1 лютага Украіна ўсё ж прыпыніла пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь. Як паведаміла вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю і СМІ дзяржаўнага вытворчага аб`яднання «Белэнэрга» Людміла Гардзей, прыпыненне выклікана выключна тэхнічнымі прычынамі.

Нагадаем, сёння ўкраінскі «КоммерсантЪ» паведаміў, што пастаўкі ў Беларусь і Малдову спыненыя 1 лютага з-за аварыі на ЛЭП у Запарожскай вобласці. Абрушэнне адбылося з-за таго, што часткі апоры былі адпілаваныя нелегальнымі зборшчыкамі металалому. Каб папоўніць дэфіцыт электраэнергіі на ўнутраным рынку, Украіна пачынае імпарт электраэнергіі з Расіі.

Раней прадстаўнік «Белэнэрга» заяўляў БелаПАН, што інфармацыя аб прыпыненні паставак не адпавядае рэчаіснасці, кантракт з украінскай кампаній «Усходэнерга» выконваецца няўхільна.

Аднак цяпер у «Белэнэрга» пацвярджаюць інфармацыю, распаўсюджаную «КоммерсантомЪ». «Украіна, у сувязі з моцнымі маразамі, якія выклікалі дэфіцыт электраэнергіі ў краіне, была вымушана тэхнічна прыпыніць пастаўкі ў Беларусь. Аднак кантракт, заключаны з ТАА „Усходэнерга“, працягвае дзейнічаць, ён выконваецца», — заявіла Гардзей.

У Беларусі разлічваюць, што пастаўкі адновяцца «пасля аднаўлення ва Украіне нармальнага тэмпературнага рэжыму». «Паводле нашых разлікаў, на гэта спатрэбіцца некалькі дзён», — сказала прадстаўнік аб`яднання.

Беларуска-ўкраінскі кантракт аб пастаўках электраэнергіі быў падпісаны ў сярэдзіне студзеня гэтага года. У 2012 годзе ТАА «Усходэнерга» павінна паставіць у Беларусь 1,5 млрд. кВт•гадз электраэнергіі. Яшчэ да 3,5 млрд. кВт•гадз можа быць імпартавана Беларуссю пры наяўнасці эканамічнай мэтазгоднасці.

Кантракт заключаны пры ўмове папярэдняй аплаты паставак. У «Белэнэрга» падкрэсліваюць: паколькі лютаўскія пастаўкі былі аплачаныя яшчэ ў студзені, няма ніякіх падстаў гаварыць аб тым, што імпарт можа быць спынены з-за прыпынення дзеяння кантракта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?