У 2012 годзе Беларусь плануе экспартаваць не менш як 400 тыс. тон цукру. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 27 студзеня ў Мінску паведаміў старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка. Для параўнання: у студзені-лістападзе 2011 года было экспартавана 348,3 тыс. тон.

Паводле слоў Данчанкі, летась быў сабраны «незвычайны ўраджай цукровых буракоў». Калі з ураджаю 2010 года было выпрацавана 412 тыс. тон цукру, то з леташняга плануецца выпрацаваць 596–598 тыс. тон. У 2011 годзе на ўнутраным рынку было прададзена 446 тыс. тон. Запасы цукру на 1 студзеня 2012 года перавышаюць на 150 тыс. тон паказчык пачатку 2011 года.

Данчанка таксама адзначыў, што добры ўраджай дазволіць знізіць закупку цукру-сырцу з 456 да 200 тыс. тон. Старшыня канцэрна звярнуў увагу на добры ўраджай цукровых буракоў у Расіі і ва Украіне. Расія, паводле яго слоў, можа быць забяспечана сваім цукрам да новага ўраджаю. Аднак Беларусь згодна з дамоўленасцю паставіць у РФ 200 тыс. тон бураковага цукру.

Паводле інфармацыі Данчанкі, расіяне гатовы аддаць для беларускага цукру рынак цэнтральнага і паўночна-заходняга рэгіёнаў. Акрамя таго, цукар будзе пастаўляцца ў Казахстан, Кыргызстан, Малдову, Грузію і іншыя краіны каўказскага рэгіёну.

Разам з тым Данчанка паведаміў пра рэзкае зніжэнне экспартных цэн на цукар.
Так, калі Казахстан у снежні 2011 года закупляў цукар па 1.000 долараў за тону, то сёння — па 580–600 долараў, Расія — па 950 і 600–660 адпаведна. Аднак, зазначыў кіраўнік канцэрна, сальда знешняга гандлю цукрам і цукрам-сырцом будзе станоўчае.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?