Упершыню ў Беларусі сістэма адзіных электронных квіткоў на ўсе віды гарадскога грамадскага транспарту будзе ўведзена ў Баранавічах, паведаміў выканаўца абавязкаў начальніка аддзела эксплуатацыі інфармацыйных сістэм РУП «Інфармацыйна-вылічальны цэнтр авіяцыі» Віталь Шкуратаў.

Да распрацоўкі сістэмы адзінага праязнога дакумента на праезд у грамадскім транспарце ў Беларусі ўжо прыступілі. Такі квіток будзе ўяўляць сабою бескантактавую пластыкавую картку. Пасажыр зможа выкарыстоўваць яе ў аўтобусах, тралейбусах, трамваях, метро.

Пры здзяйсненні паездкі карыстальнік прыкладвае картку да спецыяльнага электроннага кампосцеру, з яе спісваецца сродкі ў залежнасці ад адлегласці ці часу паездкі.
Пры гэтым будзе ўлічвацца тып транспарту і яго маршрут, адзначыў суразмоўца. Скарыстацца электронным квітком трэба будзе пры ўваходзе і выхадзе з транспарту. Калі ж баланс на картцы будзе нулявым, пасажыр зможа аплаціць праезд, купіўшы квіток у кіроўцы.
Усе электронныя кампосцеры будуць аб’яднаны ў сістэму, дзякуючы якой спецыялісты змогуць адсочваць усе перасоўванні пасажыраў.
Папоўніць баланс карткі можна будзе, змяніўшы яе на іншую ў касах або самастойна папоўніўшы ў інфакіёсках.

Чакаецца, што на працягу найбліжэйшых гадоў сістэма адзінага электроннага квітка на праезд у грамадскім транспарце ахопіць усе буйныя беларускія гарады. Першы такі праект будзе выкананы ў Баранавічах. «Да канца 2013 года мы павінны цалкам укараніць такую сістэму ў гэтым горадзе, — распавёў Віталь Шкуратаў. — Пасля новая сістэма ахопіць увесь грамадскі транспарт краіны, а ў перспектыве — і маршрутныя таксі, унутраныя міжгароднія перавозкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?