Замест уступу. Слёзы Янкі Купалы

Гэта было даўнавата. Расійская служба радыё «Свабода» перадавала запіс апавядання Івана Гронскага…

Іван Гронскі — галоўны рэдактар «Известий», старшыня аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР (у СССР, заўважце, яшчэ былі і несавецкія пісьменнікі), правая рука Іосіфа Сталіна ў пытаннях літаратуры. Ягоныя рэкамендацыі мясцовым партыйным арганізацыям ў пытаннях літаратуры мелі дырэктыўны характар. Ён быў надзелены правам выпісваць пісьменнікам акадэмічныя пайкі і да т. п.

Дык вось, Гронскі звярнуў увагу на тое, што ў польскім друку шмат пішацца пра пераслед у БССР народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.
(Хто з гісторыкаў нашай літаратуры вывучыў міжваенны польскі друк?) Звярнуў Гронскі ўвагу і на тое, што Купала і Колас не ўключаныя ў склад аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР. Як несавецкія пісьменнікі.
І вось Гронскі тэлефануе ў Менск (яшчэ Менск!) Мікалаю Гікалу, першаму сакратару ЦК КП(б)Б, ды пытаецца: што ў вас Купалам і Коласам? Гікала пачаў «каціць бочку» на абодвух: і гультаі, і п’яніцы (асабліва Купала)… Выслухаўшы тыраду першага сакратара ЦК КП(б), Гронскі выказаў пажаданне, каб Купала і Колас прыехалі да пэўнага чысла ў Маскву.

Прыехаўшы ў Маскву, Купала з Коласам былі прынятыя Гронскім. Старшыня аргкамітэта пачаў распытваць іх пра жыццё. І мусіць, знайшоў падыход да аднаго і другога, бо Купала сарваўся і пачаў плакаць…

Потым Гронскі разам з Купалам і Коласам прыйшоў на пасяджэнне аргкамітэта. Прадставіўшы ўдзельнікам пасяджэння абодвух патрыярхаў нашай літаратуры, ён прапанаваў кааптаваць іх у склад аргкамітэта. Ніхто, у тым ліку і прадстаўнікі аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР, ані слова не сказаў супраць.

Дарма вы будзеце шукаць гэты факт у жыццяпісе Купалы, змешчаным у Поўным зборы ягоных твораў. Там толькі сказана, што 12–19 лютага 1933 года Купала браў удзел у пасяджэнні аргкамітэта ССП СССР. А ў наступным запісе адзначана, што ў канцы лютага — пачатку сакавіка 1933 года адбылося пасяджэнне аргкамітэта ССП БССР, і на гэтым пасяджэнні Купала быў «кааптаваны ў яго склад». Вось так: спачатку Масква, СССР, потым Менск, БССР. Няма прарока ў айчыне.

Былі ў тым апавяданні Гронскага і іншыя дэталі. Але ў памяць мне ўрэзалася тое, што Купала быў даведзены менскімі чыноўнікамі і «калегамі» па пяру да адчаю, да слёз.

22% і «адсоткаў дзевяноста»

Спачатку я не чытаў Бахарэвічавых тэкстаў, бо не спадзяваўся вычытаць у іх што-небудзь новае для сябе. Не прадчуваў я і эстэтычнай асалоды ад чытання тэкстаў. Аднойчы я слухаў Альгерда Бахарэвіча на зборцы бум-бам-літаўцаў і прыйшоў да высновы: хам.
Пэцкаючы «старых», ён нагэтулькі ўвайшоў быў у раж, што яго пачалі сунімаць «свае».
Чаму я ўсё ж прачытаў два скрыпты? Ды таму, што два свае тэксты, напісаныя з нагоды Бахарэвічавых скрыптаў, даслаў мне па электроннай пошце Пётра Садоўскі — чалавек начытаны, якому ўласцівая Gründlichkeit у асэнсаванні філалагічных пытанняў.
Ён не паленаваўся і прысвяціў скрыптам міні-даследаванне «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» як мастацкі твор» і артыкул «Мадэрнізаваная эстэтыка як інтэлектуальны «эфект ачужэння».

