У Мінскім заапарку цеплалюбных жывёл перавялі ў закрытыя вальеры з ацяпленнем, каб выратаваць ад марознага зімовага надвор’я. Пра гэта 31 студзеня паведаміла малодшы навуковы супрацоўнік асветаддзела заапарка Таццяна Конанава.

«Усе цеплалюбныя жывёлы пераведзены ў закрытыя вальеры з ацяпленнем. Нашы жывёлы пераносяць зіму добра, маразы для іх не ўпершыню. Усе жывёлы, якія цяпер знаходзяцца на вуліцы, да маразоў прызвычаіліся. Яны і ў прыродзе спакойна іх пераносяць. Гэта зубры, ваўкі, амурскі тыгр, вярблюды», — паведаміла Конанава.

Паводле яе слоў, адмысловым вальерам могуць пахваліцца львы: ён у іх сумешчаны, што дазваляе жывёлам па жаданні выходзіць на вуліцу і вяртацца назад ў цёплае памяшканне з тэмпературай 15 градусаў Цэльсія.

Зімовы рацыён харчавання жывёл, адзначыла Конанава, большы за летні і складаецца з агародніны і садавіны, якія можна дастаць зімой у нашых шыротах, галоўным чынам гэта капуста, морква, буракі, апельсіны, бананы.

«Малпам даюцца вітаміны, буслам падсцілаецца спецыяльнае сена, каб не мерзлі лапкі, выстаўляюцца мяса і рыба ў цёплай вадзе», — сказала Конанава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?