«Я поўнасцю падтрымліваю мэтанакіраваныя санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі», — заявіў Жан-Клод Міньён, выбраны старшынёй Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы на сесіі ПАРЕ ў Страсбургу.

Ён таксама падкрэсліў, што цалкам падтрымлівае рэзалюцыю і рэкамендацыі, прынятыя ПАРЕ 25 студзеня паводле вынікаў абмеркавання сітуацыі ў Беларусі.

Каментуючы рэкамендацыі ПАРЕ краінам — членам Рады Еўропы далучыцца да санкцый ЕС у Беларусі, Міньён падкрэсліў, што гэта мера з’яўляецца вымушанай.

«Нас не чуюць, таму трэба праяўляць цвёрдасць. Існы ў Беларусі рэжым праяўляе цвёрдасць са свайго боку і зусім не жадае ўлічваць тое, што яму кажуць. Варта шкадавання, што мы выйшлі на такі этап»
, — дадаў новы старшыня асамблеі.

На яго думку, з боку Еўропы было зроблена ўсё магчымае, каб наладзіць адносіны з афіцыйным Мінскам.

Міньён прывёў у прыклад свой асабісты вопыт зносінаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. «Я ў якасці французскага дэпутата сустракаўся чатыры разы з беларускім паслом у Парыжы для таго, каб абмеркаваць па сутнасці наяўныя пытанні.

Калі іх з ім абмяркоўваеш, узнікае адчуванне, што ўсё ў парадку, усё наладзіцца, а потым адбываецца супрацьлеглае таму, што нам гаварылі. Усё гэта азначае, што ў нейкі момант трэба сказаць: стоп, хопіць»,
 — лічыць кіраўнік ПАРЕ.

Пры гэтым ён адзначыў: ПАРЕ заўсёды жадала, каб Беларусь яе «пачула і дала пазітыўныя сігналы, паказала сваю добрую волю і пазітыўна адрэагавала на патрабаванні».

«І я шкадую, што Беларусь не пачула нас, і што сёння мы проста вымушаны заставацца на нашай пазіцыі, а менавіта — ліквідаваць статус спецыяльнага запрошанага для беларускага парламента і замарозіць любыя кантакты з Беларуссю, пакуль не будзе выкананы хаця б мінімум: увядзенне мараторыя на смяротную кару», — заявіў Міньён.

Выклікае шкадаванне і тое, што «сам народ Беларусі не рэагуе на такую пазіцыю адкату і ізаляцыі». «Усе хочуць, каб Беларусь да нас далучылася. І мы лічым, што заслугоўвае шкадавання той факт, што з-за пазіцыі кіраўніцтва краіны, якое ўпарта пазбягае дыскусій і рэформ, усё насельніцтва Беларусі пакутуе і на яго паказваюць пальцам. Гэта ж ненармальна», — перакананы Міньён.

Ён звярнуў увагу на пункт прынятай 25 студзеня рэзалюцыі, згодна з якім краіны — члены РЕ павінны выкарыстоўваць усе рычагі палітычнага і дыпламатычнага ўплыву, каб пераканаць Мінск у неабходнасці прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі.

Закранаючы праблему палітзняволеных, Міньён заявіў: «Неабходна пакласці канец рэпрэсіям у дачыненні да палітычных дзеячаў і вызваліць тых, хто знаходзіцца ў турме. У прынятай рэзалюцыі таксама гаворыцца аб нашай сур’ёзнай заклапочанасці абыходжаннем з палітзняволенымі. Акрамя таго, мы лічым неабходным пачаць расследаванне па ўсіх заявах аб прымяненні катаванняў падчас іх арышту і зняволення».

Адказваючы на пытанне аб магчымасці візіту ў Беларусь прадстаўнікоў ПАСЕ для азнаямлення з сітуацыяй на месцы, Міньён заўважыў, што трапіць у Беларусь для палітыкаў з Еўропы няпроста.

«Атрымаць візу практычна немагчыма. Калі нас не хочуць запрашаць у Беларусь, значыць, там штосьці хаваюць,
 — выказаў меркаванне кіраўнік ПАРЕ. — Ва ўсіх краінах, якія прызнаны дэмакратычнымі, дастаткова лёгка атрымаць візу для такіх візітаў. А атрымаць візу, каб паехаць у Беларусь, практычна немагчыма — прыкладна як паляцець на Месяц».

І ўсё ж Жан-Клод Міньён упэўнены, што «ўрэшце рэшт Беларусь заклікана стаць дэмакратычнай краінай і далучыцца да сям’і дэмакратычных краін Еўрапейскага кантынента». «Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб гэта адбылося», — падкрэсліў новы старшыня ПАРЕ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?