Асобныя нашы постамдэрністы лянуюцца чытаць «вялікія наратывы», усё больш-менш ёмістае ў іх выклікае жах.

У наш камп’ютарна-калькулятарны век, калі лёгка падлічыць колькасць знакаў, радкоў і слоў амаль у любым творы, яны больш вераць сваім уражанням і абвяшчаюць аднолькава «тоўстымі» «Уліса» і «Новую зямлю». Мне спадабалася, як Пётра падлавіў на гэтым Бахарэвіча.
Замест таго, каб сапраўды заняцца вывучэннем і палічыць, колькі якіх рыфмаў у «Новай зямлі», Бахарэвіч, зноў жа, верыць свайму уражанню і заяўляе, што паэма «адсоткаў на дзевяноста» створаная з дзеяслоўных рыфмаў. Пётра не паленаваўся і падлічыў, што ў першай песні «дзеяслоўная рыфма складае сярод усялякіх розных 22%».
Пётра дэманструе прафесіяналізм і паблажліва прапануе лічыць Бахарэвічаў «Гамбургскі рахунак» мастацкім творам. Вось тут я не згаджуся. Дайшоўшы да сярэдзіны тэксту пра Купалу, я падумаў: Бахарэвіч — гэта Лукаш Бэндэ наадварот. Тая ж самаўпэўненасць, тая ж пракурорска-чэкісцкая напорыстасць і тая ж недасведчанасць і вульгарнасць у падыходзе да мастацкіх з’яў.
Адрозненне адно: там, дзе Бэндэ ставіў Купалу плюс, Бахарэвіч ставіць мінус. Але
да тэксту пра Янку Купалу я вярнуся пазней. Спачатку — пра тэкст, прысвечаны Цётцы.

Мазкі

«Потым я зразумеў, што

тут няма ніякага аналізу беларускай літаратуры, а ёсць толькі мазаічныя іранічныя эсэ-мазкі пра асобных беларускіх творцаў з алюзіямі на еўрапейскі дыскурс, разлічаныя на скандальную рэакцыю», — прызнаецца Садоўскі, разглядаючы экзерсіс Бахарэвіча, прысвечаны Якубу Коласу, «Новай зямлі».

Паўтараю: я не чакаў ад Бахарэвіча нейкіх адкрыццяў, новых ідэй.

Пішучы пра Цётку, Бахарэвіч, спрабуе нас уразіць: ды яна сапраўдны дзядзька і ёй «больш пасаваў бы іншы псэўданім: Дзядзька. Настолькі яе паэзія [уся паэзія? — А.С.] мужчынская, агрэсіўная, безапэляцыйная, цяжкая, быццам кулак на скуле».

Дык

хто ж не ведае, што свае першыя публікацыі і кніжкі Пашкевічанка падпісвала як Мацей Крапіўка, Банадысь Асака, Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка, Тымчасовы? І не таму, што ёй так хацелася, а таму, што так у маскулінны век мусілі паводзіцца, бадай, усе феміністкі, усе жанчыны, якія заняліся «мужчынскай» справай — літаратурай і палітыкай. Цёткаю яна стала выпадкова, бо гэтак, наколькі помніцца з чытанага, яе назвалі на адным з мітынгаў («во сказала цётка!»). А магла б застацца Гаўрылам ці Гаўрылам з Полацка — як на вокладках сваіх кніжак. Былі ж да яе і Жорж Санд, і Марка Ваўчок…

Гэта літаратурны шэраг. А можна было б выбудаваць і палітычны. У рэвалюцыйным руху Расіі да Алёйзіі Пашкевічанкі ўжо была адна Цётка — смаленская паненка Вера Засуліч. Тая самая, што страляла ў піцерскага граданачальніка і стала сузаснавальніцай расійскай сацыял-дэмакратыі.

