Калі дзве змены кадэбэшнікаў, якія дзяжурылі ў маёй кватэры, мелі зусім выразныя амплуа — «веселуны» і «мудакі»,-то трэцяй змене даць дакладнае вызначэнне было немагчыма. Гэтыя людзі не мелі асаблівых прыкметаў, гаварылі ціха і ветліва, не спрабавалі ні наладзіць кантакт, як «веселуны», ні вывесці з сябе, як «мудакі». Яны стараліся заўсёды быць непрыкметнымі — з поспехам ў гэтым. Так што я называла іх проста — «людзі ў цывільным».

Іх звалі Андрэй і Міхаіл — і гэта ўсё, што я магу пра іх сказаць. Несці службу ў маёй кватэры яны прыходзілі ў поўнай баявой гатоўнасці: Андрэй — з DVD-плэерам, а Міхаіл — заўсёды з планшэтнікам. Ён ніколі не глядзеў фільмы, але кругласутачна чытаў электронныя кнігі. Адзін аднаго яны відавочна паважалі: калі вечарам адзін з іх вырашаў, што час выканаць рэжым і ісці спаць, то другі спрабаваў не перашкаджаць таварышу і ўладкавацца дзе-небудзь на кухні ці ў гасцёўні. У маёй кватэры гэта агульная прастора, і калі Андрэй з DVD-плэерам спрабаваў праслізнуць міма мяне, што сядзела на канапе ў гасцёўні, за кухонны стол, я дэманстратыўна ўставала і пачынала бурчэць.

— Ну што вы, Ірына Уладзіміраўна, вядома, я паважаю вашую прыватную прастору, я не буду вам перашкаджаць, абяцаю, я тут ціхенька пасяджу.

Але ў гэтых бітвах перамагала я, і Андрэй ішоў ў цёмны кабінет, дзе на канапе ўжо бачыў сны аб небяспечнай і цяжкай службе Міхаіл, і ціха садзіўся ў крэсла, з нецярпеннем чакаючы, калі я нарэшце пайду спаць. У прынцыпе ён, можа, і не перашкодзіў бы — ён заўсёды паводзіў сябе ціха і непрыкметна, — але зусім не з шкоднасці я ўпарта сядзела ў гасцёўні, нават калі страшна хацелася спаць. Па-першае, дзяліць з імі прастору было псіхалагічна невыносна. Седзячы ў кабінеце, міма якога я ўсяго толькі праходзіла, яны ўсё-такі былі хоць ілюзорна аддзеленыя ад майго жыцця. Сядзець у адным пакоі было ўжо занадта — хоць з «веселунамі» гэта ўдавалася.

Адзіны раз Міхаіл пазначыў уласную асобу — у дзень, калі стала вядома аб знішчэнні Бэн Ладэна. У ранішнім выпуску «Еўраньюс» перадалі аб паспяховай спецаперацыі, і я, праходзячы міма кабінета, дзе сядзелі кадэбэшнікі, падзялілася з імі навіной:

— Бэн Ладэна забілі!

— Праўда? — адарваўся ад планшэтніка Міхаіл. — Цікава, за кім цяпер амерыканцы бегаць будуць?

Усё стала зразумела: у яго сістэме каардынат амерыканцы — гэта нейкае абсалютнае зло, якое толькі і марыць пра тое, як бы каго-небудзь прыбіць. Усё-ткі служба ў КДБ практычна не пакідае шанцаў жыць без пастаяннага пошуку ворагаў.

Менавіта падчас дзяжурства «людзей у цывільным» да мяне прыйшлі з чарговым ператрусам. Кадэбэшнікі былі здзіўленыя яшчэ больш, чым я. У той час я сядзела пад хатнім арыштам ужо два месяцы. Магчыма, у КДБ вырашылі, што дзякуючы свабоднаму доступу маёй мамы ў кватэру за гэты час яна цалкам магла прыцягнуць мне ад сяброў і калегаў што-небудзь цікавае для іх: флэшку, сімку, рукапіс, дакументы, «маляву». Іншага тлумачэння гэтай дурасці ў мяне няма. Сёе-тое сапраўды ў хаце было — але зусім не мамай прынесенае, а падчас чатырох ператрусаў не знойдзенае. У нас былі свае схованкі, дзе захоўвалася тое, што ніхто і ні пры якіх абставінах не павінен знайсці. Трэба сказаць, ніхто і не знайшоў.

Я ўжо не кажу пра тое, што, мацаючы па кутах і зазіраючы пад канапы, кадэбэшнікі так і не заўважылі бронекамізэльку, якая ляжала на самым бачным месцы. У Наташы Радзінай — знайшлі і ледзь не ўсё абвінавачанне спрабавалі будаваць на тым, што раз у яе была бронекамізэлька, то яна і масавыя беспарадкі арганізоўвала, рыхтуючыся да магчымай стральбы. Калі мяне вадзілі на допыт яшчэ да выстаўлення абвінавачання, следчы з гонарам дэманстраваў «бронекамізэльку Радзінай»: вось, маўляў, і доказ арганізацыі масавых беспарадкаў.

Увогуле, акрамя бронекамізэлькі кадэбэшнікі не знайшлі яшчэ шмат чаго. Але фармальна мая кватэра ўжо лічылася вылізанай да стэрыльнасці. Там паводле азначэння не магло быць увогуле нічога. Да таго ж, аператыўнікі не звярнулі ўвагі, выходзячы з ліфта, на жанчыну з чорным пакетам для смецця. Гэтай жанчынай была мая мама, і яна паспела вынесці з хаты ўсё, што не прызначалася іх увазе. Таму што, у адрозненне ад іх, мы былі папярэджаныя.

