Інстытут Мінэканомікі прагназуе курс на ўзроўні 9 тысяч рублёў за долар у канцы 2012 года. Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Міністэрства эканомікі Віктар Пінігін, выступаючы 20 студзеня на 69-м пасяджэнні рэспубліканскага клуба дырэктараў у Мінску.

Ён зазначыў, што асноўным інфлятагенным фактарам з’яўляецца курс нацыянальнай валюты. Таму спецыяліст выказаў меркаванне, што ў выпадку стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку інфляцыйныя працэсы будуць запавольвацца. «У якасці „якара“ будзе выступаць стабілізацыя курсу нацыянальнай валюты. Да канца года, паводле нашых прагнозаў, курс (у сувязі са зніжэннем інфляцыі) можа скласці каля 9 тысяч рублёў за долар», — сказаў Пінігін. Ён растлумачыў, што, такім чынам, дэвальвацыя ў 2012 годзе чакаецца на ўзроўні 5,5%. «Узровень дэвальвацыі дазволіць стабілізаваць сітуацыю з цэнамі на беларускім рынку», — мяркуе спецыяліст.

Пры гэтым намеснік дырэктара інстытута ўдакладніў, што зніжэнню інфляцыі павінна садзейнічаць жорсткая грашова-крэдытная палітыка. «У пэўным сэнсе плануемы ўзровень інфляцыі (19–22%) павінен выступіць у ролі мэты грашова-крэдытнай палітыкі», — падкрэсліў Віктар Пінігін.

У сваю чаргу першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Мікалай Лузгін, адказваючы на пытанне БелаПАН, пацвердзіў, што цэнтральны банк будзе прытрымлівацца такой палітыкі ў 2012 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?