Рэвалюцыйная барацьба вымагала ад жанчын мужнасці. У лінгвістычным плане гэта ненатуральнае слова спалучэнне — «мужнасць жанчыны», — але што зробіш?
У жыцці яно так: калі мужчынам бракуе мужнасці, за справу бяруцца жанчыны. Дый не толькі таму. Ёсць такое паняцце — роўнасць людзей, іх раўнацэннасць. У тым ліку і незалежна ад полу.

«Дзядзька Пашкевіч, — піша Бахарэвіч пра Цётку, — ведаў, што той народ, які ён так любіў, наўрад ці будзе слухаць «бабу».

Слухаў яе народ, у літаральным сэнсе слухаў. Не толькі супрацоўнікі лячэбніцы ў Нова-Вілейску, дзе яна працавала фельчаркай, не толькі рабочыя на мітынгах і прадпрыемствах у Вільні, але і сяляне. І ніводзін мужык з падвіленскіх вёсак, куды яна хадзіла як агітатар і куды насіла пракламацыі, не здаў яе ўладам.

Бахарэвіч піша, што Цётка «паспела напісаць дзве кніжкі вершаў». Удакладнім: яна выдала дзве кніжкі вершаў, але абедзве лацінкаю і кірыліцаю. Ды яшчэ тры яе вершы друкаваліся ўлёткамі (колькасць выданняў і наклад дакладна не падлічаныя). А наагул кніжак было болей. Пералічыўшы ўсе Цётчыны заняткі, Альгерд Бахарэвіч чамусьці забыў пра яе педагагічную дзейнасць і пра тое, што яна была аўтаркай адной з першых чытанак для дзетак беларусаў (таксама выдадзена лацінкаю і кірыліцаю). Гэтая, трэцяя, кніжка выйшла ў свет не пад мужчынскім, а пад жаночым імем — Цётка. Добрая цётка напісала для дзетак кніжку з вершыкамі, апавяданнямі, прыказкамі, загадкамі… Не такая яна й «агрэсіўная» ды «безапеляцыйная», як сцвярджае Бахарэвіч. І ці не заканамерна, што гэтая цётка становіцца літаратурным рэдактарам «Лучынкі» — часопіса для моладзі?

У тым Бахарэвічавым выказванні мяне бянтэжыць слова «паспела». А ці спяшалася Цётка пісаць і друкаваць вершы, выдаваць іх кніжкамі? На нізкую яе прадукцыйнасць як паэткі ў сваім аглядзе «За тры гады» злёгку наракаў Максім Багдановіч. Пасля выхаду зборнікаў «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» яна надрукавала толькі 12 вершаў — роўна ў два разы менш, чым на пачатку творчасці. Як відаць, Цётка не вельмі спяшалася з вершамі.

Чаму яна так мала пісала вершаў? Ці толькі адарванасць ад Бацькаўшчыны, а пасля вяртання занятасць у тэатры Ігната Буйніцкага, у часопісе «Лучынка» былі таму прычынаю? Вось пытанне, вартае асэнсавання.

Цётка пакінула Бацькаўшчыну ў 1906 годзе — пасля выхаду першага нумару «Нашае Долі». Вярнулася ў 1911 годзе. Яна пачынала яшчэ ў той час, калі жыў Мацей Бурачок. Можна сказаць, што яна — Мацеева духоўная дачка. Пэўна, таму і назвалася Мацеем Крапіўкам. Каго мы бачым у тагачаснай літаратуры, апроч яе, Каруся Каганца, эпізадычнага Дзядзькі Пранука ды Ядвігіна Ш., якому яшчэ належала раскрыцца? Больш ніхто не друкаваўся. Калі ж яна вярнулася з Аўстра-Вугоршчыны, дык свае зборнікі ўжо выдалі Купала і Колас, з берагоў Волгі даносіўся ўпэўнены голас Максіма Багдановіча, з далёкае Сібіры, з ссылкі — Алеся Гаруна, дэбютавалі Змітрок Бядуля і зусім дзіця Канстанцыя Буйло…

Як пачувалася Цётка ў новай літаратурнай сітуацыі? Вось дзе поле для разваг. Але для гэтага патрэбная грунтоўная гісторыка-літаратурная і тэарэтычная падрыхтоўка. Для гэтага патрэбна карпатлівая праца. Значна лягчэй напісаць нешта публіцыстычнае, без заглыблення ў эпоху, у паэтыку Цёткі і яе сучаснікаў, без усякай кампаратывістыкі.

