У аўторак у галерэі «Мастацтва», што на Незалежнасьці,12, адбылося адкрыцьцё пэрсанальнай выставы мастака Аляксея Марачкіна.

Выстава мае назву «ТАМ», якая літаральна расшыфроўваецца, як Тутэйшым Аматарам Мастацтва» альбо «Такі Алесь Мара». Рэдкі выпадак, калі неляяльны да ўлады мастак змог атрымаць для экспазыцыі прац галерэю ў самым цэнтры сталіцы.

Нягледзячы на тое, што выстава Марачкіна амаль не анансавалася ў СМІ, сабралася поўная заля людзей. Прыемна, што ў «Мастацтве» сабраліся людзі рознага ўзросту. Ад юных навучэнцаў Мастацкай вучэльні імя Ахрэмчыка да мэтраў беларускага жывапісу.

Павіншаваць Аляксея Марачкіна прыйшлі старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Ўладзімер Басалыга, скульптар Алесь Шатэрнік, драматург Аляксей Дудараў, паэт Генадзь Бураўкін. Таксама супала, што акурат у гэты дзень сваё 60‑годзьдзе адзначае вядомы рэжысёр Валер Мазынскі, таму віншаваньні і прэзэнты ад гасьцей накіроўваліся ня толькі Марачкіну.

Сам Аляксей Марачкін чытаў свае гумарыстычныя паэтычныя прысьвячэньні Яўгену Шунейку, Рыгору Сітніцы, Міхасю Савіцкаму, Паўлу Севярынцу.

Прагназаванай прэзэнтацыі карціны «Плошча» не адбылося. Інакш Марачкін мог падставіць і галерэю, і яе кіраўнічку, якая згадзілася прадставіць залю толькі, калі пераканалася, што «Плошча» там ня будзе . Сам Марачкін абяцае найбліжэйшым часам прэзэнтаваць карціну. Найхутчэй, што прэзэнтацыя адбудзецца ва ўправе БНФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?