Усё-ткі ў беларускім КДБ працуюць разгільдзяі і непрафесіяналы.
У пачатку красавіка шматлікія «дзекабрысты» ўжо пачалі знаёміцца з матэрыяламі сваіх крымінальных справаў. Адзін з іх не сядзеў у турме, а быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Седзячы ў кадэбэшным кабінеце з тамамі сваёй справы, ён з цікаўнасці пазіраў на раскіданыя па стале паперы. І выпадкова ўбачыў свежую пастанову аб ператрусе ў маёй кватэры. Спаслаўшыся на дрэннае самаадчуванне, ён перанёс працяг займальнага чытва на заўтра і паехаў да маіх бацькоў, каб не папярэджваць іх па тэлефоне. Калі мама ўварвалася ў кватэру, я вырашыла, што здарылася яшчэ штосьці страшнае. Добрых навін мы ў той час не чакалі — толькі страшных. Але яна толькі папярэдзіла: «Да цябе едуць з ператрусам. Збірай усё, што трэба вынесці з хаты, — спадзяюся, паспею».

Я кінулася збіраць флэшкі і дакументы, якія па шчаслівай выпадковасці не былі знойдзеныя падчас ранейшых ператрусаў. Мама ўсё склала ў чорны пакет і выйшла з кватэры. Роўна праз хвіліну пачуўся званок. «Напэўна, ваша мама штосьці забыла», — выказалі здагадку людзі ў цывільным. А я ўжо ведала, што гэта ператрус, і ў думках рагатала над іх непаваротлівасцю.

Як звычайна, пошук панятых зацягнуўся хвілін на сорак. Адзін з гасцей пайшоў клянчыць па кватэрах, ці не пагодзіцца хто-небудзь пайсці ў панятыя, а другі паспрабаваў завесці свецкую гутарку:

— А я, між іншым, Ірына Уладзіміраўна, следчы!

— І чым вы мяне здзівіць хочаце?

— А я вяду справу вашай сяброўкі і сакамерніцы Насці Палажанкі!

— Я вам за гэта павінняа паціснуць руку? Знайшлі чым ганарыцца.

— Слухайце, — ён панізіў голас, — а вось мне цікава, што пра мяне Насця ў камеры казала?

— Ну-у, — задумалася я. Калі шчыра, Насця не казала нічога. Яна такіх проста не заўважала. Але вельмі хацелася пахуліганіць. — Наогул Насця сказала, што вы такі маладзенькі і сімпатычны…

— Праўда? — пачырванеў ён.

— Вядома, праўда! І яшчэ яна сказала, што ў вас педэрастычныя манеры.

— Чаго?!

— Вы спыталі — я адказала. — Я ведала, што Насці нашкодзіць ўжо не змагу. Яе вызвалілі пад падпіску, і следства па яе справе было скончанае.

Ці варта казаць, што падчас ператрусу кадэбэшнікі не знайшлі нічога, акрамя сувенірнай флэшкі, якую мне выдалі на нейкі канферэнцыі разам з нататнікам і асадкай? Флэшкай гэтай ніхто ніколі не карыстаўся, і я дэманстратыўна паклала яе на бачнае месца: хай не расслабляюцца. І хай сумняюцца ў сваіх калегах, якія нясуць вахту ў маёй кватэры. Зрэшты, яны і так не давяраюць адно аднаму і пры першай жа магчымасці здаюць сваіх. Такога паняцця, як цэхавая салідарнасць, у гэбістаў няма і ў памоўцы.

Змена людзей у цывільным вазіла мяне і на выстаўленне канчатковага абвінавачання ў КДБ. Гледзячы на іх сур’ёзныя твары, калі адзін ішоў на лесвічную пляцоўку раней і дакладваў, што «ўсё чыста», і толькі пасля гэтага другі выводзіў мяне, а на вуліцы ў мікрааўтобусе сядзелі яшчэ двое, таму што вазілі мяне пад узмоцненай аховай, я абуралася: «Не, я не разумею: вам падабаецца быць ідыётамі ці ў вас інструкцыя такая? Часта бывае, што выканаўцы тупейшыя за заказчыка, а таму і пільныя». Яны адмоўчваўся. А потым, ужо ў КДБ, следчы акрамя абвінавачання даў мне паперку, у якой было напісана, што даследаваныя дыскі і касеты не маюць дачынення да крымінальнай справы і могуць быць мне вернутыя. Толькі калі я ўбачыла дзве важкія скрынкі, запоўненыя ўсякім глупствам накшталт старых відэакасет, і задумалася, як жа мне ўсё гэтае барахло зараз цягнуць, «чалавек у цывільным» Міхаіл, адгадаўшы мае думкі, сказаў: «Ну вось, а вы тут выканаўцамі абураліся. А ад нас, між іншым, і карысць ёсць», — і спрытна падхапіў адну з скрынак. Андрэй падхапіў іншую, і скрынкі шчасліва вярнуліся дадому. Праўда, далей за пярэдні пакой я іх так і не забрала. Надарыўся выпадак пазбавіцца хламу.

Менавіта Міхаіл, дарэчы, аднойчы сказаў маёй маме, калі адкрываў ёй, што прыйшла з цяжкімі пакетамі з крамы, дзверы: «Ведаеце, калі б Ірына Уладзіміраўна нас папрасіла, мы б самі маглі хадзіць у краму». Яму было няёмка ад таго, што 75-гадовая жанчына вымушаная цягаць цяжкія пакеты. А нам не патрэбная была іх дабрыня. Нам трэба было, каб нас пакінулі ў спакоі. Больш — нічога. Але яны ўсё не пакідалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?