І не забудзьма, што ў 1906—1915 гг. Цётка выступае як празаік і публіцыст. Ды Бахарэвіч засяроджваецца на ейнай паэтычнай творчасці, спрабуючы пераканаць нас, што «яе паэзія [уся паэзія? — А.С.] мужчынская, агрэсіўная, безапэляцыйная, цяжкая, быццам кулак на скуле». Аднак усёй паэтычнай спадчыны Цёткі аўтар чамусьці не разглядае, а мімабегам закранае толькі вершы «Вясковым кабетам», «Мора», «Мае думкі», «З чужыны», своеасабліва цытуе верш «Суседзям у няволі». Пішучы ж пра верш «Мае думкі»,

Бахарэвіч на поўным сур’ёзе сцвярджае, што Дзядзька Пашкевіч (г. зн. Цётка, якая ўвайшла ў мужчынскую ролю) «хоча апладніць «ніўкі». Ведама, было б цікава, калі б гэты ды іншыя творы Цёткі разгледзеў псіхааналітык. Аднак у вершы «Мае думкі» я не знайшоў слова «апладніць». Там напісана:

Хацела б быць зярном пшаніцы,
Упасць на ніўкі вёскі,
Зазалаціцца, без мятліцы
Даць хлеб смачнейшы трошкі.

У гэтых радках я, напрыклад, бачу гатоўнасць лірычнага героя ахвяраваць сабою дзеля багацейшага жыцця народу. Пры чытанні гэтых радкоў мне згадваецца евангельскі вобраз зярняці, якое мусіць упасці на зямлю і памерці, каб даць багаты плод:

«Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы на зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі ж памрэ, дык уродзіць багата плоду» (Ян 12:24). Ці будзем паддаваць псіхааналізу гэтую логію?

Асабліва ж у Бахарэвічавым скрыпце дастаецца вершу «Вера беларуса», а дакладней апошнім дзевяці радкам яго:

Бачу, братцы, мы не з карт,
Мы не з гіпсу, мы — з камення,
Мы — з жалеза, мы — са сталі,
Нас кавалі у пламенні,
Каб мацнейшымі мы сталі.
Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту,
Рука цвёрда, грудзь акута,
Пара, братцы, парваць пута!

«То з камення, то са сталі, то зноў з камення. Складаныя хімічныя працэсы адбываюцца з вамі, панове», — кпіць Бахарэвіч. І сумняваецца, што калі-небудзь гэтыя «хімічныя працэсы» прывядуць да рэалізацыі таго, што заяўлена ў першым радку верша: «Веру, братцы: людзьмі станем».

Гэта, ведама, не аналіз твора, гэта сапраўды сцёб з нагоды твора, яго пэўных радкоў, якія выглядаюць алагічнымі.

Гэта той выпадак «аналізу», да якога стасуюцца радкі Аляксандра Пушкіна: «Звуки умертвив, Музыку я разъял, как труп».
І зроблена гэта дзеля сцёбу.

Тут варт нагадаць, што першы радок гэтага верша вынес у загаловак свайго артыкула пра Цётку Ніл Гілевіч, што восем апошніх радкоў гэтага верша, адзначыўшы іх чаканнасць, цытаваў, як «баявы трубны кліч», у сваім артыкуле «Стану песняй у народзе…» Анатоль Вярцінскі, што радкі 2–5 з вышэйпрыведзенай цытаты Рыгор Бярозкін у сваёй працы пра Цётку назваў радкамі «шырокага паэтычнага абагульнення»… Вось бы ўзяў Бахарэвіч і паспрачаўся ў літаратуразнаўчых тэрмінах з Бярозкіным ды паклаў бы вершазнаўчымі аргументамі на лапаткі Гілевіча з Вярцінскім… Ці сілы малавата?

