныя палажэньні звароту.

Чаму ўлада павінна зьмяніцца?

«Чаму 19 сакавіка ўлада мусіць зьмяніцца? Бо 12 год — дастатковы тэрмін. Кожны гэта разумее. Усё, што ён мог, чаго хацеў, за 12 год зрабіў. Болей, лепей ён ужо нічога не прыдумае і ня зробіць. Гэта закон жыцьця, палітыкі».

На ягоную думку, такое доўгае кіраваньне аднаго чалавека непазьбежна вядзе да злоўжываньняў і маральнае дэградацыі, а ў трэці тэрмін да гэтага дадасца яшчэ дзяльба ўласнасьці хаўрусьнікамі. «Як будзеце ў Менску 19 сакавіка — заедзьце ў Дразды, паглядзеце, якое там адбудавана царскае сяло», — заклікаў А.Мілінкевіч. І гэта толькі бачны бок, між тым многае застаецца схаваным ад людзей, бо «органы нагляду за законнасьцю падначалены выканаўчай уладзе і таму маўчаць», а «незалежная прэса забаронена». Ён прынёс з сабой у студыю стос забароненых выданьняў.

«Мы яшчэ за галаву схопімся, калі даведаемся пасьля выбараў існы стан рэчаў», — заявіў А.Мілінкевіч.

«Справа Жураўковай, справа Рыбакова, справа Іванова. Гэта ж прэзыдэнтавы людзі, ім прызначаныя. У любой якой іншай краіне прэзыдэнт мусіў бы несьці адказнасьць за такія прызначэньні. Чаму Жураўкова, што скрала мільёны даляраў, памілавана? Чаму памілаваны Іваноў? Пасьля 19 сакавіка мы вернемся да гэтых справаў і перадамо іх на паўторны разгляд у суд, калі трэба».

Мы адкрыем рынак збыту

Далей кандыдат у прэзыдэнты расказаў пра сваю каманду і праграму.

«Да ўлады ідзе моцная каманда зь яснай і выгаднай для краіны праграмай. У камандзе 12 тысяч чалавек, 6 акадэмікаў і сяброў-карэспандэнтаў Акадэміі навук, 22 дактары навук, 114 кандыдатаў навук».

Ён назваў каманду А.Лукашэнкі «шклоўскім кланам», а аб’яднаўчымі прынцыпамі сваёй кааліцыі назваў «вернасьць прынцыпам свабоды, законнасьці і дэмакратыі».

Выступ па эканамічным блёку А.Мілінкевіч пачаў з энэргетычнага пытаньня. «Мы разумеем, што гэта будзе асноўная задача новага ўраду: забесьпячэньне бесьперапыннасьці паставак і прымальнасьці цэнаў на газ і нафту. Мы ўжо працуем над гэтай задачай, як з Усходам, так і з Захадам». Ён намякнуў, што гэтым былі абумоўленыя ягоныя візыты ў Маскву й Бэрлін перад пачаткам выбарчай кампаніі».

Ён назваў Эўропу «агромністым надзейным рынкам збыту на вякі для нашых заводаў, калгасаў, фірмаў і кампаніяў. Гэта будзе будучыня ня толькі наша, але і нашых унукаў». На ягоную думку, А.Лукашэнка няздольны адкрыць гэты рынак для беларускай эканомікі. «Такіх, як Лукашэнка, там ня прымуць. Эўропа ж бо прайшла дыктатуру Гітлера. Дыктатары былі ў Гішпаніі, Грэцыі — усе ад іх пазбавіліся».

А.Мілінкевіч паўтарыў сваё абяцаньне давесьці за пяць гадоў сярэдні заробак у краіне да 550 эўра. Ён таксама паабяцаў заканадаўча забараніць зацьвярджэньне пэнсіяў ніжэй пражытковага мінімуму.

Асабістая мара — «фольксваген»

А.Мілінкевіч падзяліўся «сваёй асабістай марай» — пабудаваць у Беларусі завод легкавых аўтамабіляў. «Фольксваген» запросім. Новы, а не патрыманы аўтамабіль — такім я бачу сацыяльны стандарт для кожнага. Дарэчы, абяцаю: пакуль беларускага заводу па вытворчасьці легкавікоў ня будзе, мы скасуем мытныя пошліны на ўвоз аўтамабіляў.

