У серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» выйшла кніга беларускага эміграцыйнага даследчыка Лявона Юрэвіча «Шматгалосы эпісталярыум: гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні».

Гэта збор матэрыялаў, прысвечаных эпісталярнай спадчыне паваеннай эміграцыі. У кнізе змешчаныя як публікаваныя раней у розных перыёдыках тэксты, так і зусім новыя матэрыялы, якія прадстаўляюць знаходкі з архіваў беларускай эміграцыі, пераважна маладаступныя метрапольным даследчыкам.

На думку рэдактара кнігі, кандыдата гістарычных навук Наталлі Гардзіенкі, галоўная каштоўнасць выдання ў тым, што гэта, бадай што,

першая спроба рознабакова разгледзець эміграцыйныя эпісталярыі як крыніцу звестак па гісторыі, літаратуры, штодзённасці. Сур’ёзных працаў, прысвечаных гэтай праблематыцы, да гэтай пары не было.

«Іншая каштоўнасць кнігі палягае ў публікацыі вялікай колькасці арыгінальных лістоў, раней невядомых ні гісторыкам, ні літаратуразнаўцам, — гаворыць Наталля Гардзіенка. — Тут прадстаўленая шырокая геаграфія карэспандэнтаў, якая ахоплівае ці не ўсе беларускія асяродкі паваеннай эміграцыі, закранаюцца разнастайныя праблемы, вядомыя і невядомыя ў метраполіі».

Шматлікія лісты беларусаў з розных краінаў, знойдзеныя, апрацаваныя і змешчаныя ў кнізе, дазваляюць прадставіць не толькі адметнасці інтэлектуальнага жыцця беларускай інтэлігенцыі на Захадзе,

але і паказаць штодзённасць шараговых эмігрантаў.

Найбольшую цікавасць, напэўна, уяўляюць тэксты, што друкуюцца ўпершыню. Да прыкладу, ліставанне Кастуся Акулы ў сувязі з падрыхтоўкай і выданнем двух найбуйнейшых ягоных твораў — рамана «Змагарныя дарогі» і трылогіі «Гараватка». На думку Наталлі Гардзіенкі, праз гэтыя эпісталярыі

«можна крыху па-іншаму паглядзець і на асобу Кастуся Акулы і ягоных карэспандэнтаў, і на літаратурную „кухню“, і на асаблівасці міжасабовых дачыненняў на эміграцыі».

Безумоўна, цікавым для многіх будзе раздзел кнігі «Трэба жыць, як набяжыць»: праўдзівая біяграфія амерыканскіх гадоў Наталлі Арсенневай», дзе змешчаны абраныя лісты Наталлі Арсенневай сваёй сяброўцы Яніне Каханоўскай. Лісты дасланы з Рочэстэра, куды Арсеннева з мужам была вымушана пераехаць з Нью-Ёрка ў 1967 г. «У гэты перыяд адзінай сувяззю паэткі з беларускім жыццём сталася лістоўная», — адзначае Лявон Юрэвіч.

Вось як характарызуе даследчык гэтую перапіску: «Лісты, дасланыя з Рочэстара, выразна асабістыя, побытавыя; напісаныя да блізкага сябра, яны не маюць ніякіх табуяваных тэмаў: смерць родных, хваробы, сямейныя складанасці, фінансавыя, настрой — усё знайшло месца ў гэтым ліставанні і ўсё вельмі важна для разумення Наталлі Арсенневай як чалавека, для разумення ейнага працяглага — 30-ці гадовага — жыцця ў невялічкім правінцыйным гарадку».

Сярод іншых герояў кнігі — Юрка Віцьбіч, Антон Адамовіч, Кастусь Акула, Уладзімір Дудзіцкі, Уладзімір Клішэвіч, Янка Чарапук-Змагар і шмат іншых цікавых асобаў з інтэлектуальнай прасторы беларускай эміграцыі.

У кнізе Лявона Юрэвіча знойдзецца шмат новай інфармацыі да біяграфіяў розных эміграцыйных, і не толькі эміграцыйных дзеячаў. Такім чынам, «Шматгалосы эпісталярыум», бадай, нельга назваць кнігай выключна эміграцыйнай тэматыкі, хутчэй гэтае выданне добра сведчыць пра цесную ўзаемасувязь эміграцыйнай і метрапольнай інтэлектуальнай прасторы.

***

Шматгалосы эпісталярыум: гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Лявон Юрэвіч. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 20).

Інфармацыйны цэнтр МГА «БС «Бацькаўшчына»

Прадавацца будзе ў асноўных мінскіх кнігарнях — «Акадэмкніга», «Кніжны салон», кнігарня «Логвінаў», а таксама на Сядзібе ТБМ. Але кніга выдадзена малым накладам — 200 асобнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?