У Беларусі разглядаецца пытанне аб павышэнні ставак адзінага падатку для прадпрымальнікаў, паведаміў 18 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.

«Гэта пытанне зараз разглядаецца, падатковыя органы правялі адпаведныя разлікі, аналіз даходнасці відаў дзейнасці.
Прапановы па змяненні ставак уносяцца ў абласныя саветы і Мінскі гарадскі савет», — сказаў Расолька.

Ён удакладніў, што Падатковы кодэкс устанаўлівае толькі базавыя стаўкі адзінага падатку, а канкрэтныя стаўкі для кожнага асобнага рэгіёну вызначаюць абласныя і Мінскі гарадскі савет.

Пры кожным аблвыканкаме створана камісія па разглядзе гэтых пытанняў. У склад такіх камісій уваходзяць як прадстаўнікі аблвыканкамаў, падатковых органаў, гэтак і прадпрымальніцкіх структур. «І калі такія рашэнні будуць прынятыя, вядома, стаўкі будуць павышаныя», — заявіў прадстаўнік МПЗ.

Ён падкрэсліў, што базавыя стаўкі не мяняліся з 2010 года.

«Таму я думаю, што яны будуць змененыя адназначна, але ў якім памеры, канкрэтна вызначыць кожная вобласць»,
 — сказаў Расолька.

Нагадаем, раней старшыня Каардынацыйнага савета індывідуальных прадпрымальнікаў Анатоль Змітровіч паведаміў БелаПАН, што стаўку адзінага падатку для прадпрымальнікаў плануецца павялічыць у 2,5–3 разы.

Расолька таксама нагадаў пра іншыя змены, што тычацца ўплаты прадпрымальнікамі адзінага падатку. Так, 1 студзеня ўведзена норма, у адпаведнасці з якой адзіным падаткам будуць абкладацца даходы ад продажу тавараў з рознічнай гандлёвай сеткі суб’ектам гаспадарання. Пры гэтым выключаецца неабходнасць вядзення прадпрымальнікамі раздзельнага ўліку даходаў і прымяненне адначасова розных сістэм падаткаабкладання.

«Раней прадпрымальнік, які ажыццяўляў рознічны гандаль і адпускаў тавары суб’ектам гаспадарання, быў абавязаны пераходзіць або на спрошчаную сістэму падаткаабкладання, або на ўплату падаходнага падатку. Але зараз гэтага рабіць не трэба. Гэта спросціць вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці», — удакладніў Расолька.

Унесены таксама змяненні ў правілы налічэння адзінага падатку. Расолька растлумачыў, што да 1 студзеня 2012 года адносна тавараў, не вырабленых у Беларусі, да стаўкі адзінага падатку прымяняўся павышальны каэфіцыент 2. З 1 студзеня гэтага года норма гэта распаўсюджваецца толькі на тавары, на якія адсутнічаюць дакументы, што пацвярджалі б іх набыццё.

«Гэта значыць, калі на тавар ёсць дакумент, то незалежна ад таго, імпартны гэта тавар ці айчынны, прадпрымальнік не будзе выплачваць павышальны каэфіцыент», — зазначыў прадстаўнік МПЗ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?