Гомельскі бізнесмен пазбавіўся грошай, якія невядомыя знялі з яго банкаўскай карткі ў Італіі.

Як паведаміў намеснік пракурора Чыгуначнага раёна Гомеля Уладзіслаў Журакоўскі, грошы былі зняты з рахунку ў той момант, калі бізнесмен знаходзіўся ў Гомелі. Праверка паказала, што грошы атрымалі ў невялікім італьянскім гарадку.

Паводле слоў Журакоўскага, восенню 2011 года дырэктар прыватнай фірмы Гомеля падчас падарожжа пабываў у Грэцыі, Польшчы і Германіі. У розных краінах ён расплачваўся пластыкавай карткай камерцыйнага банка. Пры гэтым у яго была падключана паслуга СМС-паведамлення пры зняцці грошай з рахунку.

«Калі ён вярнуўся з паездкі і знаходзіўся ў Гомелі, яму прыйшло на мабільны тэлефон паведамленне, што ў італьянскім гарадку з яго рахунку знята больш за 3,5 тыс. еўра.
Бізнесмен тут жа заблакаваў картку. Цікава, што ўжо пасля таго, як банк заблакаваў картку, былі зроблены яшчэ некалькі спробаў зняць з яе грошы, але ўжо з італьянскага Мілана», — пракаментаваў намеснік пракурора.
Дырэктар фірмы сцвярджае, што не быў у Італіі, у яго няма там знаёмых ці сваякоў і ён нікому не перадаваў дадзеныя свайго карт-рахунку ці пін-код карткі.

Аддзел Следчага камітэта па Чыгуначным раёне Гомеля распачаў 27 студзеня справу на падставе артыкула 212 КК (крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі). Вядзецца следства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?