Тэлеканал «Беларусь 1» прапануе 28–29 студзеня прэм’еру чатырохсерыйнай гістарычнай драмы «Талаш» («Беларусьфільм», 2011 год), знятай рэжысёрам і аўтарам сцэнара Сяргеем Шульгой па матывах аповесці Якуба Коласа «Дрыгва».
Як аўтар сцэнарыя Сяргей Шульга надаў сучаснае гучанне палітычным адносінам паміж героямі свайго будучага фільма — байцамі Чырвонай арміі і палешукамі, польскімі легіянерамі і мясцовымі жыхарамі, шляхтай і простымі сялянамі.
У серыяле «Талаш» занятыя толькі беларускія акцёры.
Галоўная роля — у непаўторнага Генадзя Гарбука, пад якога і пісаўся сцэнар.Са знакамітых артыстаў у карціне здымаюцца Генадзь Аўсяннікаў, Аўгустын Мілаванаў, Зінаіда Зубкова, Ніна Разанцава, Аляксандр Ткачонак, Таццяна Андросава. З маладых акцёраў можна адзначыць Паўла Харланчука, Насту Баброву, Дзяніса Паршына, Андрэя Сенькіна, Алену Дуброўскую, Валерыя Зяленскага, Анатоля Голуба.
Гістарычная драма «Талаш» будзе дэманстравацца ў дзённым эфіры «Беларусь 1» у суботу, 28 студзеня, у 15.55 (1–2 серыі) і ў нядзелю, 29 студзеня, у 15.45 (3–4 серыі).





