У Лунінецкім раёне тры работнікі мясцовага сельгаспрадпрыемства падазраюцца ў крадзяжы са склада гаспадаркі чатырох тон ячменю.

Як паведамілі ў Лунінецкім РАУС, крадзеж быў выяўлены супрацоўнікамі аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі райаддзела міліцыі падчас праверкі рэалізацыі дзяржпраграмы развіцця селекцыі і насенняводства збожжавых, зернебабовых, тэхнічных і кармавых культур у 2008–2013 гадах.

Устаноўлена, што днём 3 студзеня тры работнікі СВК «Дварэцкі» — кладаўшчыца 1979 года нараджэння, аграном-насеннявод 1965 года і вадзіцель 1975 года нараджэння — паводле папярэдняй змовы выкралі са склада сельгаспрадпрыемства чатыры тоны ячменю, чым нанеслі ўрон гаспадарцы на 3,2 млн. рублёў. Збожжа вывез на аўтамабілі вадзіцель і пакінуў у знаёмага. Ячмень вернуты гаспадарцы.

Падчас рэвізіі на складзе было выяўлена больш за 114 тон няўлічанага збожжа больш як на 91 млн. рублёў.

Паводле матэрыялаў АБЭЗ РАУС 20 студзеня Лунінецкім раённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да падазроных была распачата справа на падставе ч. 2 арт. 211 Крымінальнага кодэкса (прысваенне або растрата, учыненыя групай асоб паводле папярэдняй змовы). Да іх абрана мера стрымання — падпіска аб нявыездзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?