Урад рапартуе, што па выніках студзеня беларуская эканоміка спрацавала нармальна, аднак нават афіцыйная статыстыка сьведчыць, што паводзіны эканомікі не паддаюцца дакладнаму прагнозу.

Газэта «Белорусы и рынок» вырашыла высьветліць, пра якія 13% росту гаварыў прэм’ер‑міністар Сяргей Сідорскі на паседжаньні прэзыдыюму Саўміну. Аналізуючы абнародаваныя Міністэрствам статыстыкі і аналізу, газэта не знайшла такога паказчыку. Ускосна ён быў агучаны падчас справаздачы прэм’ера прэзыдэнту, калі было заяўлена, што валаўтваральныя прадпрыемствы павялічылі выпуск прадукцыі ў студзені на 13‑14%.

Выданьне прыходзіць да высновы, што ўрад агучвае цяпер толькі найбольш прывабныя паказчыкі, у той час, як афіцыйная статыстыка сьведчыць пра пагаршэньне эканамічных паказчыкаў у параўнаньні са сьнежнем мінулага году. «БР» прагназуе пагаршэньне эканамічнага становішча.

Статыстыка паказвае, што ў студзені вытворчасьць спажывецкіх тавараў зьнізілася на 0,3%, грузазварот – на 12,9%, раздробны гандаль – на 21,9%. Аднак гэта звычайныя лічбы, з прычыны зьніжэньня актыўнасьці пасьля калядных сьвятаў. Нашмат больш трывожныя іншыя факты. Інвэстыцыі ў асноўны капітал зьнізіліся на 52,7%. Адначасова павялічыўся адсотак беспрацоўя – на 2,8%, а індэкс росту спажывецкіх цэнаў склаў 1,8% — што для студзеня шмат.

Значна падаражэла прадукцыя вытворча‑тэхнічнага прызначэньня – рост склаў 16,5%.

У Міністэрстве эканомікі цьвердзяць, што рост індэксу коштаў прагназаваны і цалкам абгрунтаваны, улічваючы значны рост коштаў на энэргарэсурсы. Мінэканомікі плянуе, што найбольш цяжкім будзе першы квартал 2007 г., тады як цягам рэшты году сытуацыя ўрэгулюецца. Аднак выклікае насьцярогу менавіта другая палова году, калі аб сабе нагадае сабекошт сельскагаспадарчай прадукцыі. Як вядома, вытворцы сельгаспрадукцыі ад пачатку году пазбаўленыя льготных коштаў на дызельнае паліва і будуць плаціць за яго ў 1,5 раза даражэй. «Белнафтахім» таксама ня робіць больш адлічэньняў на падтрымку сельскай гаспадаркі. Акрамя таго, у мэтах захаваньня рэнтабэльнасьці гарадзенскага «Азоту» кошты на яго прадукцыю – азотныя ўгнаеньні – узрасьлі на 35%. Да ўсяго варта ўлічваць, што частка прадукцыі ў студзені была вырабленая з сыравіны ды камплектуючых, закупленых па старых цэнах.

«БР» зьвяртае ўвагу на тое, што ў студзеньскім росьце спажывецкіх коштаў не ўлічылі новы падатак з продажаў імпартных тавараў, які ў Менску падвысіўся на 5‑15%, а таксама падвышэньне мясцовага падатку на паслугі да 5%. Газэта прыводзіць аналягічную сытуацыю ва Ўкраіне ў студзені мінулага году пасьля двухразовага падвышэньня коштаў на энэргарэсурсы. У студзені 2006 г. у параўнаньні са сьнежнем 2005 г. тамтэйшыя кошты вытворцаў, як і спажывецкія, вырасьлі на 1,2%, у цэлым за 2006 год рост цэнаў вытворцаў склаў 14,1%, спажывецкіх — 11,6%. Відавочна, ва Ўкраіне былі задзейнічаныя пэўныя мэханізмы па скарачэньні выдаткаў. Тое самае робіць і Беларусь, і няясна, за кошт чаго беларускі вынік мусіць аказацца лепшы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?