Найлепшым у «баксёрскай паэзіі» Цёткі нам прапанавана лічыць верш «Мае думкі» (той, у якім паэтка хоча «апладніць») ды яшчэ адно чатырохрадкоўе (яно не паказана; маўляў, здагадайцеся самі) «з нуднага навагодняга верша пад назваю «З чужыны». А вось Багдановіч у 1914 годзе пісаў: «Довольно своеобразны и хороши изредка появляющиеся стихотворения Тетки (М.Крапіўка)…» Мусіць, пазнейшыя творы паэткі («Грайка», «Гаданне» і «Сірацінка») не ўпісваюцца ў Бахарэвічаву канцэпцыю «баксёрскай паэзіі» Цёткі, і ён вырашыў іх прамаўчаць? А то мне было б цікава пачытаць, як ён аспрэчвае Багдановіча. Зрэшты, у тую канцэпцыю не ўкладваюцца і некаторыя ранейшыя творы. Можна было б пералічыць, але ж Бахарэвіч іх і не ганіць.

Цётка — паэт трагічнага гучання. Гатовая ахвяраваць сабою («Мае думкі», «Хацела б быць зярном пшаніцы»), яна кепска пачуваецца і «на чужой старонцы», і ў роднай старане, дзе «мужык не змяніўся», ды прызнаецца: «…між людзі жыць мне збрыдла». Яна ўсё парываецца ў вышыню, у зорную далеч, але зямля цягне яе да сябе, штодзённы клопат (наладжванне працы сталовак і арганізацыя пачатковых школ у Вільні, выкладанне на настаўніцкіх курсах і лекцыі ў Работніцкім клубе на Вароняй, палітычная праца) засмоктвае, не дае вольна дыхнуць. А тут пад Горадняй загінуў брат Юзюк і трэба яго перапахаваць, а тут смерць забрала бацьку… Колькі чалавеку дадзена вытрываць?

«Памерла Цётка не ад звону царскіх нагаек, і не ад дынаміту, а ад тыфусу, ва ўзросце сарака гадоў», — паведамляе нам Бахарэвіч. І не ведаеш, што падумаць. Ці не крыецца тут яе віна?

Працытаваўшы на развітанне Цётчын празаічны тэкст «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», Бахарэвіч у апошніх радках зазначае: «Здаецца, адна гэтая кароткая журналісцкая проза Цёткі мае большую мастацкую каштоўнасць за ўсе яе колішнія хрыплыя хрэсты і начыненыя дынамітам скрыпкі».

Здаецца дык здаецца. Ці мала каму што здаецца. А можна было сказаць коратка: мне, Бахарэвічу, не падабаецца грамадзянская (палітычная) лірыка Цёткі, яе рэвалюцыянізм. І не сцвярджаць галаслоўна, што «яе паэзія [уся паэзія? — А.С.] мужчынская, агрэсіўная, безапэляцыйная, цяжкая, быццам кулак на скуле».

Пётра Садоўскі назваў Альгерда Бахарэвіча мадэрным кучарам літаратурнай эсэістыкі. Ды няма тут эсэістыкі, тым больш літаратурнай. Ёсць мазкі, грубыя наскокі і вульгарнасць. І няма мазаікі. Можа, і выяўляецца што мазаічнае ў гэтых нататках, але я не спецыяліст, каб выносіць заключэнне.

Вязень Купала і пракурор Бахарэвіч

«…наш Купала — быў узорным вязнем савецкага канцлагера і пісаў панегірыкі пачварнай сістэме, робячы экзістэнцыйны выбар паміж уласным жыццём і смерцю».

Гэта цытата з працы Пётры Садоўскага «Мадэрнізаваная эстэтыка як інтэлектуальны «эфэкт ачужэння».