Гарадзенец сяла не папсуе

Пра сельскую гаспадарку А.Мілінкевіч гаварыў амаль столькі ж, колькі аб прамысловасьці. Ён паабяцаў аднавіць парытэт цэнаў на сельскагаспадарчую і прамысловую прадукцыю і бюджэтных укладаньняў у горад і сяло. «Вы мне паверце: ураджэнец Гарадзенскай вобласьці сельскагаспадарчую палітыку не папсуе», — пажартаваў ён.

Ён абверг думку, што эканамічнаму росту краіна заўдзячвае А.Лукашэнку: «Хай вам ня маняць. Багата што робіцца ў краіне незалежна ад дзяржаўнай улады. Рост эканомікі людзі робяць, вось і эканоміка расьце. Тут Лукашэнка ці Мілінкевіч ні пры чым, ня трэба спэкуляваць. Ведайце, у дамах як было цяпло, так і будзе. Што трэба мяняць, дык гэта палітычную сыстэму, стаўленьне да чалавека трэба мяняць. Зьменяцца дачыненьні дзяржавы і грамадзтва, у нас будзе ня ўлада сілы, а ўлада закону. Прэзыдэнт Мілінкевіч будзе заўсёды трымацца закону. Але прэзыдэнт Мілінкевіч ня будзе пераўтвараць сябе ў імпэратара, а грамадзянаў — у халопаў. Гэта не ў маёй традыцыі».

Я беларус і гэтым ганаруся

А.Мілінкевіч падкрэсьліў: «Я процілегласьць Лукашэнку. Ён савецкі чалавек, ён сам гэта прызнаваў. Я беларус і ганаруся гэтым. Я пэўны, што наступным прэзыдэнтам Беларусі будзе не савецкі чалавек, але беларус. Сама гісторыя дыктуе гэта.

Ніякая ў нас цяпер не рэспубліка, ніякая не дэмакратыя. Беларусь пераўтворана ў абсалютную манархію. У манархію! 7 лістапада леташняга году хлопец у Гомелі выйшаў на мітынг з плякатам «Далоў самадзяржаўе». Што ж вы думаеце — яго арыштавалі!

Вось сёньня ў Менску праходзіць усебеларускі народны сход — гэта прафанацыя, марная трата нашых з вамі грошай. Не зважайце на тое. Наш сход будзе 19-га — сапраўды народны і сапраўды ўсебеларускі».

Вы ведаеце мой род

А.Мілінкевіч асобна зьвярнуўся да некаторых групаў насельніцтва.

Зьвяртаючыся да настаўнікаў, ён прыгадаў свайго бацьку — дырэктара школы, кавалера ордэну Леніна. «Я ведаю, якая цяжкая ваша праца. Такая ж высакародная, як праца доктара ці хлебароба, — сказаў ён. — Зьвяртаюся найперш да вас, шаноўныя пэдагогі, бо вы, як ніхто, ведаеце, якую міну пад будучыню краіны закладвае цяперашняя падманная ўлада… Ведаеце, як хлусьня спараджае хлусьню. Як мана плодзіць ашуканства, зладзейства».

Пэнсіянэраў ён папрасіў 19 сакавіка «галасаваць сэрцам».

Кандыдат ад дэмакратычных сілаў заклікаў моладзь у гэты месяц «кінуць усё і аддаць сябе цалкам Бацькаўшчыне». «Не пашкадуеце! Паверце, такіх дзён, такога драйву ў вас, можа, за цэлае жыцьцё больш ня будзе». Ён агітаваў: «Кажыце сваім сябрам: ёсьць іншая музыка, ёсьць музыка Свабоды. Няма на сьвеце нічога лепшага за яе. І мы яе пачуем 19 сакавіка!»

Зьвяртаючыся да вернікаў, ён працытаваў словы зь літургіі: «Дай нам Бог стойкасьці ў веры, мужнасьці ў выпрабаваньнях і вернасьці свайму народу» — і зь Сьвятога Пісьма: «Па справах іхных пазнаеце іх». «Вы ведаеце мае справы, ведаеце справы майго бацькі, майго дзеда, які за арганізацыю беларускіх школаў сядзеў у польскай турме, маіх прадзедаў, што поплеч з Каліноўскім змагаліся за незалежнасьць Беларусі. Мае продкі пад кулі, у турму ішлі за Беларусь, за нашу мову, за нашу праўду. Хто будзе за праўду, калі ня вернікі?» Ён заклікаў усіх маліцца, каб 19 сакавіка Бог паслаў Беларусі прасьвятленьне.

