18 лютага 2007 завершыўся Бэрлінскі міжнародны кінафэст.
“Залатога мядзьведзя” прысудзілі карціне “Вясельле Туі” Ван Цяньаня. Гэта стужка распавядае пра маладую жанчыну з Унутранай Манголіі, дзе месьцічы вядуць качэўнае жыцьцё.
“Срэбны мядзьведзь” – Гран-пры кінафэсту дастаўся фільму Арыэля Ротэра “Іншы”
“Срэбнага мядзьведзя” за лепшую рэжысуру атрымаў Джозэф Сэдар (стужка “Бьюфард”).
Лепшымі акторамі прызнаныя Ніна Хос (“Yella”) і Хуліа Чавес (“Іншы”).
Прыз Альфрэда Баўэра далі Парк Чан-Вуку за фільм “Я кібарг, але ўсё ў парадку”, а найлепшым музыкай прызнаны Дэйвід Макензі.
За найлепшы акторскі склад узнагароджаны фільм Робэрта Дэ Ніра “Ілжывае спакушэньне” – пра выпускніка Йельскага ўнівэрсытэту, завэрбаванага амэрыканскаю выведкай. У карціне сыгралі Мэт Дэйман, Анджэліна Джолі і сам Робэрт Дэ Ніра.
Пра крымінальна-палітычныя інтрыгі пасьляваеннага Бэрліну зрабіў фільм Стывэн Содэрбэрг (“Добры немец”). А Клінт Іствуд прадставіў па-за конкурсам свае “Лісты з Івадзімы”.
Вялікую цікавасьць прэсы выклікала нямая стужка Гая Мэдына “Кляймёны мозг”. Канадзкі авангардыст прадставіў сюрэалістычную гісторыю пра сіротак, амаладжальны эліксір і дэтэктыва-трансвэстытку.
Майстар трагікамэдыі Іржы Менцэль паказаў карціну “Я абслугоўваў ангельскага караля” пра прыгоды чэскага афіцыянта. Фільм атрымаў прэмію “ФІПРЭСІ”
А на закрыцьці кінафэсту была паказаная карціна Франсуа Азона “Анёл”.
Фатаграфіі ўзятыя з сайтаў Berlinale, Film.ru





