Сёньняшні Дзень абаронцаў Айчыны навеяў мілітарысцкі ўспамін.

Колькі часу таму давялося трапіць ў натаўскі штаб, што у бэльгійскім гарадку Монс.

На пытаньні журналістаў адказвала група іхніх афіцэраў.

Ну я вазьмі дый запытайся: як вы расцэньваеце сьцьверджаньне беларускага галоўнакамандуючага пра тое, што нашае войска — адно з самых баяздольных у Эўропе?

Натаўцы трохі сумеліся.

Потым адзін, канадыйскі марскі афіцэр (у іх жа там — інтэрнацыянал, і кожны ў сваіх пагонах), кажа: ведаеце, тут лепей не экспромтам адказваць. Варта мапы, даведнікі паглядзець. Ці мае ваша Беларусь выхады да мора, колькі ў яе фрэгатаў, падводных лодак і гэтак далей...

Канадыйскі марскі воўк адразу зьняў у мяне камень з душы.

Я зразумеў, што нашыя аматары страшыць з тэлевізара могуць трохі перавесьці дух. Вераломны монстр яўна не зьбіраецца нападаць на нас заўтра. Бо іначай бы трохі лепей вывучыў вайсковы патэнцыял гордае сухапутнае рэспублікі :)

Канешне, у НАТО ёсьць і большыя адмыслоўцы што да Беларусі. А ўвогуле, сказалі мне ў Монсе, каб аб'ектыўна ацаніць ваша войска, варта было б разам пагуляць ў вайну — то бок зладзіць сумесныя манэўры.

Але тут перашкоды, як вы разумееце, найперш палітычныя.

І нават, я сказаў бы, мэнтальныя.

Зрэшты, цяпер, калі нашае кіраўніцтва спрабуе ляцець на двух крылах, мо і зь вераломным монстрам трохі зблізімся?

Прынамсі, раскватараваная ва Ўруччы міратворчая рота сёлета мае ўзяць удзел ў міжнародных манэўрах. У Альбаніі :)

P.S. Аўтара гэтых радкоў, афіцэра запасу (на здымку зьлева), сталі раз-пораз выскубаць на манэўры падчас перабудовы, калі рэдагаваная ім тады газэта пачала пісаць на раней забароненыя тэмы кшталту нестатутных стасункаў у войску.

Давяральна тлумачылі: каб ня быў надта разумны :)

Фота з архіву аўтара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?