«Час Свабоды блізкі. Вашы ахвяры ня марныя. Будзьце сэрцам з намі 19 сакавіка», — зьвярнуўся ён да палітвязьняў, пералічыўшы іх пайменна. Ён таксама заклікаў «маці і жанок вязьняў сумленьня — зьніклых, беспадстаўна арыштаваных, зьбітых, абылганых» — прыйсьці 19 сакавіка на плошчу і ўстаць поплеч зь ім. «Імёнамі самых дарагіх вам людзей будуць названы вуліцы нашых гарадоў», — паабяцаў ён.

Пазнаемся па сінім

Сваю пэўнасьць у перамозе А.Мілінкевіч грунтуе на зьвестках незалежных сацыёлягаў. Каб прыхільнікі пераменаў бачылі адзін аднаго, ён прапанаваў у якасьці знаку нашага адзінства — «сіні колер».

Ён папярэдзіў, што перад 19-м улада рыхтуе правакацыі з падкіданьнем зброі, валюты, падманных дакумэнтаў, і ўсклаў адказнасьць на А.Лукашэнку і заклікаў да стойкасьці: «Калі мы не адстаім свайго выбару 19-га, іншага шанцу на свабоду доўга можа ня быць» і краіну можа чакаць «лёс Паўночнай Карэі».

Людзі пакляліся

А.Мілінкевіч папярэдзіў, што рыхтуецца фальсыфікацыя вынікаў галасаваньня. «19-га ад 10-й раніцы тэлебачаньне будзе абвяшчаць па ўсіх каналах, што Лукашэнка набірае 80% галасоў. Нахабна, ня лічачы, не дачакаўшыся канца галасаваньня».

«Але мы будзем ведаць рэальны вынік выбараў, — паабяцаў ён. — Мы абвесьцім яго на плошчы. Любымі спосабамі дабірайцеся да Менску, 19-га, да 20-й гадзіны. Будуць прысутныя ўсе сусьветныя і расейскія тэлеканалы. Будуць сотні незалежных назіральнікаў. І будзем мы, нас будуць дзясяткі тысяч. Толькі на плошчы вы даведаецеся сапраўдныя вынікі галасаваньня. І няхай улада на 74 тысячы чальцоў выбарчых камісіяў уключыла, нібы сьмеючыся над усімі намі, толькі аднаго нашага прадстаўніка. Але ў нас ёсьць свае людзі ў камісіях, якія пакляліся даведацца і сказаць праўду, чаго б ім гэта ні каштавала».

З апэляцыяй да сілавікоў

А.Мілінкевіч заявіў рэзка: «Я вам скажу: для гэтага рэжыму ня важна, як вы галасуеце. Толькі людзі на вуліцах змогуць іх працьверазіць».

Ён амаль даслоўна паўтарыў словы А.Лукашэнкі, але з супрацьлеглым пасланьнем: «Толькі народ вырашыць будучыню сваёй краіны. Толькі беларускі народ! Калі мы прайграем, я тамсама, на плошчы шчыра прызнаю сваю паразу. Але калі я набяру болей ад паловы галасоў, пераход улады будзе ажыцьцёўлены згодна з Канстытуцыяй, пад пільным кантролем сілавых структураў».

Выхад на плошчу ён таксама абгрунтаваў традыцыяй разам сустракаць вынікі выбараў, што існуе ў розных краінах і ў Беларусі.

Да сяброў сваёй каманды ён зьвярнуў наступныя словы: «Мая каманда вядзе выключна сумленную кампанію. Гэта наш прынцып. Што робіць улада? За час кампаніі сілавыя структуры затрымалі 220 нашых актывістаў. Тым ня менш, хлопцы і дзяўчаты — церпім! Церпім да 19 сакавіка. Я прашу сваіх актывістаў: нават калі вас будуць біць ніжэй поясу, не паддавайцеся на правакацыі. Мы ідзём на перамогу. Калі толькі што-кольвек зробіце несумленна, гэта будзе для іх зачэпкай. Мы выйграем сумленна».

А.Мілінкевіч паўтарыў сваю прапанову А.Лукашэнку правесьці тэледэбаты ў жывым этэры.

«Наша перамога непазьбежная, як сьвітанак», — так скончыў ён свой тэлезварот.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0