Мінск, 27 студзеня. «З'яўленне такога аб'екта (АЭС. — БелаПАН.) ускладае на ўнутраныя войскі Рэспублікі Беларусь дадатковыя задачы. Для аховы атамнай электрастанцыі будзе створана новая часць», — заявіў камандуючы ўнутранымі войскамі Валерый Гайдукевіч у інтэрв'ю, размешчаным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

«Немагчыма пераацаніць той вопыт, якім валодаюць нашы калегі-расіяне ў гэтай сферы. Мы зараз плануем абмен дэлегацыямі па ахове асабліва важных аб'ектаў для вучобы на вопыце ў калег па тэхнічных сродках аховы. Упэўнены, з дапамогай ведаў, набытых у Расіі, мы зможам на належным узроўні арганізаваць ахову АЭС», — сказаў Валерый Гайдукевіч.

Упершыню інфармацыя пра тое, што для аховы знешняга перыметру беларускай АЭС ва ўнутраных войсках МУС будзе створана новая часць, з'явілася ў канцы 2009 года. Летам 2010 года было аб'яўлена: брыгада па ахове асабліва важных аб'ектаў павінна быць створана ў 2014 годзе.

Варта зазначыць, што зараз, у перыяд падрыхтоўкі да будаўніцтва АЭС, рэалізуецца шэраг рашэнняў па яе ахове, у тым ліку з пункту гледжання выкарыстання самых сучасных узбраенняў беларускай арміі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?