Пётра недакладны: Купала рабіў экзістэнцыйны выбар не толькі паміж уласным жыццём і смерцю. Але спачатку агульная заўвага. Пётра піша, што ў Бахарэвічавых тэкстах «няма ніякага аналізу беларускай літаратуры», а я, прачытаўшы два ягоныя скрыпты, дадаю: і глыбокага ведання жыццёвага шляху паасобных пісьменнікаў. Калі ў тэксце пра Цётку Бахарэвіч не здолеў заглыбіцца ў эпоху пісьменніцы (таму і атрымаліся «мазаічныя мазкі»), дык у сваім скрыпце пра Купалу ён, апроч таго, выявіў сваю, як піша Пётра, «мазаічную начытанасць». Пётра піша пра «мазаічныя іранічныя эсэ-мазкі» Бахарэвіча, а я гэтыя словы мяняю на «зласлівыя мазкі». Ніякага «эфекту адчужэння» тут няма, а ёсць наскрозь тэндэнцыйныя палітызаваныя тэксты.

Можна было б разважаць пра стыль аўтара.

Бахарэвіч піша, што «стварыўшы свае шэдэўры, Купала выпарыўся калісьці са сьвету сапраўднай літаратуры, не раўнуючы газ празь дзірку ў абалонцы». І куды ён падзеўся пасля выпарэння са свету сапраўднай літаратуры?

Апісваючы, як Каян Лупака (ён жа Янка Купала) пасля спробы харакіры выходзіць з больніцы, аўтар выяўляе адсутнасць густу: «Гэта быў зусім новы чалавек, злеплены іншымі людзьмі са смалы і дзёгцю, скалочаны з драўляных страхаў, склеены са старых газецін». Мо я няправільна тлумачу метафару «драўляны страх», але гэта, наколькі мне вядома, — абгарэлыя запалкі з галоўкамі (што праўда, не скалочаныя, а хутчэй злепленыя). Вось такая склеена-злепленая прасмярдзелая смалою і дзёгцем постаць застаецца ад Купалы пры канцы 1930-га. Для паўнаты вобразу не хапае паху серы. І быў бы ён абсалютным спараджэннем апраметнай. Мараль жа такая: дарма ты, Купала-Лупака, не прыкончыў сябе.

Звычайны палітычны цынізм. Бальшавікі ў Заходняй Беларусі казалі: чым больш таварышаў сядзіць, тым лепш для партыі, антыпольскай прапаганды. Наклаў бы Купала рукі на сябе — вось, мусіць, была б радасць антыбальшавіцкім і антысавецкім прапагандыстам.

Бахарэвіч чамусьці цытуе Захара Прылепіна, хоць і ў нас пра атмасферу 1930-х напісана нямала і лепш. «Які выбар быў тады? Не даваць веры вачам? Замружыцца, накрыць галаву рукамі і бегчы? Куды? Ад каго? Ніхто не ўцёк, ніводзін».

Уцякалі. Хто ў гарэлку, хто ў іншыя раёны СССР. І нават за мяжу, у Заходнюю, уцякалі.

А гэта ўжо без двукосся — значыць, ад Бахарэвіча: «Усе, хто меў волю эміграваць, з’ехалі; іншыя перасталі пісаць; нязгодных расстралялі». Да пытання пра эміграцыю мы неўзабаве вернемся. Іншыя перасталі пісаць? Дык гэта другарадныя або пачаткоўцы. Ім было лягчэй адмаўчацца. Першарадных пісьменнікаў у БССР ПРЫМУШАЛІ ПІСАЦЬ. Мелася яшчэ адна катэгорыя: літаратары, якім ЗАБАРАНІЛІ пісаць. Ці Бахарэвіч не ведае пра гэта? А расстрэльвалі і згодных.

