Нацыянальны статыстычны камітэт абнародаваў памеры сярэдніх заробкаў беларусаў у снежні — 2 мільёны 877 тысяч рублёў (345 даляраў). У параўнанні зь лістападам заробкі павялічыліся амаль на 20%. А ў жыхароў сталіцы наагул сярэдні заробак амаль на мільён вышэйшы, чым у сярэднім па краіне, і на паўтара мільёна большы, чым у жыхароў Брэсцкай вобласці.

У лютым пенсіянерам паабяцалі павысіць пенсіі на 24%. Да чаго прывядуць такія павышэнні?

Эканаміст Леанід Злотнікаў перакананы, што пры такой фінансавай палітыцы дзяржавы паўторыцца сытуацыя 2011 года: ​​

«Нас папярэджвалі і з Усходу, і з Захаду, што нельга зараз павялічваць заробкі, бо няма з чаго. Трэба было ўстрымацца, але ж мы атрымалі пры канцы года даволі неблагія грошы — каля 4 мільярдаў даляраў, у асноўным ад Расіі. Пакуль гэтыя грошы ёсць, на 2, 3, 4 месяцы хопіць і заробкі падвысіць, і пенсіі.
А потым паступленняў такіх не чакаецца. І зноў пачнуцца праблемы, як гэта было летам 2011 года».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка што да падвышэньня заробкаў кажа:

«У нас ідзе неабгрунтаванае павышэнне заработнай платы, асабліва ў даляравым эквіваленце. І гэтае жаданне неяк сітуацыю палепшыць за кошт расійскага газу, больш таннага, і за кошт допуску да нафты (зараз у Нямеччыну мы прадалі нафты на 1 мільярд даляраў прыкладна) — гэта ўсё дрэнна».

Спадар Заіка ўзгадаў, як увосень Аляксандар Лукашэнка ўчыніў ураду разнос і загадаў прэм’ер-міністру Міхаілу Мясніковічу і віцэ-прэм’еру Сяргею Румасу да мая палепшыць сітуацыю. Леанід Заіка заўважыў, што тыя цяпер і выступаць па тэлебачаньні перасталі, і публічна выказвацца: ​​«Да мая Мясніковіч, так бы мовіць, не будзе звяртаць увагі — няхай плацяць колькі хочуць заробкаў, выдумляюць любыя лічбы. Гэта, дарэчы, падштурхоўвае інфляцыю — так званая інфляцыя выдаткаў. Да траўня ўрадоўцы дадуць справаздачу пра высокі ўзровень жыцця насельніцтва. Ну, а што потым? Да снежня Мясніковіч даседзіць, а потым пенсія.

Гэта нават не палітыка — гэта жаданне захаваць свае крэслы ў чыноўнікаў».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?