Тэлеканал «Беларусь 1» пачынае 30 студзеня паказ чарговага цыклу фільмаў аўтарскага дакументальнага праекта Алега Лукашэвіча «Эпоха», прысвечанага Напалеону Орду, паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Цыкл з чатырох фільмаў падрабязна прадставіць жыццё і творчасць вядомай асобы, у якой спалучалася шмат талентаў: мастака, музыкі, піяніста, кампазітара, пісьменніка, педагога, архітэктара, публіцыста, навукоўца.

Шырокую вядомасць яму прынеслі папулярныя альбомы відаў гістарычнай радзімы.
Напалеон Орда з’явіўся на свет ў маёнтку Варацэвічы (цяпер Янаўскі раён). У Янаве, у сямейным склепе, ён і пахаваны.
Здымачная група Белтэлерадыёкампаніі працавала над праектам на працягу двух гадоў і правяла здымкі ў Польшчы, Францыі, Беларусі 
— у месцах, якія памятаюць знакамітага земляка.

Сапраўднае адкрыццё было зроблена ў Францыі, дзе ўдалося знайсці прамых нашчадкаў Напалеона Орды. Тэлежурналістам прадставілі арыгінальныя фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы, якія захоўваліся ў сямейным архіве і дагэтуль не былі шырока вядомыя. Гледачы ўбачаць унікальны рарытэт — сямейны альбом Напалеона Орды, драўляную вокладку якога выразаў сам мастак. Захаваліся фота Орды і яго сваякоў.

Таксама знойдзены тэстамент мастака, складзены 20 красавіка 1883 года ў Варшаве.

Дакументальны праект «Эпоха Напалеона Орды» будзе дэманстравацца ад 30 студзеня да 2 лютага ў вячэрнім эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?