Паводле яго словаў, супрацоўнікаў КДБ цікавяць тыя навучэнцы, якія маюць ў агульным доступе апазіцыйныя матэрыялы — фільмы «Плошча», «Звычайны прэзідэнт» і інш. Найчасцей выклікаюць студэнтаў юрфака.

«Я студэнт, вучуся на адным з факультэтаў БДУ, жыву ў інтэрнаце.

Мне патэлефанаваў намеснік дэкана і выклікаў на размову. Для мяне гэта было зусім нечакана», — піша Павал (імя змененае — НН).

«Прыйшоў у дамоўлены час. Заходжу. У кабінеце, акрамя мяне і намесніка дэкана, сядзіць яшчэ адзін чалавек.

Ён быў апрануты ў нейкі світар і скураную куртку, вельмі падобны да гандлёвых агентаў, якія ходзяць па арганізацыях. Мне сказалі, што мяне выклікалі на сур’ёзную размову, а гэты невядомы чалавек — з КДБ. Дакументаў ён не паказваў. Размаўляў карэктна, без ціску і «наездаў».
Далей Павал перадае тэкст размовы.

— Ці сустракаліся Вы раней з супрацоўнікамі КДБ?

— Не, ніколі.

— Ведаеце, чаму мы з Вамі зараз размаўляем?

— Не, не ведаю.

— Ці маеце Вы якое-небудзь дачыненне да апазіцыі ці нейкіх рухаў?

— Не маю, мяне не цікавіць сучасная палітыка.

— Ці карыстаецеся Вы Flylink’ам?

— Так, карыстаюся. Гэта праграма для абмену файламі ў нашай сетцы. А што такое?

— Ну, вось мы з маімі калегамі знайшлі ў Вас у агульным доступе фільмы «Плошча», «Звычайны прэзідэнт» і шмат відэа з «Майдану-2010». Вы ведаеце, што гэтыя матэрыялы палітычныя і забаронены для распаўсюджвання?
— Што палітычныя, ведаю дакладна. А пра забарону, ну, я ніколі пра гэта не чуў, у нас у сеціве шмат у каго есць.

— А ў каго? Прозвішчы?

— Ды самі паглядзіце, Вы ж мяне знайшлі. Я проста паглядзеў гэтыя фільмы, іх забаронена глядзець?

— Глядзець не забаронена. Можаце збірацца сваім пакоем і глядзець хоць па некалькі разоў за суткі. Але вось калі Вы пачынаеце распаўсюджваць — гэта рабіць нельга.

— Добра, я сёння ж выдалю іх са спісу.

— Калі ласка.

— А мне за гэта што-небудзь будзе? Я не ведаў пра тое, што нельга адчыняць у агульны доступ такія матэрыялы. Мне вельмі патрэбны інтэрнат…

— На сённяшні момант я Вас папярэдзіў, будзем лічыць пытанне зачыненым. Але! Я хачу, как Вы разумелі, што я магу легка зайсці да рэктара альбо дырэктара студгарадка, нават зараз магу. Вы меня разумееце?

— Канечне, я усё зразумеў. А Вы ўсіх выклікаеце на размовы?

— У сэнсе?

— Ну вось у сеціве вельмі лёгка знайсці, напрыклад, порна.

— Па-першае, такія матэрыялы таксама нельга выкідваць у сеціва, у нашай краіне за гэта адказнасць. Па-другое,

Вы ж павінны зразумець, што нас цікавяць матэрыялы, якія могуць паўздзейнічаць на вас. Каб вы не сапсавалі сваё жыццё.
У сетках ёсць людзі, якія гандлююць наркотыкамі, распаўсюджваюць інфармацыю, як рабіць выбуховыя прылады, заклікаюць на «Майданы». Мы павінны абараняць вас — моладзь — ад гэтага.

— Я ўсё зразумеў.

— Спадзяюся, пра нашу размову будуць ведаць толькі тры чалавекі, якія зараз у пакоі, добра?

— Добра, можна ісці?

— Так, да пабачэння.

Вось такі дакумент эпохі перадалі ў «Нашу Ніву». Ён паказвае, якія фільмы турбуюць Камітэт дзяржаўнай бяспекі пры Аляксандру Лукашэнку. І атмасферу ў нашых «свабодных» універсітэтах, дзе намеснікі дэканаў атрымліваюць новыя «функцыі», перадае таксама. А сам

факт, што студэнт вырашыў запісаць размову і даслаць яе ў незалежную газету, красамоўна паказвае, што такі палітычны кантроль юнакоў раздражняе, здаецца ім маразматычным.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?