Наступная глыбакадумная сэнтэнцыя Альгерда Бахарэвіча: «Янка Купала мог уцячы — ды хаця б падчас сваіх падарожжаў у Чэхаславаччыну». Якое ж гэта неглыбокае, шкалярскае разуменне псіхалогіі чалавека і гісторыі той эпохі.
Купала ніколі не ездзіў за мяжу адзін — ні ў 1925-м, ні ў 1927-м, ні ў 1935-м (вось і ўсе яго паездкі). Ён заўсёды быў у складзе дэлегацый, а да дэлегацый, калі таго Бахарэвіч не ведае, заўсёды прыстаўлялі агентаў ОГПУ (з 1934 года — НКВД). У асобе дарадчыка савецкага паўпрэдства, перакладчыка ці каго там яшчэ. І ў самой дэлегацыі абавязкова былі калі не агенты, дык верныя байцы партыі, якія адказвалі за паводзіны ўсіх астатніх перад ЦК бальшавіцкай партыі. І абавязкова меўся старшы ў дэлегацыі. Але гэты — часцей для праформы, для прыкрыцця агента.
Заўважце: аніразу мы не бачым у замежных паездках побач з Купалам ягоную жонку. Купаліха заставалася ў Менску. У якасці закладніцы. Ці Бахарэвіч не чуў пра інстытут закладнікаў у бальшавіцкай сістэме?
А пра АЛЖИР (Акмолинский лагерь жен изменников Родины) чытаў?
Купала (тут я прадоўжу маю дыскусію з Пётрам) выбіраў не толькі «паміж уласным жыццём і смерцю», але і паміж жыццём і смерцю сваіх родных і блізкіх.
Спадзяюся, Бахарэвіч чытаў, як у нумар гатэля, у якім спыніўся Купала, уначы прабраўся Тамаш Грыб і ўгаворваў яго застацца ў Чэхаславаччыне? І што адказаў Купала?

У Купалы ў Менску і пад Менскам засталася не толькі жонка, але і старэнькая матуля, і сёстры Ганна, Леакадзія ды Марыя. ХТО ДАЎ ЯМУ ПРАВА РЫЗЫКАВАЦЬ ІХ СВАБОДАЙ І ЖЫЦЦЁМ?

Яшчэ адна сэнтэнцыя нашага палітпубліцыста: «Гаспадары Каяна Лупакі шмат чакалі ад свайго драўлянага жаўнера». Каб жа чакалі!.. Яны ПАТРАБАВАЛІ ад паэта песень аб «сацыялістычным будаўніцтве». Няўжо Бахарэвіч не чытаў публікацыяў нашых гісторыкаў на гэты конт?

І вось Купала напісаў паэму «Над ракой Арэсай».

Калі б Бахарэвіч падышоў да гэтага твора як пісьменнік і прад’явіў яму гамбургскі рахунак як вершазнаўца, прааналізаваў яго сюжэт, кампазіцыю, строфіку, метрыку, рытміку, рыфмы і вобразны шэраг, гэта было б, як кажуць маладыя, супер. Але нічога такога і блізка няма. Мо тады Бахарэвіч гісторык літаратуры? Узяў б ды выклаў нам перадгісторыю і гісторыю твора, таго, што ў творы адлюстравана, тыя жарсці, якія разгарэліся пасля публікацыі паэмы. І гэтага няма. А што ёсць? Ёсць паліттэкст у духу Бэндэ. Аўтар не паэму крытыкуе, а паэта, не героя паэмы Модзіна, а Модзіна рэальнага.

Чытаем: «…таварыш Модзін, маскаль, фанатык і камуніст». З паэмы не вынікае, што Модзін быў маскалём. У жыцці — таксама. Народжаны ў Беларусі Эмануіл Натанавіч Модзін быў, як і многія, абмаскаленым габрэем. Але і абмаскаленым габрэям, асабліва па вайне, даводзілася ў СССР нясоладка. З чаго вынікае, што ён быў фанатык? Дзе доказы? У творы я іх не знайшоў. У жыцці фанатык? Прад’явіце мне ўдакументаваныя доказы. Ці Бахарэвіч зблытаў паняцці «фанатык» і «рамантык», «энтузіяст»? Бахарэвіч можа быць антыкамуністам, але ў паэме я не вычытаў, што камуніст Модзін — дрэнны чалавек. У паэме таварыш Модзін — чалавек нармальны. Які ён быў у жыцці — іншая справа. Але, зноў жа, патрэбныя доказы.

