Прэм’ер-міністр Расіі на сустрэчы з ветэранамі ў Санкт-Пецярбургу 27 студзеня назваў Аляксандра Лукашэнку «паслядоўным прыхільнікам інтэграцыі».

«Павінен сказаць, што, нягледзячы на спрэчкі, якія ўзнікаюць час ад часу з беларускімі калегамі і сябрамі і з беларускім кіраўніцтвам, беларускае кіраўніцтва і Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч з’яўляюцца паслядоўнымі прыхільнікамі інтэграцыі. І мы гэта высока цэнім», — цытуе Пуціна РІА Новости.

Менавіта таму, растлумачыў кіраўнік урада, Расія лічыць неабходным «падтрымаць сёння беларускую эканоміку і беларускі народ».
Такія дзеянні прымаюцца «свядома, нягледзячы ні на якія спрэчкі і супярэчнасці, што часам узнікаюць», падкрэсліў Пуцін.

Паслядоўным прыхільнікам інтэграцыі ён лічыць і прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. «У межах трох краін мы шмат яшчэ можам зрабіць для нашых народаў — і для беларускага, і для казахстанскага, і для расійскага народаў. Упэўнены, будзем рухацца досыць энергічна», — заявіў Пуцін.

Нагадаем, 1 студзеня 2012 года на тэрыторыі Беларусі, Казахстана і Расіі пачала дзейнічаць Адзіная эканамічная прастора. У перспектыве краіны маюць намер стварыць Еўразійскі эканамічны саюз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?