Былы старшы лейтэнант, супрацоўнік дэпартамэнту аховы МУС, 37‑гадовы Аляксандар Сяргейчык абвінавачваецца ў дваццаці двух злачынствах — сярод іх дванаццаць забойстваў. Працэс закрыты, справу разглядае судзьдзя Вярхоўнага Суду Беларусі.

Сёньня побач з будынкам абласнога суду ў Горадні зь дзявятай раніцы быў перакрыты рух аўтамабіляў. Суд ахоўвалі ўзмоцненыя сілы міліцыі, у будынак прапускалі толькі тых, хто паказваў позвы. Прэсу (нават дзяржаўную) у залю суду не дапусьцілі.

Аляксандар Сяргейчык быў арыштаваны на пачатку году ў Горадні. Сьледзтва мела неабвержныя доказы ягонай датычнасьці да забойства дзяўчыны ў мікрараёне Дзевятоўка ў Горадні.

У выніку сьледчых дзеяньняў раскрылі яшчэ адно забойства зь ягоным удзелам, а далейшая праверка Сяргейчыка выявіла нечаканыя вынікі: ён забіў адзінаццаць маладых жанчын і аднаго мужчыну. Гэтыя злачынствы былі зьдзейсьненыя ў 2000—2005 гадах у Горадні й Гарадзенскім раёне. Целы забітых знаходзілі ў ваколіцах Горадні і ў Нёмане.

Мне ўдалося адшукаць чалавека, які працаваў разам зь Сяргейчыкам у дэпартамэнце аховы МУС. Вось што згадвае Рышард Дамінюк:

Дамінюк: «Не магу сказаць, каб ён тады неяк дрэнна сябе паводзіў, але нейкая антыпатыя да яго была. Ён неяк стараўся трымацца ўбаку, а я зь ім не імкнуўся навязваць кантактаў».

Службу ў дэпартамэнце аховы Сяргейчык пачынаў сяржантам. Пазьней скончыў на «выдатна» акадэмію МУС і даслужыўся да камандзіра роты ў званьні старшага лейтэнанта. Ён жанаты й мае дваіх дзяцей.

Рышард Дамінюк распавядае, што ў той час у дэпартамэнт аховы траплялі не найлепшыя міліцыянты:

Дамінюк: «Калі я прыйшоў працаваць у дэпартамэнт аховы — то гэта наагул, лічылася, адна з апошніх службаў, куды, як правіла, зьбіралі ўсіх парушальнікаў дысцыпліны ці тых, хто ня вельмі зарэкамэндаваў сябе на службе».

Апроч забойстваў Аляксандра Сяргейчыка вінавацяць яшчэ ў дзесяці злачынствах: крадзеж і захоўваньне зброі, крадзеж аўтамабіляў ды іншае. Крымінальная справа налічвае трыццаць восем тамоў, у суд выклікалі каля ста сьведкаў.

Сьледзтва праводзілі супрацоўнікі рэспубліканскай пракуратуры. Комплексная псыхалягічна‑псыхіятрычная экспэртыза прызнала абвінавачанага здаровым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?