Анатоль Лябедзька: «Сваю пазiцыю я агучыў у красавiку летась, адразу пасля выхаду з СIЗА КДБ. Трэба канцэнтравацца не на чалавечых слабасцях, а на змене сiстэмы, якая прымушае iх праяўляць. Гэта наша мэта i галоўны прыярытэт».

Аляксандр Казулін: «Я лічу, што не варта абмяркоўваць Саннікава як слабога чалавека. Думаю, што толькі пару працэнтаў людзей змаглі б вытрымаць тое, што на яго навалілася. Я сам прайшоў падобны шлях, і скажу, што трэба мець моцную веру ў вышэйшае, каб ісці да канца. Асабіста для мяне падпісаць такое прашэнне было проста немагчыма, бо разглядалася б як здрада».

Уладзімір Някляеў: «Я буду рады, калі Андрэй Саннікаў, які быў маім саюзнікам на прэзідэнцкіх выбарах, выйдзе з-за кратаў на свабоду. Але прашэнне яшчэ не ёсць воляй. Таму я асцярожны ў каментарах, каб не нашкодзіць Саннікаву. Што насцярожвае? Тое, што прашэнне было падпісана даўно. І пра гэта не было ніякай інфармацыі. Мы ведаем, што Саннікаў прапаноўваўся на Захад як «палітычны тавар». Я не выключаю, што Лукашэнка, займеўшы прашэнне Саннікава, доўга маўчаў пра тое, бо хацеў забіць двух зайцоў. І адносіны змяніць, і грошы атрымаць.

Прашэнне Андрэй падпісаў не па сваёй волі. Гэта зразумела. Хутчэй за ўсё, асцерагаючыся за блізкіх людзей на волі. У вязніцы ты сядзіш на фізічных практыкаваннях, якія з табой праводзяць. Але самае страшнае — гэта псіхалагічны ціск.

Як лёс Саннікава павернецца далей? Мяркую, што Лукашэнку ў дадзеным выпадку не задаволіць прашэння. Маўляў, гэты ішоў свядома на некастытуцыйны пераварот. Таму хай ён сядзіць. Вось так можа апраўдвацца Лукашэнка».

Дзмітрый Ус: «Гэта яго права, яго ўчынак. Я шкадую, што так атрымалася, што не хапіла ў яго сілы духа. На яго ўскладалася столькі спадзяванняў. Калі Саннікаў адмовіўся ад сваіх ідэй, то гэта нешта ды значыць. Зламалі, атрымліваецца».

Наста Палажанка: «Саннікаў як быў для мяне годным і мужным чалавекам, так і застаўся. Спадзяюся, што ён хутка будзе дома са сваімі роднымі. Саннікаву цяпер важна ведаць, што мы як былі з ім, так і застаемся, мы падтрымліваем яго».

Аляксандр Атрошчанкаў: «Тое, што адбывалася ў СІЗА КДБ — гэта быў нечалавечы ціск. Мелі месца катаванні, пагрозы ў адносінах да Саннікава. Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі — сярэднявечнае дзікунства. Людзей павольна знішчаюць. Чаму яго так і не выпусцілі за гэтыя два месяцы? Мэта Лукашэнкі, як адзначыла Ірына Халіп, — не выбіць прашэнне, а знішчыць апанентаў, якіх ён баіцца».

Павел Севярынец: «Рэчы, якія робяць з сённяшнімі палітвязнямі нельга назваць інакш, як мярзота. Але перад Богам давядзецца адказаць усім, у тым ліку і Лукашэнку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?