Яўген Шатохін стварыў некалькі серыя карцін, прысвечаных славутым людзям Беларусі, стаў ганаровым грамадзянінам горада Альберт (у Францыі), сябра мастацкай суполкі «Пагоня». Ягоныя выставы праходзілі ў Расіі, Польшчы, ЗША і Францыі. Яўгену Шатохіну было 65 гадоў.

Мастак каля сваёй яхты "Сакавік", на якой ён уздымаў бел-чырвона-белы сцяг.

Мастак каля сваёй яхты "Сакавік", на якой ён уздымаў бел-чырвона-белы сцяг.

Пра свайго сябра Яўгена Шатохіна распавёў «НН» Алесь Марачкін.

«Калі ён толькі прышоў да нас, у «Пагоню», ён ужо меў вельмі высокі ўзровень. Як ён валодаў алоўкам!

У яго была выдатная серыя «Землякі Васіля Быкава» з выдатным партрэтам Барадуліна, на якім Яўген пакінуў месца для таго, каб Барадулін упісаў туды верш.

Ці нашыя пленэры — ён шмат выстаўляўся, прычым займаўся і тым, што расстаўляў намёты, а над сваім абавязкова ўздымаў бел-чырвона-белы сцяг. 

Дзе б ён ні быў, на штрыфлі ў яго заўжды быў значок з бел-чырвона-белым сцягам.
У Пінску, дзе Яўген жыў, вакол яго стварылася цэлая школа. І ўсе мастакі, якія вучыліся ў яго, пайшлі ў рэшце па ягоных слядах. Яўгена гэта засмучала, ён казаў:
«Я вучыў іх шукаць свой шлях, а не маляваць так, як я».
На Піншчыне ён быў сапраўднай зоркай.

Ён нарадзіўся на Палессі, але пасля доўга жыў у Расіі, а, вярнуўшыся, вельмі вялікую ўвагу надаваў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Шатохін поўнасцю акунуўся ў хвалю Новага Адраджэння, трымаўся ідэалаў БНР.

Скажу шчыра,

шмат каму было няўтульна побач з ім.
Ён, як кажуць, не быў «ўсяедным» -- то бок
адстойваў свае прынцыпы ўвесь час, і вельмі сачыў за тым, якія людзі яго акаляюць. Асабліва няўтульна побач з Шатохіным адчувалі сябе чыноўнікі,
бюракратычны апарат — ён жа быў дэпутатам гарадскога савета і да ўсяго «меў справу».

Расказваюць, што на адзін з пленэраў мусіла прыехаць раённае начальства, і, каб не дражніць іх, Шатохіна папрасілі зняць з намёта сцяг. Яўген сцяг зняў, і перавесіў яго на сваю машыну. І вось калі прыехала начальства, ён пачаў кругляць на машыне з бел-чырвона-белым сцягам паміж намётамі. Калі яму задалі пытанне, навошта ён гэта робіць, ён адказаў: «Машына — мая ўласная тэрыторыя, і з ёй я магу рабіць тое, што хачу».

* * *

Яўген Шатохін вядомы сваімі выставамі ў Францыі, Польшчы, Расіі і Злучаных Штатах Амерыкі. Галоўнай задачаю мастак лічыў адлюстраванне прыгажосці роднай зямлі, гісторыі свайго краю. Першыя свае выставы мастак арганізаваў у 1972 годзе.

За гэты час Яўген Шатохін стварыў некалькі цыклаў і серый прысвечаных выбітным асобам, краявідам земляў, дзе бываў і жыў. У 2010 годзе да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы стварыў партрэт вялікага князя Вітаўта.

За сваю плённую працу ў 2004 годзе атрымаў медаль Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве». Годам раней беларускі мастак атрымаў званне ганаровага грамадзяніна французскага горада Альберт.

Ад самага пачатку ўваходзіў у Беларускі народны фронт «Адраджэнне». З 1990 па 1999 год быў дэпутатам Пінскага гарсавета. Сябра Сойму Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — Беларускі Народны Фронт «Адраджэнне».

25 лютага мастаку споўнілася б 65 год, на гэты дзень яго сябры і паплечнікі рыхтавалі творчыя вечарыны.

Болей твораў Яўгена Шатохіна -- на сайце мастака

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?