Асушаць Мар’інскія балоты прыйшлі былыя чырвонаармейцы, людзі маладыя, амаль усе нежанатыя. Калі камунары трохі адбудаваліся, аднаго разу было вырашана: жанатыя няхай прывязуць жонак і дзяцей, а хлопцы, якія па вечарах і начах гойсаюць па суседніх вёсках, хай заводзяць сем’і. Купала гэтае рашэнне падаў па-народнаму — з гумарком. А вось Бахарэвіч абыграў яго ў духу постмадэрнізму: «Згаладнелыя камунары, якія дагэтуль збольшага задавольваліся рукамі па сасонніках, рэагуюць дзікім ухвальным лямантам (!)». А як жа: трэба нечым ажывіць тэкст — напішам пра мастурбацыю. Цяпер гэта модна. Піпл гэта любе.

Мяне ж, напрыклад, цікавіць, чаму Купала ўзяўся пісаць менавіта пра гэтую камуну, а не пра іншы калектыў. Ці не было тут нейкага падтэксту? Бо вядома, што камунараў падтрымліваў Аляксандр Чарвякоў. І ці не пракляты і высланы з БССР Зміцер Прышчэпаў першы блаславіў іх на працу? Тады больш зразумела, чаму кіраўніцтва КП(б)Б не выпісала Купалу індульгенцыю, хоць некаторыя пісьменнікі-камуністы настойвалі на гэтым, бо лічылі паэму доказам паэтавай савецкасці, «перакоўкі».

Індульгенцыю Купала не атрымаў і праз пяць гадоў. Ні за паэму «Над ракой Арэсай», ні за іншыя творы, якія ў парторганах лічылі няшчырымі. І правільна лічылі.

Многім вядома, як у гады хрушчоўскай адлігі Пятрусь Броўка прылюдна выгукнуў: Купала Сталіна ненавідзеў! На падставе здабытых (пра метады маўчым) паказанняў супраць Купалы 21 лістапада 1938 года першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка ў лісце да Сталіна прапанаваў арыштаваць няшчырага паэта. Чаму Купалу не арыштавалі, а праз два месяцы ўзнагародзілі ордэнам Леніна — тэма асобнай гаворкі. Тут скажу гэтак: Сталін быў разумнейшы і хітрэйшы за Панамарэнку.

Пры жаданні кожны, хто не лянуецца, можа пазнаёміцца з абвінавачаннямі наркама ўнутраных спраў БССР Аляксея Наседкіна і Панамарэнкі на адрас Купалы. Цяпер жа мы маем таксама абвінавачанне, выстаўленае Бахарэвічам. Купала вінаваты, бо ён: 1) не скончыў жыццё самагубствам, 2) не застаўся за мяжою, 3) пісаў творы для ўлады.

На шчасце, Бахарэвічу не дадзена выносіць прысуды. Нават маральныя. Мазануць (такая ўжо натура) ён можа, але не больш. З прыдыханнем ён пытаецца: «Гэх, Каян Лупака. Ці адчуваў ты ў нутры сваім драўляным цьмяны, ціхі боль, ці, хутчэй, цень ампутаванага болю, які застаўся ў табе ад таго, ранейшага, зьнішчанага? Ці адчуваў нейкі рэцыдыў сораму?» Асмелюся сказаць: адчуваў. Яшчэ ў 1926 годзе Купала пісаў:

А ўжо свой выдасць недакупны
Аб нас гісторыя прысуд,
Калі аглядам гляне рупным
І разбярэ, ў чым справа тут.

У сведкі запісы пакліча,
Паданні клікне ў час такі
І ўсё паліча, пераліча…
А суд гісторыі цяжкі!..

Праз пяць гадоў ён выкажа спадзяванне, што «прыйдзе новы — а мудры — гісторык».

З тэксту Альгерда Бахарэвіча не вынікае, што мы маем спадзяванага гісторыка, які глядзіць аглядам рупным, кліча ў сведкі запісы і паданні, лічыць і пералічвае ўсе абставіны і чыннікі. Перад намі, паўтараю, пракурор.

Гамбургскі рахунак — гэта сапраўдная сістэма каштоўнасцяў, вольная ад абставінаў часу і карыслівых інтарэсаў, кажуць нам даведнікі.

У Бахарэвіча акурат-такі «Гамбургскага рахунку» не выйшла.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру