Старэйшы сын памерлага ў снежні 2011 года лідэра КНДР Кім Чэн Іра — Кім Чэн Нам — зноў раскрытыкаваў перадачу ўлады яго малодшаму брату Кім Чэн Ыну і адначасова распавёў, чаму сам не стаў пераемнікам свайго бацькі.

У часе электроннай перапіскі з журналістам японскай газеты Tokyo Shimbun першынец нябожчыка дыктатара, які пастаянна пражывае ў кітайскай правінцыі Макао, заявіў, што раіў Кім Чэн Іру правесці ў КНДР дэмакратычныя рэформы.
Ён піша, што таксама намякаў бацьку на заклапочанасць сусветнай супольнасці ў сувязі з выпрабаваннямі ядзернай зброі і пускамі ракет, якія праводзіла Паўночная Карэя.

На думку Кім Чэн Нама, у тым, што яму не пакінулі ў спадчыну цэлую краіну, адыгралі сваю ролю і асабістыя адносіны з бацькам. Ён распавёў, што падчас навучання за мяжой яму было вельмі самотна, а ў гэты час другая жонка Кім Чэн Іра пачала нараджаць яму іншых дзяцей, пасля чаго любоў бацькі стала схіляцца ў іх бок.

«Я ж у час шматгадовай вучобы за мяжой ператварыўся ў капіталістычнага хлопца, і бацька пасля гэтага скараціў час, на які пасылаў іншых сваіх дзяцей у замежныя школы», —
заявіў Кім Чэн Нам. Зрэшты, па іншай версіі, Кім Чэн Ір пазбавіў першынца ўлады з-за яго выхадкі ў 2001 годзе, калі ён
спрабаваў патрапіць на тэрыторыю Японіі па падробленым пашпарце, каб наведаць «Дыснэйлэнд».

Зводны брат новага лідэра КНДР у сваім лісце не абмінуў магчымасць зноў раскрытыкаваць перадачу ўлады яго малодшаму брату. Паводле яго слоў, той жа Кітай прызнае спадчынніка Кім Чэн Іра толькі дзеля ўнутранай стабільнасці на поўначы Карэі.

«Перадача ўлады ў трэцім калене — гэта пасмешышча для ўсяго свету», — сказаў на заканчэнне Кім Чэн Нам.

Раней у інтэрв’ю той жа газеце зводны брат Кім Чэн Ына заявіў, што той будзе адыгрываць у КНДР ролю намінальнага лідэра, тады як уся паўната ўлады будзе засяроджаная ў руках мясцовай эліты.

Свайго скептычнага стаўлення да новага паўночнакарэйскага лідэра не хаваюць і ў Вашынгтоне. Да прыкладу, міністр абароны ЗША Леон Панета назваў Кім Чэн Ына «хлопчыкам», а таксама «новым і маладым дзеячам», за дзейнасцю якога пільна назіраюць у Вашынгтоне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?