На роліку, выкладзеным у інтэрнэце, бачна, як адразу некалькі супрацоўнікаў ДПС затрымліваюць жыхара Гомеля. У канфлікце актыўна ўдзельнічаюць і мінакі, якія адцягваюць «злачынцу» ўбок. Але прычына інцыдэнту была невядомай.

Прэс-служба ДАІ Гомельскай вобласці зрабіла з гэтай нагоды афіцыйны каментар:

«У нядзелю, 22 студзеня 2012 года… супрацоўнік ДАІ ўбачыў грамадзян, якія расчышчалі ходнік ад снега, выкідваючы яго на праезную частку. Па гукаўзмацняльнай прыладзе, усталяванай у аўтамабілі,

супрацоўнік ДАІ папярэдзіў, што выкід снега на праезную частку забаронены, і што за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Малады мужчына, які расчышчаў снег, адмахнуўся і нецэнзурна выказаўся ў адрас супрацоўніка міліцыі. Грамадзяне праігнаравалі інфармацыю супрацоўніка і працягнулі выкідваць снег на праезную частку.

Супрацоўнік ДАІ паўторна зрабіў заўвагу па гукаўзмацняльнай прыладзе ў больш патрабавальнай форме, пасля выйшаў з аўтамабіля, прадставіўся і пачаў гутарыць з грамадзянамі… Падчас гутаркі малады мужчына паводзіў сябе задзірліва, размаўляў на падвышаных тонах, неаднаразова дэманстратыўна выказваўся нецэнзурнай лаянкай. На заўвагі супрацоўніка ДАІ мужчына ніяк не рэагаваў. У выніку супрацоўнік ДАІ, растлумачыўшы грамадзяніну, што яго дзеянні з’яўляюцца супрацьпраўнымі і кваліфікуюцца як дробнае хуліганства, папрасіў яго прайсці ў службовы аўтамабіль… Мужчына ў грубай форме катэгарычна адмовіўся.

… Супрацоўнік ДАІ па радыёстанцыі перадаў інфармацыю пра здарэнне і выклікаў дапамогу. На месца здарэння прыехаў старэйшы інспектар ДПС ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама. На паўторную прапанову грамадзяніну сесці ў службовы аўтамабіль ён катэгарычна адмовіўся і пасправаў пакінуць месца здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння. Пры гэтым мужчына пачаў адштурхваць супрацоўнікаў міліцыі, хапаючыся за іх абмундзіраванне.

У выніку ў дачыненні грамадзяніна супрацоўнікі ДАІ… былі вымушаныя ўжыць фізічную сілу, а таксама спецыяльны сродак — наручнікі.
Грамадзянін для далейшага разгляду быў дастаўлены ў другое гарадское аддзяленне міліцыі».

У выніку, як паведамілі ў ДАІ, на жыхара Гомелю (1986 г. н.) было складзена тры адміністрацыйныя пратаколы па артыкулах: «Пашкоджанне або забруджванне аўтамабільнай дарогі ці іншага дарожнага збудавання» (супрацоўнікам ДАІ), а таксама «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў» і «Дробнае хуліганства».

* * *

А вось грамадзяне маюць іншае бачанне сітуацыі.

Паводле аповедаў гаспадыні будынка Таццяны Рэпіч, якая ажыццяўляла прыборку, міліцыя прычапілася да грамадзянаў абсалютна беспадстаўна.

Таццяна Рэпіч:

— Мы прыбіралі дарогу. На бардзюры ляжаў снег. Таму атрымлівалася так, што калі кідалі снег на гэты вал, то камячкі ляцелі ўніз, то бок на дарогу. У гэты момант ехала міліцэйская машына і ў гукаўзмацняльнік супрацоўнік ДАІ сказаў: «Не кідайце на дарогу снег, хопіць чысціць».

Супрацоўнік ДАІ папярэдзіў гаспадароў дома, што яны будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці па прычыне таго, што нібыта забрудзілі аўтадарогу. Далей міліцыянт выйшаў з машыны і прапанаваў сыну спадарыні Таццяны праехаць у Другое аддзяленне міліцыі. Калі малады мужчына адмовіўся, капітан выклікаў кагосьці па рацыі на дапамогу. Вайсковы пенсіянер Анатоль Рэпіч стаў адной з ахвяраў закалоту.

Анатоль Рэпіч:

— Патрульная машына ДАІ ў гукаўзмацняльнік кажа: «Хопіць чысціць снег і кідаць яго на праезную частку. Ён акурат спыніўся насупраць мяне. Я яму кажу: выйдзі з машыны і пераканайся, куды я кідаю снег. Ён пачуў, выходзіць з машыны і кажа: мне няма да каго тут падыходзіць. Я адрэагаваў і сын таксама адрэагаваў троху ў грубай форме. Але мы што, не людзі? Не скажу, што ўсе супрацоўнікі ДАІ — нягоднікі. Сярод міліцыянтаў, перакананы, вельмі шмат годных людзей. Я сутыкаўся з такімі і па працы, і проста так. Заўжды пытанні вырашаліся, усё было добра. Але, як кажуць, няма роду без выроду.

Потым ніадкуль з’явіліся каля 9 міліцыянтаў. Яны накінуліся на гаспадароў дома і пачалі збіваць людзей. На малодшага Рэпіча чатыры міліцыянты апраналі кайданкі. Сведкай расправы над сваім мужам стала настаўніца англійскай мовы Яўгенія Рэпіч.

«Я была ў шоку ад таго, што дзеецца. Мы ж не злачынцы якія, што здзяйсняюць правапарушэнне. Мы працавалі ўсёй сям’ёй, каб людзям было нармальна хадзіць. Я б ніколі раней не падумала, што міліцыя можа паводзіць сябе такім чынам», — падзялілася ўражаннямі ад здарэння Яўгенія Рэпіч. Дзяўчыне ад усяго ўбачанага стала кепска. На відэа бачна, як яна страціла прытомнасць. Потым Яўгенію занеслі ў хату выпадковыя мінакі, што апынуліся побач.

Як распавёў Анатоль Рэпіч, ён прасіў людзей у форме не заламваць яму рукі, бо мае праблемы з храбтом. Але праваахоўнікі працягвалі збіваць і лупцаваць грамадзяніна па назе, спрабуючы паваліць на зямлю.

«Я сустракаўся з кіраўніцтвам гомельскай ДАІ. Усе адэкватныя і вельмі прыязныя людзі. Кіраўніцтва пастаянна выбачалася за паводзіны падначаленых. Я спадзяюся, што справядлівасць будзе. Безадказных міліцыянтаў, якія перавысілі службовыя паўнамоцтвы, трэба пакараць», — заўважыў Анатоль Рэпіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?