У 2012 годзе тэндэнцыі па дырэктыўным кіраванні эканомікай будуць захоўвацца.
Такую думку выказаў намеснік дырэктара Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Беларусі Віктар Пінігін, выступаючы на 69-м пасяджэнні рэспубліканскага клуба дырэктараў у Мінску.

Ён зазначыў, што ў працэсе падрыхтоўкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2012 год разглядалася магчымасць пераходу на індыкатыўнае планаванне. «Гаворка ішла пра тое, каб наогул да міністэрстваў не даводзіць дырэктыўныя паказчыкі. Пакуль на гэта перайсці не ўдалося. Я думаю, што тэндэнцыі дырэктыўнага планавання эканомікі застануцца», — сказаў Пінігін.

Пры гэтым ён удакладніў, што тыя паказчыкі, якія будуць даводзіцца да дзяржорганаў, з’яўляюцца больш якаснымі. «Гэта паказчыкі матэрыялаёмістасці, энергаёмістасці, прадукцыйнасці працы. Хоць прысутнічаюць і аб’ёмныя паказчыкі — такія, як валавы рэгіянальны прадукт», — паведаміў Пінігін.

Ён таксама зазначыў,

што на гэты год зацверджана заданне па прытоку прамых замежных інвестыцый у памеры 3,7 мільярда долараў,
у тым ліку 2,5 мільярда долараў плануецца атрымаць ад прыватызацыі прадпрыемстваў. «Аб’екты дзяржуласнасці, ад продажу якіх мы зможам атрымаць 2,5 мільярда долараў, зараз вывучаюцца. Канчатковы спіс гэтых аб’ектаў яшчэ не зацверджаны», — падкрэсліў Пінігін.

Намеснік дырэктара інстытута Мінэканомікі мяркуе, што зацверджаныя паказчыкі, у тым ліку і па росце ВУП (на ўзроўні 5–5,5%), можна выканаць. Аднак ён удакладніў, што многае будзе залежаць ад знешнеэканамічных фактараў. «Сітуацыя, што складваецца ў сусветнай эканоміцы, нясе пагрозы чарговага вытворча-фінансавага крызісу. Цяжкасці, з якімі могуць сутыкнуцца нашы гандлёвыя партнёры, могуць адбіцца і на нас», — мяркуе Пінігін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?